Расійскія БПЛА заляцелі ў Польшчу. Ці ўспрыме гэта NATO як напад на чальца Альянсу?
Мінімум 8 расійскіх БПЛА гэтай ноччу перасеклі мяжу з Польшчай. Польшча закрыла шэраг аэрапортаў і прымяняла баявую зброю, каб абясшкодзіць дроны. У Кангрэсе ЗША ўжо заявілі, што гэта «акт вайны» Расіі супраць чальца NATO. Украіна ж даўно казала пра закрыццё неба над яе тэрыторыяй. Ідуць 1295-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Дроны «Шахед». Ілюстрацыйнае фота з report.az
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 200 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 10 верасня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 60 атак расійцаў у раёнах Уладзіміраўкі, Новага Шахавага, Запаведнага, Міралюбаўкі, Новаэканамічнага, Лісоўкі, Шаўчэнка, Зверава, Котліна, Удачнага і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 40 расійскіх штурмаў у раёнах Маліеўкі, Камышувахі, Новамікалаеўкі, Ольгаўкі і іншых.
На Сіверскім кірунку расійцы 21 раз атакавалі пазіцыі УСУ ў раёнах Серабранянкі, Грыгораўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку армія РФ 16 разоў спрабавала прасунуцца ў раёнах Новаміхайлаўкі, Карпаўкі, Сярэдняга, Шандрыгалава, Калодзежаў, Зарэчнага і Торскага.
На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 14 атак у раёнах Катарынаўкі, Яблонаўкі, Палтаўкі.
* * *
У ноч на 10 верасня Расія нанесла камбінаваны ўдар па тэрыторыі Украіны з выкарыстаннем ударных БПЛА і ракет наземнага, паветранага і марскога базавання. Усяго падчас атакі было выяўлена 458 сродкаў нападу:
- 415 ударных БПЛА тыпу Shahed, «Гербера» і іншых мадэляў;
- 42 крылатыя і авіяцыйныя ракеты Х-101, «Калібр», Х-59(69);
- 1 балістычная ракета «Іскандэр-М»/KN-23.
Сіламі супрацьпаветранай абароны было знішчана або падаўлена 413 паветраных цэляў:
- 386 варожых БПЛА;
- 27 крылатых і авіяцыйных ракет Х-101, «Калібр», Х-59(69).
Адзін чалавек загінуў і яшчэ адзін атрымаў раненні ў выніку расійскага камбінаванага ўдару па Жытомірскай вобласці ноччу 10 верасня.
У выніку ранішняй варожай атакі траўмаваныя тры чалавекі ў Хмяльніцкім раёне. Усім аказваецца медыцынская дапамога. Разбураная швейная фабрыка, пашкоджаная аўтазапраўка.
У Вінніцкай вобласці пад ударам крылатых ракет і «Шахедаў» былі аб'екты грамадзянскай прамысловай інфраструктуры і жылыя дамы, пацярпеў адзін чалавек.
У небе над Чаркаскай вобласцю абясшкоджаныя дзве расійскія ракеты, а таксама дзясятак БпЛА. Пацярпелых няма.
Мэр Львова Андрэй Садовы паведаміў, што на Львоў ляцелі каля 60 расійскіх «Шахедаў» і больш за 10 ракет, абломкі збітых мэтаў пашкодзілі склады. Абышлося без пацярпелых.
* * *

* * *
Каля 01: 30 ночы 10 верасня паветраныя сілы Украіны паведамілі пра верагодны залёт расійскіх ударных беспілотнікаў у паветраную прастору Польшчы. Праз імавернае ўварванне дронаў у польскую паветраную прастору Польшча закрыла шэраг аэрапортаў.
У афіцыйных паведамленнях для авіятараў NOTAM паказана, што аэрапорты закрытыя «ў выніку незапланаванай вайсковай актыўнасці ў рамках гарантавання бяспекі дзяржавы». Польскае аператыўнае камандаванне паведаміла, што ў паветра былі паднятыя не толькі польскія знішчальнікі, але і самалёты краін-саюзнікаў. Акрамя таго, у стан найвышэйшай гатоўнасці былі прыведзены наземныя сілы СПА.
Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы афіцыйна пацвердзіла парушэнне паветранай прасторы краіны і заклікала людзей да завяршэння ваеннай аперацыі заставацца дома.
«У выніку сённяшняй атакі Расійскай Федэрацыі на тэрыторыю Украіны адбылося беспрэцэдэнтнае парушэнне польскай паветранай прасторы аб'ектамі тыпу дрон. Гэта акт агрэсіі, які ўяўляе рэальную пагрозу бяспецы нашых грамадзян», — заявіла польскае камандаванне.
Па іх словах, аперацыя, мэтай якой з'яўляецца ідэнтыфікацыя і нейтралізацыя аб'ектаў, працягваецца. Па загадзе камандуючага аператыўнага штаба было ўжыта ўзбраенне, працягваюцца дзеянні службаў, накіраваныя на пошук збітых аб'ектаў.
«Падкрэсліваем, што ваенная аперацыя працягваецца, і заклікаем заставацца дома. У найбольшай небяспецы знаходзяцца Падляскае, Мазавецкае і Люблінскае ваяводства», — паведаміла Польскае радыё.
