Бельгія прапанавала ЕС альтэрнатыву канфіскацыі замарожаных расійскіх актываў

ЗША выступаюць супраць канфіскацыі замарожаных расійскіх актываў у ЕС, каб мець рычаг уплыву на Расію. Імаверна, гэты рычаг спатрэбіцца ўжо ў выходныя — у Маямі запланаваныя перамовы паміж ЗША і Расіяй па Украіне. У той жа час, як чакаецца, там будзе і ўкраінская дэлегацыя. Ідуць 1394-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

69e56bbc_094d_11ef_89b4_02420a0000c9_780.jpg

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 134 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 18 снежня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 38 наступальных дзеянняў расіян у раёнах Шахава, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Дачнага і ў бок Новапаўлаўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 17 атак у раёнах Аляксандра-Шульціна, Клебан-Быка, Плешчыеўкі, Русінага Яру і ў бок Сафіеўкі.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 15 разоў, спрабуючы прасунуцца паблізу Новавадзянога, Калодзежа, Дробышава, Навасёлаўкі і ў бок Чарнешчыны.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы 10 разоў атакавалі пазіцыі УСУ у раёне Гуляйполя і ў бок Варвароўкі.

На Аляксандраўскім кірунку зафіксавана дзевяць атак у раёнах Аляксандраўграду, Сасноўкі, Салодкага, Прывольнага, Краснагорскага і ў бок Дабраполля.

* * *

Раніцай 18 снежня кіраўнік Чаркаскай абласной ваеннай адміністрацыі Ігар Табурэц паведаміў пра шматлікія пашкоджанні і 6 пацярпелых у выніку масіраванай расійскай атакі дронамі на абласны цэнтр. Ён адзначыў, што расіяне цэліліся па крытычнай інфраструктуры, у выніку чаго была абясточана частка горада.

У Адэскай вобласці ўвечары 17 снежня зафіксавалі пашкоджанні дзевяціпавярховага жылога дома і навучальнай установы з-за расійскай атакі БпЛА. Паведамляецца пра сем пацярпелых у выніку атакі.

Жылы дом і гаражны кааператыў пашкоджаны ў выніку расійскага ўдару па Запарожжы каля 7 раніцы 18 снежня.

Пра траплянне ў жылы будынак у Крывым Рогу напісаў у сваім Telegram-канале старшыня Савета абароны горада Аляксандр Вілкул. Паведамляецца пра двух параненых.

У Растове-на-Доне і Батайску Растоўскай вобласці ў ноч на 18 снежня былі выбухі, пішуць расійскія СМІ. Губернатар Растоўскай вобласці Юрый Слюсар паведаміў, што ў порце Растова ўражана судна, у мясцовых пабліках удакладнілі, што гарыць нафтавы танкер.

* * *

597374764_1216196500693426_6791786711282707093_n.jfif

* * *

Прадстаўнікі ЗША і Расіі павінны сустрэцца ў Маямі 20-21 снежня ў межах ініцыятывы адміністрацыі Дональда Трампа, накіраванай на спыненне поўнамаштабнай расійскай вайны супраць Украіны, паведамляе Politico са спасылкай на двух інфармаваных суразмоўцаў.

У склад расійскай дэлегацыі, як чакаецца, увойдзе кіраўнік Расійскага фонду прамых інвестыцый Кірыл Дзмітрыеў. З боку ЗША на перамовах будуць прысутнічаць спецыяльны пасланнік Трампа Стыў Уіткаф і яго зяць Джарэд Кушнер.

На гэтым тыдні Уіткаф і Кушнер правялі шматгадзінныя перамовы ў Берліне з украінскімі і еўрапейскімі чыноўнікамі. Партал Axios паведамляў, што наступны раўнд перамоў паміж Украінай і ЗША можа адбыцца ў гэтыя выходныя — таксама ў Маямі.

* * *

Злучаныя Штаты не падтрымліваюць ініцыятывы Еўрапейскага саюза, якія прадугледжваюць канфіскацыю расійскіх суверэнных актываў, піша брытанская The Times.

Паводле інфармацыі выдання, прадстаўнікі амерыканскай адміністрацыі ў прыватным парадку папярэджваюць еўрапейскіх партнёраў пра магчымыя наступствы. У Вашынгтоне даюць зразумець, што ў выпадку адабрання сродкаў Еўрасаюзу і Вялікабрытаніі ў далейшым давядзецца кампенсаваць гэтыя сумы.

