Топ-10 фільмаў Мантгомэры Кліфта

Цудоўны актор пабачыў сьвет у 1920 годзе і пражыў усяго 45 гадоў. За кароткую кар'еру ён пасьпеў зьняцца менш чым у дваццаці стужках, аднак атрымаў 4 намінацыі на «Оскар» за сваё майстэрства ў кадры. Згадаем Кліфта, чый дзень памяці адзначаўся нядаўна. Мы склалі аўтарскі сьпіс з лепшых стужак актора. Прыемнага прагляду!

Мантгомэры Кліфт

Мантгомэры Кліфт

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. Пошук (The Search). 1948

the_search.jpg

Фрэд Цынэман паказвае наступствы Другой сусьветнай вайны з дакумэнтальнай жорсткасьцю. Гэта першы амэрыканскі фільм, які зьнялі на нямецкай зямлі пасьля нядаўніх баёў. Рэаліі, сапраўдныя лакацыі, а не створаныя дэкарацыі ўражваюць сваім напамінам пра жахі.

Мантгомэры Кліфт выконвае ролю жаўнера, які знаходзіць згубленага чэшскага хлопчыка. Адчуваецца, што ён больш слухае, спрабуе ўпітаць у сябе больш, чым проста выканаць ролю. Упартая вера некаторых у тое, што трохі чалавечай увагі можа аднавіць разбураны сьвет – спрацоўвае, таму што актор увасабляе яе без патасных прыёмаў. Пасьля выратаваньня жыцьця надыходзіць новы этап – пошук сапраўдных бацькоў дзіцяці.

Нумар 9. Спадкаемца (The Heiress). 1949

the_heiress.jpg

Гістарычная стужка Ўільяма Ўайлера знаёміць гледачоў з вечнай гісторыяй, у якой пераплятаюцца грошы, пачуцьці, падман і вера. Герой Мантгомэры Кліфта у фільме заляцаецца да гераіні Алівія дэ Хэвілэнд, з цяплынёй і бляскам, але трымае дастатковую дыстанцыю, каб гледачы задумаліся, чаго ён насамрэч прагне. Бацька гераіні лічыць, што той кінуў вока не на жанчыну, а на яе грошы, што павінна дастацца ёй пазьней.

Але герой Кліфта не выкрывае перад намі свае злачынныя намеры або невінаватасьць, ён дазваляе сумневам жыць. Гісторыя, якая можа адбыцца ў любую эпоху, зьдзяйсьняецца ў нас на вачах.

Нумар 8. Маладыя львы (The Young Lions). 1958

the_young_lions.webp

Ваенная эпапея пра трох абсалютна розных людзей, якую зьняў Эдвард Дзьмітрык. Адзін зь іх – нацыст, у шыкоўным выкананьні Марлона Брандо, іншы – герой мюзіклаў, якога закінула на вайну, у выкананьні Дзіна Марціна, а таксама малады габрэй, якому карціць даказаць усяму сьвету ад непахіснасьці адплаты за злачынствы. Ролю габрэя выканаў Мантгомэры Кліфт.

Стужка дае звышпераканаўчыя часткі фільма, якія распавядаюць пра кожнага зь іх. Яны былі, як маладыя львы, там, недзе раней, напачатку ўсяго. Але цяпер кожнага зь іх трансфармавала жыцьцё, зьмяніла сьмерць навакол. Напрыканцы ён належыць сутыкнуцца. Што прынясе лёс для кожнага з гэтых герояў?

Нумар 7. Непрытуленыя (The Misfits). 1961

the_misfits_1.webp

Гэтая стужка ахутаная містыкай. Менавіта гэты фільм стаў апошнім для Мэрылін Манро. Пасьля яна яшчэ пасьпела зьняцца ў некалькіх сцэнах іншай карціны, але яна так і не была скончаная ў сувязі са сьмерцю Мэрылін. Больш за тое, выканаўца галоўнай ролі ў Непрытуленых Кларк Гэйбл (той самы са Зьнесеных Ветрам) у апошні дзень здымкаў заявіў:

Божа Езусе! Я шчасьлівы, што гэты фільм нарэшце зьняты. Яна (Манро) давяла мяне да сардэчнага прыступу”. На наступны дзень у Кларка Гэйбла быў інфаркт і праз некалькі дзён ён памёр.

