Колькі каштуе палітвязень? Як ГДР гандлявала свабодай падчас халоднай вайны
У часы халоднай вайны Усходняя Германія сістэматычна прадавала палітычных зняволеных Заходняй Германіі — за грошы, нафту, каву і ўгнаенні. Аперацыя Häftlingsfreikauf працягвалася амаль тры дзесяцігоддзі і стала адным з самых цынічных прыкладаў «гандлю людзьмі» ў пасляваеннай Еўропе.

«Checkpoint Charlie — сімвалічнае месца сакрэтных абменаў і перадачы выкупленых палітвязняў
Першапачаткова ключавую ролю ў аперацыі адыгрывалі пратэстанцкія арганізацыі. Менавіта яны на пачатку 1960-х гадоў выступілі пасярэднікамі ў перамовах паміж ГДР і ФРГ. У 1962 годзе адзін з пратэстанцкіх лідараў Заходняга Берліна дамовіўся праз адваката, які меў кантакты са спецслужбамі ГДР, аб вызваленні першых ста палітычных зняволеных у абмен на пастаўкі тавараў.
Аднак фінансавыя магчымасці царквы былі абмежаваныя. Калі гэтыя рэсурсы вычарпаліся, пратэстанцкія лідары звярнуліся да ўрада ФРГ. У выніку аперацыя паступова перайшла пад кантроль Міністэрства па агульнагерманскіх пытаннях Заходняй Германіі. Матывы Бонна былі прагматычнымі і гуманітарнымі адначасова: ФРГ імкнулася вызваліць сваіх суайчыннікаў з турмаў ГДР, не правакаваўшы пры гэтым адкрытага канфлікту.
З цягам часу сфармавалася цэлая схема гандлю палітвязнямі. Спачатку заходненямецкі бок складаў спісы зняволеных і праз аднаго і таго ж адваката перадаваў іх у Міністэрства дзяржаўнай бяспекі ГДР. Там частку кандыдатур выкрэслівалі — пасля чаго пачынаўся складаны і працяглы гандаль наконт вызвалення тых, хто заставаўся ў спісе.
Перамовы аб «кошце» за чалавека былі сумессю цынічнага торгу і бюракратычнай руціны. Улады ГДР вызначалі цану, зыходзячы з двух асноўных крытэрыяў: адукацыі і прафесіі зняволенага. Лічылася, што дзяржава панесла выдаткі на яго падрыхтоўку, таму інжынеры, лекары або навукоўцы маглі каштаваць да 200 тысяч заходненямецкіх марак. Улічвалася і «шкода», якую, паводле логікі рэжыму, чалавек нібыта нанёс дзяржаве, у тым ліку фактам свайго магчымaга ад’езду.
Усходняя Германія, якая хранічна адчувала дэфіцыт канвертоўнай валюты, разглядала Häftlingsfreikauf як стабільную крыніцу даходу. Паводле розных ацэнак, за ўвесь час існавання аперацыі бюджэт ГДР атрымаў ад 3,4 да 8 мільярдаў заходненямецкіх марак.
Разлікі праводзіліся не толькі грашыма. Значную частку «плацяжоў» складалі тавары: кава, медзь, нафта, мінеральныя ўгнаенні і іншая дэфіцытная для ГДР прадукцыя.
Пры гэтым на гандаль выстаўлялі не толькі палітвязняў. Асобна ФРГ аплачвала выязныя візы для сваякоў зняволеных і іншых грамадзян ГДР, якія жадалі эміграваць. Усяго такім чынам было «выкуплена» каля 250 тысяч чалавек.
Глядзіце таксама

Сярод вызваленых былі і тыя, каго фактычна лавілі спецыяльна для далейшага продажу. Адзін з найбольш вядомых выпадкаў — гісторыя Хайнца Брандта, былога ўцекача з ГДР, які працаваў журналістам прафсаюза ў ФРГ. Яго падманам вывезлі на тэрыторыю Усходняй Германіі, неадкладна арыштавалі, а пазней прадалі Заходняй Германіі ў межах Häftlingsfreikauf.
Нягледзячы на маштаб аперацыі — усяго ФРГ «выкупіла» 33 755 палітычных зняволеных, — на працягу доўгага часу пра яе амаль нічога не было вядома грамадскасці. Аперацыя трымалася ў строгай таямніцы з абодвух бакоў. Рэжым ГДР не хацеў дэманстраваць сваю эканамічную слабасць і факт пазбаўлення ад іншадумцаў, а ўлады ФРГ асцерагаліся, што іх успрымуць як спонсара камуністычнага рэжыму.
Паступова таямніца пачала раскрывацца. У тым ліку дзякуючы гісторыі Ютэ Галус, асуджанай за спробу ўцёкаў у ФРГ. Пасля таго як яе выкупілі і выслалі на Захад у 1984 годзе, улады ГДР адабралі ў яе дзяцей і змясцілі іх у дзіцячы дом. Ютэ пачала публічную кампанію: пісала палітыкам, звярталася ў СМІ, а з 1984 па 1986 год штодня выходзіла да пераходу Checkpoint Charlie з плакатам «Вярніце мне маіх дзяцей!». Пад ціскам грамадскасці, у тым ліку Папы Рымскага, улады ГДР саступілі — 25 жніўня 1988 года яе дачок прывезлі ў Заходні Берлін.
Схема Häftlingsfreikauf спыніла існаванне восенню 1989 года — на фоне масавых пратэстаў і падзення Берлінскай сцяны, калі палітвязняў пачалі вызваляць без усялякіх умоў.
Сёння ў Германіі няма адназначнай ацэнкі гэтай практыкі. Пераважае меркаванне, што гэта быў балючы, але ў тых умовах неабходны кампраміс, які вярнуў волю дзясяткам тысяч людзей. Аднак крытыкі адзначаюць і іншае: удзел ФРГ у гандлі палітвязнямі ўскосна легітымізаваў рэпрэсіі і стымуляваў новыя арышты, ператвараючы іншадумцаў у эканамічны рэсурс.
У адным, аднак, згоды больш. Як пісаў нямецкі марксіст Вілі Дзікхут, каментуючы Häftlingsfreikauf, «маральная сапсаванасць кіраўніцтва ГДР з’яўляецца адным з найгоршых эпізодаў у нямецкай гісторыі — параўнальным хіба што з феадальным абсалюцізмам, калі гесенскі ландграф прадаваў сваіх падданых у якасці салдат замежным войскам».