Чарговая «спецвытворчасць» і шпіёнскае ПЗ супраць журналістаў. Хронікі рэпрэсій 18 снежня

 Беларускія ўлады працягваюць пашыраць спісы «экстрэмізму», распачынаюць завочныя справы і выкарыстоўваюць тэхналогіі сачэння за журналістамі. Сабралі галоўныя навіны дня.

1_1097_1.png

Стала вядома, чаму YouTube-канал «ЗЕРКАЛО» прызналі «экстрэмісцкім»

Як паведаміла пракуратура, падставай для прызнання YouTube-канала «ЗЕРКАЛО» «экстрэмісцкім» стала відэа, апублікаванае ў жніўні 2020 года. У роліку ішла гаворка пра забастоўку на адным з прадпрыемстваў у Салігорску.

Паводле афіцыйнай пазіцыі ведамства, відэа нібыта «змяшчае прыкметы праявы экстрэмізму», а менавіта — «заклікі да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь і захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Супраць Арцёма Шабунёва распачалі спецвытворчасць

33-гадовага Арцёма Шабунёва беларускія ўлады плануюць судзіць завочна. У дачыненні да яго распачалі так званую спецвытворчасць.

Шабунёву інкрымінаваныя адразу некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

ч. 1 арт. 130 — распальванне варожасці;

арт. 364 — гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў;

ч. 1 арт. 366 — гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да службовай асобы;

арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады.

Пры гэтым Следчы камітэт публічна «запрашае» Шабунёва вярнуцца ў Беларусь і з’явіцца ва ўпраўленне СК па Магілёўскай вобласці.

RSF: КДБ Беларусі гадамі выкарыстоўваў шпіёнскае ПЗ супраць журналістаў

Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) паведаміла, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі мог на працягу некалькіх гадоў выкарыстоўваць шпіёнскае праграмнае забеспячэнне для сачэння за журналістамі, піша БАЖ.

Падставай для расследавання стаў тэлефон беларускага журналіста, у якім пасля допыту ў КДБ выявілі шкоднаснае ПЗ. Як паведамляецца, перад допытам журналіста папрасілі пакінуць мабільны тэлефон у ячэйцы для захоўвання, а падчас самога допыту — разблакаваць прыладу і прадэманстраваць частку змесціва ў прысутнасці супрацоўніка КДБ. Пасля гэтага тэлефон зноў змясцілі ў ячэйку.

Паводле версіі самога журналіста і высноў RSF, супрацоўнікі спецслужбаў маглі падгледзець код разблакіроўкі і ўсталяваць шпіёнскае ПЗ ў той час, пакуль допыт працягваўся.

Праз некалькі дзён антывіруснае праграмнае забеспячэнне выявіла падазроную актыўнасць, пасля чаго ўладальнік тэлефона звярнуўся да спецыялістаў.

Былога стачкамаўца з «Нафтана» ў Расіі асудзілі да 22 гадоў пазбаўлення волі

У Расіі да 22 гадоў пазбаўлення волі асудзілі былога стачкамаўца з «Нафтана». Яго абвінавацілі ў датычнасці да падрываў цягнікоў на Байкала-Амурскай магістралі (БАМ). Паводле прысуду, пяць гадоў ён правядзе ў турме, астатні тэрмін — у калоніі строгага рэжыму.

Вядома, што ў Беларусі мужчына страціў працу з палітычных прычын. Сяргей Ерамееў працаваў на «Нафтане» аператарам устаноўкі і ўдзельнічаў у стачцы ў 2020 годзе.

Пасля яго затрымання ў Расіі сілавікі прыходзілі ў Наваполацку да людзей, якія былі з ім знаёмыя.