Топ-10 містычных фільмаў
Канец кастрычніка звычайна зьвязаны з нечым асабліва містычным. Шмат хто адзначае Дзень усіх сьвятых і Дзяды, а іншыя гуляюць з нячыстымі сіламі падчас Хэлоўіна. Мы склалі аўтарскі сьпіс з дзесяці лепшых стужак, які дапамогуць настроіцца на гэты перыяд. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Дракула (Dracula). 1992

Экранізацыя клясычнага рамана Брэма Стокера ад Копалы зьяўляецца бадай што найлепшай вэрсіяй знакамітага сюжэту. У ролі галоўнага вампіра — Гары Олдман, у акторскім складзе таксама Вайнона Райдэр, Кіану Рыўз і Энтані Хопкінс. Копала стварае яскравы, пачуцьцёвы сьвет вампіраў, які нагадвае пра дэкаданс і жах гісторыі канца ХІХ ст.
Асноўным недахопам стужкі можна пазначыць героя Кеану Рыўза, ён, як і ў шматлікіх іншых сваіх акторскіх працах, зьяўляецца драўляным і амаль безэмацыйным.
Фрэнсіс Форд Копала дазволіў сабе зрабіць адыход ад кананічнага тэксту і дадаў перадгісторыю Дракулы, адначасова пераасэнсаваў лініі некаторых асноўных герояў. Аматарам гатычных фільмаў карціна прыйдзецца даспадобы.
Нумар 9. Шостае пачуцьцё (The Sixth Sense). 1999

Калі вам падабаецца разгадваць загадкі разам з героямі фільмаў – гэта акурат ваш выбар. У хлопчыка ўзьнікае дзівоснае новае пачуцьцё, якое не дазваляе яму існаваць як астатнія дзеці. Ён бачаць прывіды калісьці забітых людзей, што жадаюць нейкага супакою для сябе, але тым самым яны робяць жыцьцё галоўнага героя невыносным. Ён не прасіў для сябе падобную адметнасьць, але вымушаны зь ёю суіснаваць
Разам з тым псыхіятар, якога грае Брус Уіліс, робіць усё магчымае, каб дапамагчы. Яле як спецыяліст ён разумее ўсю сваю слабасьць. Далей прыйдзецца разьбірацца як просты чалавек.
Нумар 8. Омэн (The Omen). 1976

Стужка пра дзіця, але дзецям яе лепш не паказваць. У сям’ях бываюць выпадкі, калі дзеці тэрарызуюць бацькоў і іншых людзей, калі яны ўмеюць маніпуляваць, даводзіць да патрэбнага ім выніку любыя сітуацыі. Але ніводныя з вядомых вам выпадкаў не параўнаюцца з тым, што паказаў у сваёй стужцы Рычард Донэр.
У сям’і дыплямата нараджаецца нежывое немаўля. Галоўны герой у выкананьні Грэгары Пэка ўсынаўляе іншага дзіцяці, у якога ёсьць адметнасьць – радзімая пляма ў выглядзе трох шасьцёрак. Нарадзілася яно 6 чэрвеня а 6 гадзіне. Мы становімся сьведкамі, як той, каму наканавана стаць антыхрыстам, распачынае сваё жыцьцё на зямлі. Некаторыя пачынаюць заўважаць, што з хлопчыкам нешта ня тое — і гэта можа скончыцца для іх трагічна.
Вельмі ўражлівы фільм, майце на ўвазе.
Нумар 7. Малхоланд Драйв (Mulholland Dr.). 2001

Заблытаны, містычны, прыгожы трылер нуар Дэвіда Лінча. Пачатковая акторка прыязджае ў Лос-Анджэлес, там жа зьяўляецца таямнічая жанчына з амнэзіяй, і ім наканавана паглыбіцца ў дзівосную гісторыю, напоўненую ілюзіямі і снамі.
Чырвоныя ліхтары, цёмныя завулкі, закусачная з прадказаньнямі: кожны кадр напаўняеццат пачуцьцём жаху. Ён яшчэ не зразумелы, яго нельга памацаць, але галава гледача ўжо апускаецца ў гэтае павуціньне, бы кісель.
Для гледачоў, якія прагнуць дакладнай разгадкі кожнай таямніцы або наўпроставага дзеяньня ў стужцы, гэты фільм можа заблытаць глузд.
Сам Дэвід Лінч даў адну з падказак, як лепш зразумець фільм: «Надайце асаблівую ўвагу пачатку фільма: як мінімум дзьве падказкі зьяўляюцца перад тытрамі».
Нумар 6. Мярцьвяк (Dead Man). 1995

Геніяльны Джым Джармуш зьняў вэстэрн з метафізычным дасьледаваньнем жыцьця і сьмерці. Фільм дэманструе Джоні Дэпа ў адной з самых глыбокіх роляў, нявіннага бухгалтара, які трапляе ў сьвет, што становіцца ўсё больш сюррэалістычным і сьмяротным.
Мы ўбачым трансфармацыю галоўнага героя ад наіўнага гараджаніна да глыбокага шукальніка ісьціны. Чорна-белы сьвет спрадвечных насельнікаў Амэрыкі – індзейцаў становіцца вірам, які зацягвае, і верагодна, ніколі не аддае назад чалавека.
Духоўныя і фізычныя блуканьні галоўнага героя насычаныя вобразамі, якія пачнуць адно за адным адгукацца ў сэрцы гледачоў.
Стужка падыйдзе і для тых, хто шукае фільмы “не-для-ўсіх”, і для тых, хто жадае паглядзець захапляльную гісторыю ўвечары ўікэнду.
Нумар 5. Іншыя (The Others). 2001

