Купянск можа перайсці пад кантроль Украіны ў бліжэйшыя тыдні

Расія можа страціць горад, за акупацыю якога генералы арміі РФ атрымалі зоркі «Герояў Расіі». Дональд Трамп прыспешвае Украіну падпісаць мірнае пагадненне, у той жа час прызнаючы, што праблема — у Расіі. А ЕС у наступныя два гады дасць Украіне 90 мільярдаў еўра. Ідуць 1395-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

600461653_1216319740681102_6728456356898456886_n.jpg

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 193 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 19 снежня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 50 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Чырвонага Ліману, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Філіі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 28 атак у раёнах Клебан-Быка, Пляшчыеўкі, Шчарбінаўкі, Аляксандра-Шульціна, Русінага Яру і іншых.

На Аляксандраўскім кірунку расіяне здзейснілі 22 атакі ў раёнах Талстога, Аляксандраграду, Стэпавага, Прывольнана, Вербава, Краснагорскага і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 19 атак у раёнах Салодкага, Зялёнага, Гуляйполя і ў бок Варвараўкі ды Дабраполля.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 10 разоў, спрабуючы прасунуцца ў бок Чырвонага Става, Стаўкоў, Дробышава і ў раёнах Наваегораўкі ды Зарэчнага.

На Паўднёва-Слабажанскім і Купянскім кірунках УСУ спынілі па дзевяць атак арміі РФ на кожным.

* * *

Расійскія войскі прасунуліся ў Данецкай і Запарожскай абласцях. Як паведамляе аналітычны праект DeepState, расіяне прасунуліся паблізу Дронаўкі, Ніканораўкі, Панькоўкі Данецкай вобласці і ў Гуляйполі Запарожскай вобласці.

* * *

У Купянску працягваецца аперацыя па зачыстцы горада, дзе заблакавана ад 150 да 200 расійскіх салдат, паведаміў заснавальнік добраахвотніцкага батальёна Хартыя Усевалад Кажамяка выданню NV.

Ваенны адзначыў, што ўсе лагістычныя шляхі праціўніка перакрытыя, таму забеспячэнне новымі сіламі ў вялікіх маштабах немагчыма. Кажамяка падкрэсліў, што сітуацыя ў Купянску дэманструе здольнасць Узброеных Сіл Украіны паспяхова весці баявыя дзеянні супраць змененай і адаптаванай расійскай арміі. У той жа час ён адзначыў неабходнасць павышэння эфектыўнасці ўласных падраздзяленняў.

Старшы лейтэнант Сіл абароны Украіны з пазыўным «Алекс», аўтар Telegram-канала «Афіцэр», заявіў, што горад можа перайсці пад поўны кантроль Украіны ў бліжэйшыя тыдні. Паводле яго слоў, сітуацыя ў Купянску менш складаная ў параўнанні з іншымі гарачымі пунктамі, такімі як Пакроўск. Ён патлумачыў гэта хуткім наступленнем украінскіх сіл, якое не дало ворагу магчымасці арганізаваць абарону, што стварыла хаос сярод расіян і згуляла на карысць УСУ.

* * *

У выніку атакі расійскіх БпЛА на Адэсу ў ноч на пятніцу 19 снежня пашкоджана энергетычная інфраструктура і жылыя будынкі горада, адзін чалавек атрымаў раненні. Частка аднаго з шчыльнанаселеных раёнаў горада часова засталася без электра-, вода- і цеплазабеспячэння.

У ноч на 19 снежня ў некалькіх рэгіёнах Расіі прагучалі выбухі. Інцыдэнты зафіксаваны ў Варонежы, Таганрогу, Арле, Растове і Стаўрапольскім краі, паведамляюць Telegram-канал Exilenova+, мясцовыя паблікі і расійскія СМІ.

Як адзначаюць расійскія медыя, ракетная небяспека была аб'яўлена ў Курскай, Арлоўскай, Ліпецкай і Тульскай абласцях. У аэрапортах Калугі, Пензы, Саратава і Тамбова дзейнічалі часовыя абмежаванні на прыём і выпуск рэйсаў.

* * *

600228299_1216929463953463_809435752795778859_n.jfif

* * *

США хочуць, каб Украіна дзейнічала хутка ў кантэксце перамоў па завяршэнні вайны з Расіяй, заявіў падчас зносін з журналістамі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

У амерыканскага лідара спыталі, якія яго чаканні ад сустрэчы паміж украінскімі і амерыканскімі чыноўнікамі ў Фларыдзе, якая павінна адбыцца на выходных. «Ну, яны набліжаюцца да чагосьці, але я спадзяюся, што Украіна будзе дзейнічаць хутка. Я спадзяюся, што Украіна будзе дзейнічаць хутка, таму што, ведаеце, кожны раз, калі РФ захоплівае занадта шмат тэрыторыі, яна мяняе сваё меркаванне», — сказаў Трамп.

* * *

США і Еўропа распрацавалі план гарантый бяспекі для Украіны, які ўключае дэталёвыя, жорсткія і сур'ёзныя меры для таго, каб стрымаць Расію ад паўторнай агрэсіі, піша Bloomberg.

Неназваныя чыноўнікі распавялі выданню, што, згодна з планам, першай лініяй пасляваеннага стрымлівання павінна стаць украінская армія колькасцю каля 800 тысяч чалавек. Пры гэтым чакаецца, што пастаўкі зброі і іншыя праграмы падтрымкі Украіны працягнуцца, каб украінскія воіны былі падрыхтаваны належным чынам.