Іншы зорны ўдзельнік стужкі – Мантгомэры Кліфт не на шмат перажыў сваіх калегаў, ён памёр праз некалькі гадоў у самым росквіце сілаў і кар’еры ад алкаголя і наркотыкаў.

Што да ўласна фільма – гэта добры прадстаўнік жанру вэстэрн, які зьняў Джон Х’юстан. Па сюжэту гераіня Манро падчас працэсу развода сустракае ў каўбойскім гарадку новую сяброўку і рознага кшталту мужчынаў з кольтамі і вялікімі капялюшамі.

Адразу пасьля здымкаў фільма быў скончаны працэс разводу Манро са сваім трэцім мужам, сцэнарыстам Непрытуленых, Артурам Мілерам.

Нумар 6. Месца пад сонцам (A Place in the Sun). 1951

a_place_in_the_sun_1.webp

Фільм Джорджа Стывенса зьяўляецца кінаадаптацыяй рамана Тэадора Драйзэра «Амэрыканская трагедыя». Дзевятнаццацігадовая Элізабэт Тэйлар здымаецца разам з Мантгомэры Кліфтам, які грае маладога чалавека, што разрываецца паміж сваімі амбіцыямі і сэрцам. Вобраз Элізабэт – дзяўчына з асьляпляльнай прыгажосьцю і шыкоўным сацыяльным становішчам, становіцца ўвасабленьнем амэрыканскай мары для персанажа Кліфта.

Гэта стварае глебу для трагічнага і ў пэўных момантах рамантычнага трохкутніка. Бо ёсьць яшчэ і больш сьціплая, з пралетарыяту, як тады б сказалі, гераіня ў бліскучым выкананьні Шэлі Ўінтэрз. Менавіта яна становіцца нейкага кшталту «суцяшальнай узнагародай» галоўнага героя пасьля няўдачы з гераіняй Тэйлар. Але калі справы маладога чалавека маюць усе шансы прынесьці багаты плён і дэвідэнты, яго «запасны аэрадром», гераіня Ўінтэрз зацяжарвае.

Цудоўная і адначасова страшэнная драма.

Нумар 5. Я спавядаюся (I Confess). 1953

i_confess.jpg

Гэта не самая моцная, але вельмі цікавая драма Альфрэда Хічкока. Дзеяньне фільма адбываецца ў Квэбэку ў Канадзе. Мантгомэры Кліфт грае каталіцкага сьвятара, які апынаецца ўсярэдзіне парадокса. Да яго на на споведзь прыходзіць чалавек, і адкрывае, што ён зьдзейсьніў забойства. Хутка распачынаецца бурлівы вір падзеяў, калі падазрэньне падае на самога сьвятара.

Той ведае хто забойца, але пячатка споведзі забараняе яму казаць. Хічкок праз камеру нібы прамаўляе: «Проста скажы гэта». Кожны кадр пытаецца, ці можа маўчаньне быць гераічным. Фінал гісторыі, як вы можаце здагадацца, зусім не ясны амаль да самага канца.

Нумар 4. Адгэтуль і назаўжды (From Here to Eternity). 1953

from_here_to_eternity_3.png

Фільм Фрэда Цынэмана пра імклівую рысу, якая падзяляе жыцьця да і пасьля пачатку вайны. Мы бачым апошнія дні няпярэдадні ўваходу ў вайну Злучаных Штатаў, калі ў людзей працягваецца самае звычайнае, што напаўняе іх штодзённасьць.

Бэрт Ланкастэр, Мантгомэры Кліфт, Фрэнк Сінатра, Дона Рыд — усе яны выконваюць такія ролі, якімі ганарыўся б любы іншы актор да скону. Рамантычныя адносіны па-за законам, сяброўства, высакароднасьць, адвага і жорсткасьць аб'ядноўваюцца ў адной раскошнай пастаноўцы. Сцэны мірнага жыцьця пераходзяць у фатальныя сцэны абароны, якія немагчыма глядзець без сьціснутага сэрца.

