У Мінску з’явіўся чат-бот для даносаў. Хронікі рэпрэсій 10 снежня

Мінгарвыканкам запусціў тэлеграм-бот, праз які можна скардзіцца на «праблемы ў ідэалагічнай сферы». Сёння праваабаронцы паведамілі пра прызнанне яшчэ дзесяці чалавек палітычнымі зняволенымі.

1_1097_1.png

У Мінску створаны чат-бот для даносаў

Мінгарвыканкам запусціў чат-бот у Telegram для паведамленняў аб «праблемных пытаннях у ідэалагічнай сферы». Пра гэта 10 снежня паведаміла выданне «Позірк».

«Заўважылі нездавальняючы стан дзяржсімволікі, фэйкі і скажэнне гістарычных фактаў або сталі сведкам распаўсюджвання дэструктыўных матэрыялаў і інш. — паведаміце пра гэта!», — гаворыцца ў сумесным рэлізе Мінгарвыканкама і інфармагенцтва «Мінск-Навіны», заснавальнікам якога выступае выканкам.

Карыстальнікам прапануюць перайсці ў чат-бот «ідэалагічная інспекцыя», «апісаць праблему і прымацаваць фота ці відэа». Паведамленні абяцаюць «апрацоўваць кампетэнтныя службы», а сам бот, паводле аўтараў ініцыятывы, мусіць «зрабіць ідэалагічную прастору Мінска яшчэ лепшай».

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 10 чалавек

Праваабаронцы апублікавалі сумесную заяву, у якой прызналі палітычнымі зняволенымі Паўла Вераскоўскага, Аляксандру Дуброўскую, Марыну Храмцову, Андрэя Вяроўкіна, Аляксея Ягелу, Вольгу Строеву, Дзмітрыя Малахава, Канстанціна Мядзведзева, Леаніда Молахава і Наталлю Дароніну.

Усе яны былі пазбаўлены волі ў сувязі з абвінавачаннямі ва «ўзаемадзеянні з экстрэмісцкімі фармаваннямі».