Вызваленне палітвязняў і атака на Польшчу: рэчы ўзаемазвязаныя?

Улады Беларусі зноў вызвалілі больш за 50 закладнікаў рэжыму Лукашэнкі — у абмен на зняцце амерыканскіх санкцый з «Белавія». Правільна, на чымсьці прыйдзецца ляцець з Беларусі. Магчыма, нават у хуткім часе. Толькі вось шкада, што прычына «эвакуацыі» можа быць нярадаснай.

img_3146_logo_2.jpg

Дзве самыя гарачыя навіны тыдня — атака расійскіх дронаў на Польшчу і вызваленне больш за паўсотні палітычных зняволеных, сярод якіх такія знакавыя асобы, як Мікалай Статкевіч, Уладзімір Мацкевіч, Зміцер Дашкевіч, Ігар Лосік, Мікалай Дзядок і іншыя, — нельга разглядаць асобна. Яны ідуць у храналагічным парадку, і, верагодна, вельмі цесна паміж сабой звязаныя.

У ноч з 9 на 10 верасня ў паветраную прастору Польшчы ўрываецца каля 20 расійскіх дронаў. «Каля 20» — таму што дакладна вядома пра 19 БПЛА, але іх магло быць і больш. Быццам бы, нічога асаблівага, не здарылася — расійскія «Шахеды» і раней гублялі кіраванне і зляталі невядома куды, у асноўным, канешне, у Беларусь. Але былі выпадкі, што ў Румынію, Малдову, і ў тую ж Польшчу. Але цяпер гэта было вельмі масава.

Настолькі масава, што Польшча заявіла, што гэта «акт акт агрэсіі» з боку Расіі. Гэтую версію падтрымалі амерыканскія кангрэсмэны і сенатары. NATO тэрмінова ўвяло ў дзеянне 4-ы артыкул свайго статута, дзе лідары краін Альянсу збіраюцца на кансультацыі па адбіцці магчымай агрэсіі. Таму што, як высветлілася, ваеннае камандаванне Польшчы, ацэньваючы атаку беспілотнікаў, як напад на краіну, у чымсьці мела рацыю. Бо БПЛА заляцелі ў Польшчу не толькі з боку Украіны, але і з боку Беларусі. І гэта ўжо не патлумачыш тым, што дроны «збіліся з курсу».

Праз 36 гадзін рэжым Лукашэнкі робіць ледзь на самае масавае вызваленне палітвязняў за апошні час. Прычым, са слоў жонкі прадстаўніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла, які праводзіў «вызвольныя» перамовы, журналісткі Грэты Ван Сустэрэн, перамовы аб вызваленні доўжыліся ўсяго два (!!!) дня!

Фармальна падставай для вызвалення закладнікаў паслужыла тое, што ЗША знялі санкцыі з «Белавіі». Але, як паведаміла ўпраўленне па кантролі за замежнымі актывамі (OFAC) Мінфіна ЗША, санкцыі знятыя часткова і не ўсе. Ведамства апублікавала ліцэнзію, якая дазваляе частку аперацый з адкрытым акцыянерным таварыствам «Белавія — Беларускія авіялініі»: цяпер транзакцыі, якія раней падпадалі пад абмежаванні ў рамках санкцыйнага рэжыму супраць Беларусі (31 CFR Part 548), могуць праводзіцца ў дачыненні да «Белавія» і даччыных структур, дзе авіякампанія валодае больш чым 50% акцый.

Але гэты дазвол не распаўсюджваецца на разблакоўку актываў, замарожаных па іншых палажэннях амерыканскага заканадаўства, а таксама на здзелкі з асобамі і арганізацыямі, якія застаюцца пад санкцыямі.

Лукашэнка, вядома, мог вызваліць палітычных зняволеных за два дні. Ён можа гэта зрабіць наогул за пару гадзін. Але вось зняць санкцыі з «Белавія» за два дні немагчымае. Хутчэй за ўсё, бакі пра гэта дамовіліся даўно і адчайна гандляваліся. Але тут у Польшчу прыляцелі расійскія «Шахеды» і ў Лукашэнкі значна звузіласяполе для манеўру. Ён зразумеў, што зацягваць з «сяброўствам з ЗША» ўжо не даводзіцца.

Таму што «акт агрэсіі» з боку Беларусі ў дачыненні да чальца NATO Польшчы — гэта зусім не тое ж самае, што ўваход расійскіх войскаў на тэрыторыю Украіны з Гомельскай вобласці. Гэта ўжо сур'ёзна.

Хутчэй за ўсё, як у 2022-м годзе ніхто не папярэдзіў Лукашэнку, што з яго тэрыторыі будзе атакаваная Украіна, так і цяпер ніхто не сказаў яму, што з тэрыторыі РБ будзе атакаваная Польшча. Расійскія вайскоўцы, якія прыехалі сюды на вучэнні «Захад-2025», і не пыталіся ў Лукашэнкі, што ім можна тут рабіць, а што нельга. І выканалі загад СВАЙГО камандавання, прамацваючы абарону краіны NATO.

Як Лукашэнку не хапіў кандраці пасля такой навіны — незразумела. Але тое, што гэта стала для яго сюрпрызам — да варажбіткі не хадзі. І таму трэба было тэрмінова паказаць ЗША, што гэта не Лукашэнка атакаваў Польшчу. Што гэта вар'ят Пуцін цягне за сабой такога наіўнага і безабароннага Рыгоравіча. Што Лукашэнка гатовы да розных «канструктыўных дыялогаў» і іншага, толькі б адкараскацца ад Пуціна і ягоных самазабойчых загадаў.

Таму бакі і дамовіліся так хутка: Лукашэнку вельмі тэрмінова спатрэбілася дэманстрацыя «добрай волі». Прыкладна гэтак жа тэрмінова, як у 2022-м адрэзаныя ад забеспячэння расійскія войскі драпалі ва Украіне назад туды, адкуль прыйшлі.

А прадэманстраваць «добрую волю» неяк па-іншаму, акрамя вызвалення палітвязняў, Лукашэнка не можа. У яго больш, па выразе Трампа, «няма карт». Ён не можа выгнаць з Беларусі расійскія войскі, «Арэшнікі», якімі ён так хваліўся, ядзерную зброю (калі яна ёсць). Ён не можа скасаваць вучэнні — таму што, толькі заікніся ён пра гэта, і заўтра ж яго не стане фізічна.

За ўтрыманне ўлады Лукашэнка заплаціў часткай суверэнітэту, і аказалася, што гэта ўсё ж такі вельмі дорага. Цяпер ён у «сваёй» краіне не можа прымаць пэўных ключавых рашэнняў. У прыватнасці, не ён вырашае, нападаць на Польшчу, ці не.

І таму Лукашэнка ўсімі фібрамі душы імкнецца «адлыптаць» ад Пуціна. Для гэтага ён шукае сабе новых «гарантаў бяспекі», — і ў Пекіне, і ў Вашынгтоне. Для гэтага можна і Статкевіча выпусціць. Бо не праблема набраць закладнікаў зноў, праўда?

У дзень, калі вызвалілі 52 палітвязняў, праваабаронцы прызналі новымі палітвязнямі 9 чалавек. Адпускаючы адных, ён проста набраў іншых.