Нумар 3. Чырвоная рака (Red River). 1948

red_river.webp

Клясычны, манумэнтальны, рашучы – можна такімі словамі апісаць вэстэрн ад Ховарда Хоўкса, у якім чарговы раз на дарогі Дзікага захаду трапляе нага вялікага героя вэстэрнаў Джона Ўэйна. Разам зь ім у адном з першых сваіх фільмаў, зьяўляецца малады Мантгомэры Кліфт. На экране яны ўвасабляюць зусім розныя пакаленьні кіназорак і герояў вэстэрну. Калі Ўэйн выглядае такім патрыярхам, дык Кліфт спрабуе ўжыцца ў ролю бунтара.

Недзе на фоне мы маем рамантычную лінію, якая, вядома, адыходзіць на другі плян, калі перад намі зьяўляюцца тысячы і тысячы знакамітых тэхаскіх кароваў. Як і належыць каўбоям, Уэйну і Кліфту неабходна перагнаць статкі з аднаго месца на іншае. Па дарозе адбываюцца сутыкненьні, на якія ніхто не разьлічваў.

Нумар 2. Нюрнбэргскі працэс (Judgment at Nuremberg). 1961

judgment_at_nuremberg_6.jpg

Сапраўдны вырак для нацысцкіх злачынстваў з боку кінематографу. Стужка Стэнлі Крамэра літаральна ўбіла апошні цьвік у труну страшэнных забойцаў часоў Другой сусьветнай вайны. Неверагодна моцны акторскі склад, у якім зьзялі Спэнсэр Трэйсі, Максымільян Шэл, Марлен Дзітрых, Бэрт Ланкастэр, Мангомэры Кліфт і іншыя, стварыў фантастычную атмасфэру прысутнасьці на неабходным і гістарычным судовым працэсе. У тым самым Нюрнбэргу, дзе адбываліся зьезды НСДАП у час Гітлера, судзілі нямецкіх злачынцаў, якія былі адказныя за мільёны і мільёны жыцьцяў.

Стужка неверагодным чынам паказвае сапраўднае аблічча нацысцкіх дзеячаў. Але таксама і скрыўленую спробу адмаўчацца, схавацца за фіранкай «недасьведчанасьці», як зрабіла гераіня Марлен Дзітрых, нямецкая фраў, што даводзіла, што «простыя немцы нічога ня ведалі пра канцлягеры і забойствы габрэяў».

Фільм вас уразіць глыбінёй і праўдзівасьцю.

Нумар 1. Зьнянацку, летась (Suddenly, Last Summer). 1959

suddenly__last_summer_4.webp

У кінематографе, які ўвесь час зьмяняецца, лёгка забыць манумэнтальныя фільмы, якія вытрымалі выпрабаваньне часам. Адной з такіх пярлінаў зьяўляецца гэтая захапляльная драма Джозэфа Л. Заснаваны на п'есе знакамітага Тэнэсі Уільямса, фільм можа пахваліцца суперзорным акторскім складам, з Кэтрын Хёпбэрн на чале.

Дзеяньне стужкі разгортваецца на фоне сьпякотнага лета ў Новым Арлеане, вакол закручанай і заблытанай сямейнай сагі, якая разгортваецца як наўпрост, так і ў рэтраспектыўных урыўках. У цэнтры — магутная гераіня Кэтрын Хёпбэрн і яе пляменьніца ў шыкоўным выкананьні Элізабэт Тэйлар.

Іх вельмі складаныя адносіны яшчэ больш ускладняюцца прысутнасьцю псыхіятра, якога грае Мантгомэры Кліфт, які павінны ацаніць стан пляменьніцы пасьля таямнічай сьмерці сына гераіні Хёпбэрн.

Акторы на вышыні сваіх здольнасьцяў кожную хвіліну прымушаюць гледачоў захапляцца гэтым шэдэўрам.

Прыемнага прагляду!