США павінны будуць надаць разведвальную інфармацыю і ажыццяўляць маніторынг, каб адсочваць любыя спробы парушыць мірнае пагадненне ўздоўж лініі размежавання. Размова ідзе і пра магчымыя аперацыі РФ пад чужым сцягам.

Салдат краін «кааліцыі рашучых» размесцяць удалечыні ад лініі фронту «для ўмацавання даверу». Яны, як пацвердзілі еўрапейскія лідары, змогуць дзейнічаць ва Украіне ў межах мер бяспекі.

План ЗША і ЕС прадугледжвае, што ў выпадку аднаўлення баявых дзеянняў украінскія воіны будуць выступаць першай лініяй абароны, а саюзнікі Украіны аператыўна задзейнічаюць дыпламатычныя механізмы і меры па дээскалацыі, каб не дапусціць разрастання канфлікту. Калі такія спробы не будуць паспяховымі, Украіне «дадуць ваенную падтрымку» пры ўдзеле магчымасцяў ЗША.

* * *

Кіраўнік фракцыі «Слуга народа» ў Вярхоўнай Радзе Украіны Давід Арахамія заявіў, што на цяперашнім этапе перамоў магчымасць заключэння добрага мірнага пагаднення з Расіяй адсутнічае. Украіна стаіць перад выбарам паміж дрэнным пагадненнем або працягам вайны да з'яўлення новага акна для перамоў, лічыць ён.

«Мы разумеем, усе людзі, якія мысляць (хоць ёсць шмат людзей, якія да гэтага часу лічаць, што мы павінны настойваць на нейкіх фантастычных умовах пагаднення), яно будзе альбо дрэнным, альбо вельмі дрэнным, альбо яго не будзе», — сказаў Арахамія.

Ён перакананы, што пры цяперашнім ціску амерыканцаў, хоць ён і большы на Украіну, чым на РФ, ёсць шанец заключыць пагадненне, тады як без удзелу амерыканцаў шанцаў на пагадненне не будзе, будзе толькі ваенны шлях вырашэння праблемы.

«Адно пытанне, фактычна, вялікае засталося, дакладней, два. Нам патрэбныя гарантыі бяспекі, каб была 100% гарантыя, што вайна зноў не прыйдзе да нас. Гэта было з часоў Стамбула: гарантыі бяспекі — нумар адзін, што патрабуе Украіна. А ім патрэбны Данбас. І тут у нас чырвоная лінія, што мы не можам аддаць наш Данбас», — патлумачыў дэпутат.

«Дзярждэп шукае гістарычныя прэцэдэнты, якія былі наогул па складаных пытаннях: Боснія і Герцагавіна, што было пасля распаду Югаславіі, і гэтак далей. Гэта значыць, шмат усяго людзі шукаюць, як можна знайсці мірным шляхам фармат, які задаволіць абодва бакі. А нам у гэты ж час важна працаваць упарта над гарантыямі бяспекі», — падкрэсліў кіраўнік фракцыі.

Арахамія лічыць, што аналаг артыкула 5 NATO слабы, паколькі ён прадугледжвае, што ў выпадку ваеннай агрэсіі краіны NATO на працягу 72 гадзін павінны сабрацца і правесці кансультацыі.

«Прабачце, але 24 лютага за 72 гадзіны мы амаль страцілі краіну. Нас гэта не задавальняе. Павінна быць канкрэтыка: колькі зброі, якой зброі, якая ў нас армія, як яна фінансуецца, якія ў нас ёсць пакеты стрымлівання — ракеты там і гэтак далей», — патлумачыў ён.

* * *

Еўрапейскі Саюз прыняў рашэнне надаць Украіне фінансавую дапамогу ў памеры 90 мільярдаў еўра на перыяд 2026-2027 гадоў, напісаў у сацсетцы X прэзідэнт Еўрапейскага савета Антоніу Кошта.

«Мы дамовіліся. Рашэнне аб наданні Украіне падтрымкі ў памеры 90 млрд еўра на 2026-2027 гады прынята. Мы ўзялі на сябе абавязальніцтвы і выканалі іх», — напісаў ён.

Пазней Кошта патлумачыў, што Украіна атрымае пазыку, падмацаваную бюджэтам ЕС, у памеры 90 млрд еўра на 2026-2027 гады, якую яна пагасіць толькі пасля выплаты Расіяй рэпарацый.

«У кастрычніку мы вырашылі, што Еўрапейскі Саюз пакрые неадкладныя фінансавыя патрэбнасці Украіны на 2026 і 2027 гады. На мінулым тыдні мы вырашылі, што Расія не верне свае актывы, пакуль Масква не спыніць агрэсію. Сёння мы ўхвалілі рашэнне аб наданні Украіне 90 млрд еўра на наступныя два гады. Гэта задаволіць тэрміновыя фінансавыя патрэбы Украіны, і Украіна пагасіць гэтую пазыку толькі пасля таго, як Расія выплаціць рэпарацыі. Саюз пакідае за сабой права выкарыстоўваць рэшткі наяўных грошай з расійскіх актываў для пагашэння гэтай пазыкі», — удакладніў ён.

Прэзідэнтка Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен паведаміла, што фінансаванне Украіны пасля 2027 года будзе часткай наступнага доўгатэрміновага абмеркавання бюджэту ЕС. «Мы пакідаем за сабой права выкарыстоўваць рэшткі наяўных грошай з расійскіх актываў, замарожаных у ЕС, для фінансавання крэдыту. Гэта рашэнне, якое мы знайшлі разам», — падкрэсліла яна.