Вярхоўны суд адхіліў апеляцыю па «ліст.бел». Хронікі рэпрэсій 4 снежня

 Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуды фігурантам справы «ліст.бел», у краіне працягваюцца прысуды па «справе Гаюна», забароны на прафесіі і новыя меры для людзей з палітычнымі абвінавачаннямі. 

1_1097_1.png

Апеляцыя па справе «ліст.бел» адхіленая

Вярхоўны суд пакінуў без змены прысуд суда першай інстанцыі па справе сэрвісу «ліст.бел», паведамілі ў Генпракуратуры.

У жніўні па гэтай справе былі асуджаныя:

Аляксандр Лыкшын — 3 гады і 7 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

Аляксандр Мазур — 3,5 года калоніі;

Павел Каранюхін — 3,5 года калоніі.

Кожнаму прызначылі штраф у памеры 1000 базавых велічынь.

«Ліст.бел» быў сэрвісам для адпраўкі лістоў зняволеным. Паводле Генпракуратуры, яго мэтай нібыта было «рэабілітаваць» асуджаных і «спрыяць экстрэмісцкай дзейнасці».

Два гады «хатняй хіміі» прадпрымальніку з Мікашэвічаў

52-гадовы жыхар Мікашэвічаў, былы палітвязень Андрэй Орла, атрымаў два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Артыкул абвінавачання афіцыйна не паведамляецца.

Орлу затрымалі 18 чэрвеня 2025 года — паводле інфармацыі «Берасцейскай Вясны», за лайк ці каментар пасля нападу Расіі на Украіну.

Мужчына правёў 5,5 месяцаў у СІЗА КДБ і цяпер ужо дома.

Як мінімум 124 чалавекі пад вартай па «справе Гаюна»

Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць пра як мінімум 124 чалавекі, змешчаных пад варту па «справе Гаюна».

Затрыманні працягваюцца па ўсёй краіне. Частку людзей адпускаюць да суда пад залог, але многіх накіроўваюць у СІЗА.

Прысуды таксама адрозніваюцца: ад «хатняй хіміі» да калоніі ва ўмовах розных рэжымаў.

Асуджаным па палітычных артыкулах забаранілі працаваць аўдытарамі

Новая версія Палажэння аб парадку атэстацыі аўдытараў уводзіць забарону на работу ў прафесіі для людзей, асуджаных па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку:

арт. 342 — «дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак»;

арт. 361-2 — «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»;

арт. 361-4 — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»;

арт. 369-1 — «дыскрэдытацыя Беларусі»;

арт. 369-2 — незаконнае атрыманне або выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі.

Фактычна гэта закрывае шлях у прафесію для многіх людзей, якія праходзілі па палітычных справах.