Ніколь Кідман выконвае ў гэтай стужцы ашаламляльную ролю кабеты, якая змагаецца са сваімі жахамі і вымушаная змагацца за бясьпеку сваіх дзяцей. Рэжысэр Алехандра Аменабар зьняў стужку, дзе дэманструе клясычную гісторыю дома з прывідамі ў сьвежай і інтрыгоўнай манэры. Яму атрымліваецца захапіць увагу гледачоў ад жудаснага пачатку да шакавальнай разьвязкі.
Гераіня Кідман жыве ў ціхім маёнтку пасьля Другой сусьветнай вайны са сваімі дзецьмі, якія пакутуюць рэдкай хваробай сьвятлоадчувальнасьці. Жахлівы паварот у жыцьці сям’і адбываецца, калі прыяжджаюць тры таямнічыя слугі, што прыносяць з сабой атмасфэру нечага містычнага і невядомага.
Цікава, што хвароба дзяцей сапраўды сустракаецца ў людзей, хаця і надзвычай рэдка. Цудоўны трылер, каб паглядзець перад сном.
Нумар 4. Асоба (Persona). 1966

Зорны склад з Ліў Ульман, Бібі Андэрсэн і Гунэра Б’ёрнстранда выкліча захапленьне ў кожнага аматара швэдзкага генія. Гэты фільм выклікае моцныя рэакцыі і інтэрпрэтацыі вось ужо амаль 60 гадоў.
У цэнтры ўвагі рэжысэра дзьве абсалютна розныя кабеты:вядомая акторка, якая раптоўна становіцца нямой, і медсястра, якой даручылі даглядаць за ёй на ўзьбярэжжы паўночнага мора.
Выбітная Ліў Ульман бліскуча перадае сьвет эмоцыяў, не прамаўляючы ні слова. А Бібі Андэрсэн фантастычна рэагуе на розныя станы сваёй падначаленай. Яе прыхільнасьць і сусьветная раздражненьне набліжаюцца і сплываюць удалячынь, як хвалі таго самага мора.
Нумар 3. Зьзяньне (The Shining). 1980

Калі не баіцеся засынаць пасьля трылераў — спакойна заплянуйце прагляд гэтага шэдэўра на позьні вечар. Кадры з фільма Стэнлі Кубрыка бачылі мільёны людзей, якія нават і не глядзелі сам фільм. Тысячы мемаў прыдуманыя з тварам героя Джэка Нікалсана. Але лепш за ўсё — сесьці і паглядзець урэшце тое, пра што чулі шматкроць.
Трымайце моцна за руку блізкага чалавека і націскайце на плэй. Галоўны герой становіцца зімовым даглядчыкам у гатэлі, дзе ніхто не жыве ў сьнежны сэзон папросту з той прычыны, што даехаць туды немагчыма праз сьнегапады. Герой Нікалсана – пісьменьнік, але яго творы не бяруцца публікаваць, таму ён марыць аб творчым адпачынку гэтай зімой. Ён бярэцца за працу па доглядзе за гатэлем і селіцца там з жонкай і сынам, які пакутуе на псыхічныя захворваньні. Замкнёная зімовая прастора пачынае дзейнічаць на прысутных. Як бы тут ня страціць розум.
Нумар 2. Пакуты Жаны Д’Арк (La passion de Jeanne d'Arc). 1928

Малавядомы шэдэўр Карла Тэадора Дрэйера. Адразу трэба пазначыць: стужка чорна-белая ды яшчэ і нямая. На нашую думку, «Пакуты Жаны Д’Арк» — гэта адзін з найлепшых фільмаў за ўсю гісторыю кінематографу. А роля Жаны Д’Арк у выкананьні Марыі Фальканэцьці — эталён акторскага майстэрства. Здымкі не прайшлі без наступстваў для акторкі — яна аддала насамрэч усё сваё жыцьцё ў гэтую ролю. Больш Марыя Фальканэцьці не здымалася, і больш за тое, пазьней ёй прыйшлося праходзіць лекаваньне з прычыны душэўнага разладу.
У фільме не ўбачым гераічнай Жаны, якая ўзначаліла змаганьне супраць ангельскай акупацыі Францыі. Мы трапляем адразу ў 1431 год, калі Жана Д’Арк знаходзіцца на судовым працэсе ў якасьці абвінавачанай. Увесь фільм мы глядзім на твары, на твары, на твары. Дэкарацыі зьяўляюцца чымсьці цалкам другасным (хаця на іх стварэньне пайшоў амаль увесь бюджэт стужкі).
Нумар 1. Сёмая пячатка (Det sjunde inseglet). 1957

Стужка пераносіць нас у сярэднявечча, дзе герой Макса фон Сюдава, расчараваны швэдзкі рыцар, вяртаецца дадому пасьля аднаго з чарговых крыжовых паходаў. Пакуль ён змагаўся на чужыне, яго родная краіна ў палоне спусташальнай чумы.
Рыцар сустракае Сьмерць і кідае ёй выклік: згуляць партыю ў шахматы на сваё жыцьцё. Сьмерць, вядома, згаджаецца: хто зь людзей можа быць ёй супернікам.
Рыцар сумняецца ў быцьці Бога, калі той маўчыць, пакуль лютуе Сьмерць, і адпраўляецца ў дарогу, каб крыху адцягнуць непазьбежныя хады ў шахматнай партыі. Бездакорная апэратарская праца і шыкоўная акторская гульня прынясуць асалоду, як і бліскучыя дыялёгі, якія спадарожнічаюць усёй дзеі. Шах, а потым і мат абавязкова павінны быць пастаўленыя. У гэтым — уся гульня, у гэтым — усё жыцьцё.
Прыемнага прагляду!