Дональд Трамп не даў Украіне Tomahawk — але «пакуль не даў»
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што пастаўкі Украіне крылатых ракет Tomahawk былі б эскалацыяй вайны, а Белы дом спадзяецца на дыпламатыю. У той жа час гэтая ідэя не адкінутая канчаткова. А на фронце ва Украіне заўважана масавае дэзерцірства расіян. Ідуць 1333-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 128 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 18 кастрычніка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 37 атак расіян у раёнах Шахава, Ніканораўкі, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Маладзецкага, Мірнаграду, Новаэканамічнага, Лісоўкі, Зверава, Котліна, Удачнага, Філіі і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 18 разоў штурмаваў пазіцыі УСУ паблізу Ваўчанска, Заходняга і іншых.
На Аляксандраўскім кірунку расіяне 14 разоў атакавалі ў кірунку Арэстопаля і ў раёнах Аляксандраграду, Студзеньскага, Новамікалаеўкі, Новагрыгораўкі, Малінаўкі.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 13 разоў паблізу Грэкаўкі, Карпаўкі, Торскага, Шандрыгалава і Дробышава.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 12 атак у раёнах Тарэцкага, Шчарбінаўкі, Русінага Яру і ў кірунку Канстанцінаўкі і Берастоку.
Па сем атак на кожным зафіксавана на Купянскім і Славянскім кірунках.
* * *
На Херсонскім кірунку (паводле класіфікацыі УСУ — Паўднёва-Слабажанскім — НЧ) фіксуюць выпадкі масавага дэзерцірства сярод расійскіх вайскоўцаў, паведамляе партызанскі рух «АТЕШ».
Прычынамі ўцёкаў партызаны называюць жорсткае стаўленне камандзіраў, безвыніковыя штурмы і адсутнасць ратацыі падраздзяленняў.
У адказ на рост выпадкаў дэзерцірства камандаванне расійскай групоўкі войскаў «Днепр» разгарнула ў раёне Армянска ўзмоцненыя блокпасты і патрулі. Ваенная паліцыя праводзіць масавыя праверкі дакументаў і ператрусы з мэтай выяўлення дэзерціраў.
Паводле даных «АТЕШ», уцекачы часта займаюць жылыя дамы, а пры выяўленні выкарыстоўваюць зброю.
Партызаны звярнуліся да ваеннаслужачых УС РФ з заклікам не чакаць затрымання або адпраўкі «на верную смерць», а скарыстацца прапановай арганізацыі па бяспечным выхадзе з зоны баявых дзеянняў.
* * *
У ноч на 18 кастрычніка Расія атакавала Украіну трыма зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300 і 164 ўдарнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 136 БпЛА.
Па паведамленнях Паветраных сіл, атака працягваецца, у паветранай прасторы некалькі БпЛА.
Расіяне нанеслі больш за 10 удараў беспілотнікамі па Чугуеву Харкаўскай вобласці, у выніку чаго пазбаўленыя электрычнасці амаль усе раёны горада.
У ноч на 18 кастрычніка РФ спрабавала атакаваць беспілотнікамі Палтаўскую вобласць. У выніку падзення абломкаў БпЛА ў Палтаўскім раёне было пашкоджана складское памяшканне аднаго з грамадзянскіх прадпрыемстваў. Ахвяр і пацярпелых няма.
У ноч на 18 кастрычніка расійскія войскі атакавалі Запарожжа. У горадзе было некалькі пажараў і пашкоджана навучальная ўстанова. Пацярпелых няма.
Расійскія войскі ноччу атакавалі некалькі раёнаў Днепрапятроўскай вобласці. Ад абстрэлаў пацярпела бальніца.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў украінскаму лідару Уладзіміру Зяленскаму, што пакуль не мае намеру пастаўляць Украіне дальнабойныя ракеты Tomahawk, піша Axios.
Выданне адзначае, што Зяленскі спадзяваўся пакінуць Вашынгтон з абавязацельствамі па новай зброі для Украіны, але выявіў, што Трамп знаходзіцца ў зусім іншым «стане духу» пасля тэлефоннай размовы з кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным.
У прыватнасці, Трамп падчас сустрэчы даў зразумець, што яго прыярытэтам з'яўляецца дыпламатыя, а пастаўкі Tomahawk могуць яе падарваць. Зяленскі ў сваю чаргу актыўна настойваў на іх, але прэзідэнт ЗША супраціўляўся і не праяўляў гібкасці.
Таксама кіраўнік Белага дома падкрэсліў, што цяперашняя прапанова ЗША па дыпламатычным вырашэнні канфлікту заключаецца ў тым, каб завяршыць вайну, замарозіўшы лініі фронту. Axios указвае, што гэта прапанова, якую Украіне нібыта цяжка прыняць.
Адна з крыніц паведаміла, што сустрэча лідараў «была няпростай», а па словах іншага чалавека — «яна была дрэннай». «Ніхто не крычаў, але Трамп быў жорсткім», — сказала першая крыніца.