«Еўрапейцам прыйдзецца гэта вярнуць», — заявіла крыніца газеты, падкрэсліўшы, што тэма расійскіх актываў займае важнае месца ў абмеркаваннях параметраў мірнага ўрэгулявання, відавочна, не даючы магчымасці Украіне кампенсаваць наступствы вайны на кошт Расіі.

Як адзначаецца, пытанне ўключана ў пералік ключавых элементаў мірнага плана Дональда Трампа, і знаходзіцца на пастаянным кантролі перагаворных груп.

У ЗША лічаць, што канфіскацыя расійскіх актываў можа прывесці да зацягвання канфлікту і адначасова пазбавіць Захад аднаго з нешматлікіх інструментаў ціску на Маскву. На думку ЗША, захаванне актываў у замарожаным стане разглядаецца як больш гнуткі рычаг уплыву ў межах далейшых перамоў.

* * *

Бельгія прапанавала Еўрапейскаму Саюзу разгледзець магчымасць прымянення надзвычайнага становішча для выпуску сумеснага доўгу ЕС з мэтай падтрымкі Украіны ў вайне супраць Расіі, паведамляе Euractiv.

Як і ў выпадку санкцыйнай палітыкі, выпуск сумеснага доўгу ЕС, забяспечанага рэзервамі доўгатэрміновага бюджэту Еўрасаюза, патрабуе аднагалоснай падтрымкі ўсіх 27 дзяржаў-членаў. Сумесны доўг з'яўляецца адзінай афіцыйна прапанаванай Еўракамісіяй альтэрнатывай «рэпарацыйнаму крэдыту» — калі замарожаныя ў Еўропе расійскія грошы будуць перададзены Украіне. Бельгія, дзе знаходзіцца асноўная частка расійскіх сродкаў, выступае супраць гэтага, пакуль Еўрасаюз не забяспечыць для яе механізмы абароны ад магчымых наступстваў. Бельгійскія чыноўнікі асцерагаюцца, што Расія патэнцыйна можа вярнуць сабе замарожаныя актывы праз суд, і выплата ляжа, у асноўным, на Бельгію.

Разам з тым, два дыпламаты сцвярджаюць, што Юрыдычная служба ЕС выключыла магчымасць прымянення артыкула 122 для выпуску сумеснага доўгу на мінулым пасяджэнні паслоў ЕС.

* * *

Сенат ЗША 17 снежня прыняў законапраект аб абароннай палітыцы 2026 года ў 901 мільярд долараў, паведамляе CBS News.

Законапраект прадугледжвае рэкордны ўзровень гадавых абаронных выдаткаў, павышэнне грашовага забеспячэння ваеннаслужачых на 4%, а таксама закупку ўзбраенняў. Акрамя таго, будзе фінансавацца праграма ўзмацнення канкурэнтаздольнасці ЗША ў супрацьстаянні з Кітаем і РФ.

Прадугледжана 800 млн долараў дапамогі Украіне ў межах «Ініцыятывы па аказанні дапамогі Украіне ў сферы бяспекі» (Ukraine Security Assistance Initiative, USAI). На працягу наступных двух гадоў Кіеву будзе выдавацца па 400 млн долараў. Гэтыя сродкі будуць накіраваны кампаніям ЗША за пастаўкі ўзбраення для Узброеных сіл Украіны.

Закон аўтарызуе Балтыйскую ініцыятыву па бяспецы і 175 млн долараў на падтрымку абароны Латвіі, Літвы і Эстоніі. Ён таксама абмяжоўвае магчымасць скарачэння колькасці войскаў ЗША ў Еўропе ніжэй за 76 тысяч чалавек.

* * *

Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ ў інтэрв'ю BBC заклікаў NATO выканаць рашэнне аб павышэнні выдаткаў на абарону да 5% ВУП.

Паводле слоў Рутэ, калі Альянс не будзе траціць 5% ВУП на абарону, праз некалькі гадоў Расія можа стаць значна мацнейшайшай за краіны NATO. Цяпер NATO абавязалася траціць 5% на абарону пасля таго, як патрабаванне выставіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас саміту ў Гаазе.

Рутэ адзначыў, што дзякуючы прэзідэнту ЗША NATO стала «мацней, чым калі-небудзь», а патрабаванне прэзідэнта ЗША траціць больш на абарону стала «самым вялікім поспехам Дональда Трампа ў знешняй палітыцы».

«Цяпер мы мацнейшыя, але калі мы не выканаем гаагскія рашэнні, праз некалькі гадоў мы будзем слабейшыя за расіян, а гэта надзвычай небяспечна», — адзначыў ён.

Нядаўна Марк Рутэ заявіў, што, на яго думку, Альянс з'яўляецца наступнай ваеннай мэтай Расіі.