«Мая камера стала зброяй». Як фатаграфія змагалася з дыктатурай Піначэта
Фатаграфія можа быць не толькі мастацтвам, але і формай супраціву. У часы дыктатуры Піначэта ў Чылі камера стала інструментам барацьбы з хлуснёй, страхам і забыццём — і за гэта фатографы плацілі свабодай і жыццём.

Мемарыял ахвярам дыктатуры ў Сант’ягa. Фота: Horowitz, Wikimedia Commons
Дыктатура Аўгуста Піначэта ў Чылі (1973–1990) лічыцца адной з самых жорсткіх у Лацінскай Амерыцы ХХ стагоддзя. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова зірнуць на статыстыку: афіцыйна 3 216 апазіцыянераў былі забітыя або зніклі без вестак. Больш за 40 тысяч чалавек прайшлі праз турмы, дзе сістэмна ўжываліся катаванні. Каля 200 тысяч чылійцаў былі вымушаныя эміграваць па палітычных матывах.
Нягледзячы на дзяржаўны тэрор, грамадства спрабавала супраціўляцца. Ва ўмовах цэнзуры, рэпрэсій і насаджанай дзяржавай хлусні звычайная фатаграфія стала магутным інструментам — для публікацыі праўды, патрабавання справядлівасці і захавання памяці пра рэпрэсаваных.
Усё пачалося з акцый мастака Эрна Парады. У 1974 годзе агентамі таемнай паліцыі быў выкрадзены яго брат Алехандра. У адказ Парада вырашыў змагацца творчымі сродкамі. Ён выходзіў на вуліцы Сант’яга з фотапартрэтам брата, а ў некаторых выпадках надзяваў маску, зробленую з ксеракопіі гэтага партрэта. Парада таксама з’яўляўся каля будынкаў прэзідэнцкага палаца і ўраду. Гэта быў акт асабістай і калектыўнай жалобы, які ператвараў вуліцы горада ў месца памяці ахвяраў дыктатуры.
Прыкладна ў той жа час фатограф Вікарыяту Луіса Навара стварыў архіў «Вікарыяту салідарнасці»: ён і яго калегі збіралі фатаграфіі зніклых і рэпрэсаваных чылійцаў — часта маленькія, дрэннай якасці, напрыклад з дакументаў. З цягам часу гэты архіў стаў ключавым інструментам сістэматызацыі сведчанняў пра гвалтоўныя знікненні людзей.

Жанчыны, чые сваякі зніклі без вестак, праводзяць дэманстрацыю перад урадавым палацам падчас ваеннага рэжыму Піначэта. Фота Kena Lorenzini - Museum of Memory and Human Rights, commons.wikimedia.org
У 1981 годзе ў Сант’яга была створана Асацыяцыя незалежных фатографаў (AFI), сябры якой, рызыкуючы жыццём, дакументавалі рэпрэсіі. Фатографы AFI лічылі камеру зброяй супраць хлусні рэжыму. Як казаў адзін з іх: «Мая камера стала зброяй».
У адказ рэжым вырашыў закруціць гайкі. У 1984 годзе была выдадзена спецыяльная пастанова, якая ўводзіла папярэднюю цэнзуру для незалежнай прэсы. Рэдакцыі абавязваліся за 24 гадзіны да друку перадаваць уладам копіі тэкстаў і фотаматэрыялаў для атрымання дазволу.
Нягледзячы на ціск, журналісты і фатографы знайшлі крэатыўныя спосабы абыходу цэнзуры. Калі публікацыя фатаграфій стала немагчымай, часопісы пакідалі на старонках пустыя рамкі з подпісамі кшталту «Тут павінна быць фатаграфія». Адсутнасць выявы ператваралася ў самастойную палітычную заяву. Выданні таксама замянялі фатаграфіі знакамі пытання, «складалі» іх з тэксту або публікавалі моцна размытыя выявы, падкрэсліваючы немагчымасць паказаць праўду.
Як лічыцца, праз міжнародны ціск гэтае распараджэнне было адменена ўжо праз некалькі дзён.
Праца AFI была звязаная з пастаяннай небяспекай: фатографы падвяргаліся пераследу, збіццям і турэмнаму зняволенню. Маштаб рызыкі ілюструе трагедыя 19-гадовага фатографа Радрыга Рохаса.
2 ліпеня 1986 года Рохас фатаграфаваў нацыянальную акцыю пратэсту супраць дыктатуры. Разам са студэнткай ён быў затрыманы вайсковым патрулём. Іх збілі, аблілі бензінам, падпалілі і кінулі ў канаве. Радрыга Рохас памёр праз чатыры дні ад апёкаў, якія пакрывалі каля 90 % яго цела.
Гісторыя шакавала чылійскае грамадства. Піначэт публічна заявіў, што Рохас і студэнтка нібыта выпадкова падпалілі сябе, несучы «кактэйлі Молатава». Аднак у гэта не паверылі. Забойства выклікала міжнародны скандал такой сілы, што амбасадар ЗША дэманстратыўна наведаў пахаванне Рохаса.

Mosaico Rodrigo Rojas de Negri, аўтар Gatotienesueño, ліцэнзія CC BY-4.0 (Wikimedia Commons)
Трагедыя Рохаса стала самым жорсткім пацвярджэннем небяспекі, якой штодня падвяргаліся фотажурналісты, што супраціўляліся дыктатуры. У гэтым сэнсе Рохас лічыцца мучанікам незалежнага фотаруху — не толькі ў Чылі, але і далёка за яе межамі. Некаторыя еўрапейскія рок-музыкі прысвяцілі яму свае творы.
Пасля падзення дыктатуры напрацоўкі апазіцыйных фатографаў аказаліся запатрабаванымі. Архіў «Вікарыяту салідарнасці», вядомы ў народзе як «Фундамент памяці», стаў асновай для працы парламенцкай камісіі па ўстанаўленні ахвяр рэжыму і іх рэабілітацыі.
Адбыўся прарыў і ў справе Рохаса. Доўгі час вайскоўцы, датычныя да забойства, калектыўна адмаўляліся прызнаваць адказнасць. Аднак у 2010-х гадах адзін з удзельнікаў патруля парушыў «дамову маўчання» і даў паказанні супраць камандзіраў.
У сакавіку 2019 года суд прызнаў 11 былых вайскоўцаў вінаватымі ў забойстве фатографа. Трое галоўных абвінавачаных атрымалі па 10 гадоў турэмнага зняволення.