Другая паведаміла, што ў ходзе сустрэчы прэзідэнт ЗША зрабіў некалькі рэзкіх заяў, і ў некаторыя моманты сустрэча была даволі эмацыйнай. Як піша Axios, сустрэча «рэзка завяршылася» праз 2,5 гадзіны.
«Думаю, мы скончылі. Паглядзім, што адбудзецца на наступным тыдні», — сказаў Трамп, маючы на ўвазе запланаваныя перамовы паміж ЗША і Расіяй.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сацсетцы Х назваў сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім вельмі «цікавай і сардэчнай». Трамп паведаміў, што падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім заклікаў заключыць мірнае пагадненне і «спыніцца там, дзе ёсць».
«Я сказаў яму, як і прэзідэнту Пуціну, што прыйшоў час спыніць забойствы і заключыць здзелку! Дастаткова праліта крыві, а межы ўласнасці вызначаюцца вайной і адвагай. Яны павінны спыніцца там, дзе яны ёсць. Няхай абодва абвесцяць перамогу, няхай гісторыя вырашыць! Больш ніякай стральбы, ніякіх смерцяў, ніякіх вялізных і нерацыянальных марнаванняў грошай», — напісаў Трамп.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас брыфінгу пагадзіўся са словамі Трампа, адзначыўшы, што «...мы павінны спыніцца там, дзе зараз знаходзімся, і Трамп мае рацыю – важна гэта спыніць, а потым пачаць размову». Гэта азначае, што Зяленскі ўспрымае словы Трампа пра тое, каб «спыніцца там, дзе ёсць», не як аддаць Расіі захопленыя тэрыторыі, а як вызначыць лінію спынення агню. Далейшае будзе прадметам перамоваў.
«Пытанне тэрыторый — гэта вельмі адчувальнае пытанне, гэта самае складанае пытанне безумоўна… Я разумею, што расіяне маюць іншую пазіцыю, што яны сапраўды хацелі б акупаваць усю тэрыторыю, нашу краіну ў цэлым… Наша пазіцыя заключаецца ў тым, што давайце спачатку атрымаем спыненне агню, каб мы маглі сесці за стол перамоваў, пагаварыць, зразумець, дзе мы ёсць», — сказаў ён.
У той жа час Зяленскі ў нататцы ў сацсетках ахарактарызаваў сустрэчу як «вострую размову», аднак падкрэсліў, што яе вынікі «сапраўды могуць дапамагчы наблізіць завяршэнне гэтай вайны».
* * *
Адразу пасля перамоваў у Белым доме Уладзімір Зяленскі правёў групавую тэлефонную гутарку з еўрапейскімі лідарамі. Яны выказалі поўную падтрымку прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму і рашучасць у далейшай падтрымцы Украіны.
Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб пасля размовы з Зяленскім заявіў, што Еўропа працягвае падтрымліваць Украіну і гэтая падтрымка прадугледжвае ваенную і фінансавую дапамогу, гарантыі бяспекі, спыненне агню і мірны працэс.
Прэзідэнт Еўрапейскага савета Антоніу Кошта паведаміў, што на наступным тыдні будуць абмеркаваны канкрэтныя крокі для ўзмацнення нашай падтрымкі і ўзмацнення ціску на Расію ў імкненні да міру.
Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц паведаміў, што пасля сустрэчы Зяленскага з Трампам еўрапейскія лідары скаардынавалі і будуць суправаджаць наступныя крокі.
Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер заявіў, што Брытанія працягне адпраўляць Украіне гуманітарную дапамогу і ваенную падтрымку.
* * *
Амерыканскія ракеты Tomahawk далі б украінскім вайскоўцам магчымасць нанесці сур'ёзны ўрон ключавым ваенным аб'ектам у глыбіні Расіі, пішуць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Ракеты Tomahawk могуць несці большы карысны груз і лятаць з большай хуткасцю, чым беспілотнікі далёкага дзеяння, што павялічвае шанцы гэтых ракет пранікнуць праз сістэму супрацьпаветранай абароны праціўніка.
Эксперты абазначылі мэты Украіны: завод «шахедаў» у Елабузе (Рэспубліка Татарстан) і авіябаза Энгельс-2 у Саратаўскай вобласці, дзе базуюцца стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі.
«Украіна, верагодна, можа значна аслабіць ваенны патэнцыял Расіі, наносячы ўдары па ўразлівых аб'ектах ключавых тылавых раёнаў, такіх як Ялабуга і Энгельс, якія забяспечваюць і падтрымліваюць аперацыі Расіі на перадавой і кампанію ўдараў вялікай далёкасці супраць Украіны», — адзначаюць аналітыкі ISW.
Як вядома, на брыфінгу пасля сустрэчы Зяленскі, адказваючы на пытанне пра магчымасць пастаўкі Украіне ракет Tomahawk, адзначыў, што гэтае пытанне абмяркоўвалася, але што ўкраінскі і амерыканскі бакі вырашылі пакуль не гаварыць пра дальнабойныя сістэмы публічна.