* * *
Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга пасля атакі дронаў на тэрыторыю Польшчы заклікаў Захад прыняць рашэнне аб ужыванні сродкаў СПА суседніх краін для збівання мэтаў яшчэ над Украінай дзеля калектыўнай бяспекі.
З ягоных слоў, сітуацыя з уварваннем расійскіх беспілотнікаў у Польшчу сведчыць аб неабходнасці прыняць рашэнне, якое дазволіць выкарыстоўваць магчымасці супрацьпаветранай абароны суседніх краін для перахопу беспілотнікаў і ракет ва ўкраінскай паветранай прасторы, у тым ліку набліжаных да межаў NATO.
«Украіна ўжо даўно прапануе такі крок. Яго неабходна зрабіць дзеля калектыўнай бяспекі», — падкрэсліў Сібіга.
* * *
Кангрэсмэн ЗША Джо Уілсан у сацсетцы Х абвінаваціў Расію ў абвяшчэнні вайны Польшчы і заклікаў даць Украіне зброю для ўдараў па РФ.
Рэспубліканец Джо Уілсан (Паўднёвая Караліна) заявіў, што атака іранскімі дронамі Shahed на Польшчу, якая з'яўляецца чальцом NATO — гэта не што іншае, як «акт вайны».
Ён заклікаў адміністрацыю Трампа неадкладна даць адпор такім дзеянням. З ягоных слоў, неабходна тэрмінова ўвесці строгія санкцыі, здольныя знішчыць расійскую вайсковую машыну, і даць Украіне ўзбраенне, якое дазволіць наносіць удары па тэрыторыі РФ.
Уілсан дадаў, што ў Крамлі больш не здавольваюцца толькі агрэсіяй супраць Украіны — цяпер Масква выпрабоўвае рашучасць NATO, заявіўшы, што «ў Расіі не існуе межаў». Ён заклікаў Захад паказаць Расіі, што існуюць межы, за якія нельга выходзіць.
Не менш жорсткую заяву зрабіў сенатар-дэмакрат і чалец судовага камітэта Сената ЗША Дзік Дурбін. З ягоных слоў, такія інцыдэнты з'яўляюцца «выразным папярэджаннем», што расійскі дыктатар Пуцін выпрабоўвае рашучасць Альянсу абараняць Польшчу і краіны Балтыі.
«Пасля той разні, якую Пуцін працягвае здзяйсняць ва Украіне, гэтыя ўварванні нельга ігнараваць», — падкрэсліў сенатар.
Ён таксама заклікаў хаўруснікаў да больш рашучай рэакцыі на агрэсіўныя дзеянні РФ, каб не дапусціць далейшай эскалацыі і пагроз для ўсходняга флангу NATO.
* * *
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск склікаў экстраннае пасяджэнне ўрада ў сувязі са шматлікім парушэннем паветранай прасторы краіны расійскімі дронамі, якое адбылося ў ноч на 10 верасня. Польскі прэм'ер атрымаў справаздачу ад аператыўнага камандуючага па інцыдэнце з баявымі беспілотнікамі РФ. Таксама Туск паведамляў, што вайскоўцы ўжылі ўзбраенне супраць лятальных аб'ектаў.
На фоне экстраных захадаў праз расійскія дроны ён таксама заявіў, што міністр абароны Польшчы знаходзіцца ў «цесным кантакце» з чальцамі і лідарамі краін NATO.
* * *
Канада адправіла бронетранспарцёры ACSV Super Bison ва Украіну. Першыя восем бронемашын ужо прыбылі ў Польшчу, а іх далейшая транспарціроўка ва Украіну запланаваная найбліжэйшым часам, паведамляе Міністэрства абароны Канады.
Паводле паведамлення, да канца 2025 года Украіна атрымае ўсе 50 абяцаных адзінак тэхнікі, якія былі анансаваныя яшчэ два гады таму.
Гэтая пастаўка з'яўляецца часткай маштабнага пакета ваеннай падтрымкі, які ўключае ўзбраенне, боепрыпасы, Медыцынскае абсталяванне і сродкі радыёэлектроннай барацьбы. Міністр нацыянальнай абароны Канады Дэвід Макгінці пацвердзіў, што тэхніка ўжо знаходзіцца ў Еўропе, падкрэсліўшы імкненне ўмацаваць абаронныя магчымасці Украіны ва ўмовах вайны.
Пакет падтрымкі, абвешчаны прэм'ер-міністрам Канады Маркам Кэрні, ацэньваецца ў мільярды долараў.
* * *
Латвійскі ўрад падтрымаў ініцыятыву, вядомую як PURL, і выдзеліць 5 млн еўра на закупку амерыканскай зброі.
«Мы павінны працягваць падтрымліваць Украіну ўсімі магчымымі спосабамі, паколькі гэта адзіны спосаб узмацніць яе здольнасць абараняць свой суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць, а таксама перамагчы ў барацьбе супраць дзяржавы-агрэсара Расіі», — падкрэсліў міністр абароны Латвіі Андрыс Спрудс.