Моладзь — «наша будучыня», але грошай на яе няма і не будзе

Ой, а што здарылася? Зноў няма грошай? Зноў прыйдзецца зацягваць паясы? Лукашэнка яшчэ раз зазначыў, што ў беларускай дзяржаве занадта шмат ільготаў, і эканамічная мадэль столькі не пацягне. Але чаму яна не пацягне? І хто ў гэтым вінаваты?

_belarus_zyccjo_ekanomika_handal_rynak_fota_novy_czas.jpg

Гэтым разам грошай не хапае на моладзь. На тое, што Лукашэнка называе «нашай будучыняй», і для каго ён нібыта ўсё вось гэта робіць. Нагодай для чарговага разносу Лукашэнкі стаў праект указа «Аб мерах падтрымкі моладзі».

Лукашэнка зноўку раскрытыкаваў чыноўнікаў за частыя прапановы ўвесці льготы і аказаць дзяржпадтрымку. «Я не да таго, каб не дапамагаць моладзі. Моладзь — наша будучыня, і ёй трэба дапамагчы. Давайце канкрэтна скажам, у чым мы павінны дапамагчы моладзі. І паставім на гэтым кропку. Мы павінны стварыць умовы, каб моладзь зарабіла», — сказаў ён.

Ён дадаў, што ўсе льготы ці меры падтрымкі павінны быць пралічаныя і абгрунтаваныя. «І калі мы нейкай катэгорыі нашага грамадства аказваем дапамогу і падтрымку, мы павінны разумець, што гэта — за кошт тых, хто працуе… Хутка гэтыя 4 млн працоўных сагнуцца, на карачкі стануць і будуць целяпацца. Мы ім не зможам заробак нармальны плаціць. Хто будзе працаваць? Адкуль возьмем грошы? У нас гэтыя льготы няма чым льгатаваць. А тыя, хто сёння працуе, вы што, гатовыя са свайго заробку палову ўзяць і аддаць на льготы камусьці? Не гатовыя. Давайце вяртацца да рэалій сённяшняга дня і разумець, чаго гэта каштуе», — заявіў ён.

З аднаго боку, Лукашэнку можна зразумець. Сапраўды, усе льготы і субсідыі ідуць за кошт тых, хто працуе, — за кошт падаткаў у бюджэт. Але з іншага боку можна і падумаць, на што накіраваны намаганні Лукашэнкі. Ён гаворыць не пра дапамогу, не пра адукацыю, не пра медыцыну, не пра іпатэку, урэшце. Ён гаворыць пра тое, каб «стварыць умовы, каб моладзь зарабіла».

Але хіба гэта дапамога? Згодна з артыкулам 2 беларускай Канстытуцыі, «Дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і дастойнага развіцця асобы». То-бок тое, што прапануе Лукашэнка моладзі — стварыць умовы, каб яна зарабляла, — гэта не льготы, гэта абавязак дзяржавы перад сваімі грамадзянамі.

Так што Лукашэнка тут хвалюецца не пра моладзь і не пра льготы. Ён сапраўды занепакоены, і занепакоены менавіта тым, што «не зможа заробак нармальны плаціць». Таму што грошы ўзяць няма адкуль. Таму што ўся эканоміка сядзела на крэдытах і расійскіх датацыях. А гэтыя датацыі заканчваюцца, бо заканчваюцца магчымасці самой Расіі.

А без Расіі ў нас, аказваецца, нічога не расце. Паводле звестак Белстата, ВУП Беларусі вырас у студзені-верасні на 1,6%. Прычым, тэмпы росту не змяніліся ў параўнанні са студзенем-жніўнем. То бок, у верасні ВУП склаў каля 0%.

У цэлым у трэцім квартале ВУП краіны вырас на 0,8% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Як ацэньвае даследчы цэнтр BEROC, калі такія тэндэнцыі захаваюцца, то выніковы прырост беларускай эканомікі ў гэтым годзе складзе 1,5-1,8%. Пры планавым паказчыку ў 4,1%.

І нас не выратуе нават бензінавы крызіс у Расіі. Мы ўжо пісалі, што некаторыя ў Маскве хацелі б, каб Беларусь пастаўляла ў Расію да 300 тысяч тон бензіну ў месяц. Здавалася б, пры двух нашых нафтаперапрацоўчых заводах, афіцыйная магутнасць якіх была заяўлена ў прыкладна 21 млн тон нафты на год, — толькі давайце нам нафту, і мы з яе зробім бензін! Але…

У BEROC падлічылі нашу пікавую вытворчасць бензіну — каля 350–400 тысяч тон на месяц. Унутранае спажыванне краіны — прыкладна 100 тысяч тон, а ёсць і доўгатэрміновыя экспартныя кантракты. Патэнцыял паставак у Расію — 100-150 тысяч тон на месяц, то-бок у два разы менш, чым разлічваюць у Крамлі.

Дарэчы, гэты бензінавы крызіс нарэшце распавёў нам пра рэальныя магутнасці нашых НПЗ. Бо раней мы атрымлівалі ад Расіі прыкладна 18 мільёнаў тон льготнай нафты на год, нібыта на перапрацоўку. Цяпер, калі Расіі спатрэбіўся бензін, аказваецца, мы можам выдаць па максімуме каля 5 млн тон паліва. Улічваючы, што з тоны нафты па тым жа максімуме атрымліваецца прыкладна 360 кг бензіну, аб'ём нашай перапрацоўкі — 13-14 млн тон нафты на год.

Увага, пытанне: куды штогод дзяваліся яшчэ 4-5 мільёнаў тон расійскай нафты?

А гэта і быў «эканамічны цуд» Лукашэнкі, калі нафту мы атрымлівалі нібыта на НПЗ, а потым штурхалі яе на Захад пад выглядам «растваральнікаў» — не перапрацоўваючы. А цяпер расійская нафта пад санкцыямі, і «эканамічны цуд» скончыўся. Як вынік узнікаюць страхі пра тое, што «мукі застанецца на тры дні».

Дарэчы, пра муку і яе кошт. BEROC мяркуе, што ў кастрычніку гадавы паказчык росту цэн складзе 7-7,3%. Пры прагнозным паказчыку інфляцыі на год «не вышэй за 5%».

Дык што ж рабіць? Як знайсці грошы? Адказ на гэтае пытанне ёсць, і ён ёсць ужо даўно: працаваць бясплатна! 25 кастрычніка ў Беларусі пройдзе чарговы рэспубліканскі суботнік. 50% сродкаў, заробленых на ім, пойдуць на будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі і стварэнне яго пастаяннай экспазіцыі. А астатнія 50% будуць перададзеныя ў распараджэнне аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама «з магчымасцю іх накіравання на канкрэтныя аб'екты».

Ведаючы наш урад, можна з вялікай доляй упэўненасці меркаваць, якія гэта будуць аб'екты. Мы ў чарговы раз падтрымаем стратныя прадпрыемствы.

А каб мы ўсяго гэтага не заўважалі, нам у чарговы раз скормліваюць вобраз «знешняга ворага». Першы намеснік старшыні КДБ Сяргей Церабоў на Трэцяй канферэнцыі СНД па процідзеянні тэрарызму і экстрэмізму, якая праходзіць у Душанбэ, заявіў, што на тэрыторыі Еўрасаюза нібыта рыхтуецца «вызваленчая армія» для сілавога захопу ўлады ў Беларусі.

«Істотныя рызыкі для нацыянальнай бяспекі краіны нясе падрыхтоўка праціўнікам сілавога кампанента для захопу ўлады, у тым ліку шляхам стварэння так званай беларускай вызваленчай арміі на тэрыторыі Еўрасаюза. Па задумах апанентаў улады яна павінна быць сфарміравана па стандартах НАТА і складацца з трох брыгад агульнай колькасцю ад 9 тысяч да 15 тысяч чалавек», — заявіў Церабоў.

Давайце яшчэ трошкі матэматыкі. Па заяве Лукашэнкі ў 2023 годзе колькасць беларускай арміі складала 75 тысяч чалавек. Пры гэтым прыкладна 15 тысяч — грамадзянскі персанал. Атрымліваецца, што «тры брыгады беларускай вызваленчай арміі» — гэта ў 4-6 разоў менш, чым армія РБ. Здавалася б, пра што турбавацца?

Але не, КДБ палохае. Можа быць, яны проста ведаюць, што 60 тысяч чалавек беларускай арміі пры першым жа баявым сутыкненні з радасцю здадуцца ў палон?