Дональд Трамп не ведае, што адбываецца ў ягонай адміністрацыі?
Прэзідэнт ЗША паведаміў, што лідар Украіны Уладзімір Зяленскі «не чытаў» мірную прапанову Штатаў па Украіне. Але пазаўчора Зяленскі дзве гадзіны абмяркоўваў яе са Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам. Трампу не дакладаюць пра ход мірных перамоў, ці ён імі не цікавіцца? Ідуць 1384-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 164 баявыя сутыкненні, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 8 снежня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 53 штурмавыя дзеянні расіян ў кірунках Новага Шахава, Новага Данбаса, Бяліцкага, Радзінскага, Чырвонага Лімана, Пакроўска, Грышына, Мірнаграда, Маладзецкага, Навапаўлаўкі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 20 атак расіян у раёнах Рыбнага, Радаснае, Варвараўка, Дабраполле, Зялёнае, Гуляйполе.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 18 атак у раёнах Аляксандра-Шульціна, Плешчыеўкі, Шчарбінаўкі, Клебан-Быка, Яблонаўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 16 разоўкаля Грэкаўкі, Сярэдняга, Дзерылава, Зарэчнага, Мірнага і ў іншых.
На Аляксандраўскім кірунку армія РФ здзейсніла 14 атак у раёнах Ялты, Сасноўкі, Вербава, Ворана, Краснагорскага і іншых.
* * *
Расійскія войскі прасунуліся ў Мірнаградзе Данецкай вобласці, паведамляе аналітычны праект DeepState. Таксама паведамляецца аб прасоўванні расійскіх войскаў паблізу Кацярынаўкі.
* * *
Украінскія войскі праводзяць пошукава-штурмавыя дзеянні і ліквідацыю расіян у гарадской забудове Пакроўска, паведаміла ў Facebook групоўка войскаў «Усход».
«У Пакроўску працягваюцца пошукава-штурмавыя дзеянні і ліквідацыя праціўніка ў гарадской забудове. У Мірнаградзе ўкраінскія падраздзяленні трымаюць абарончыя рубяжы і ліквідуюць праціўніка на падыходах да горада», — паведамілі вайскоўцы.
Для бесперабойнага забеспячэння падраздзяленняў УСУ арганізуюць дадатковыя лагістычныя маршруты ў Пакроўск і Мірнаград, гаворыцца ў паведамленні.
* * *
Расійскія войскі ўначы 8 снежня дронамі атакавалі Ахтырскую грамаду Сумскай вобласці, трапілі ў шматпавярхоўку, пацярпелі сем грамадзянскіх.
З-за выбуху расійскага беспілотніка ўначы, 8 снежня, каля шматпавярхоўкі ў Чарнігаве загарэўся газаправод, прынамсі тры чалавекі пацярпелі.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у ходзе зносін з прэсай заявіў, што ўкраінскі лідар Уладзімір Зяленскі не азнаёміўся з мірным планам ЗША.
Трампа спыталі, якім будзе яго наступны крок у перамовах з Украінай і Расіяй пасля кансультацый на мінулым тыдні. На што лідар ЗША адказаў:
«Мы размаўлялі з прэзідэнтам Пуціным, мы кантактавалі з украінскімі лідарамі, уключаючы прэзідэнта Зяленскага. І мушу сказаць, што крыху расчараваны тым, што прэзідэнт Зяленскі яшчэ не прачытаў прапанову. Гэта было па стане на некалькі гадзін таму», — заявіў прэзідэнт ЗША.
Таксама ён дадаў, што Расія хацела б усю Украіну, але ўсё ж згодна з мірнай здзелкай, і ў тым ліку каманда прэзідэнта Украіны падтрымлівае дакумент. Але ці згодны сам Зяленскі — ён не ведае.
«Яго камандзе яна падабаецца. Расія з гэтым згодна. Расія, думаю, хацела б атрымаць усю краіну, калі так падумаць. Але Расія, як я лічу, згодна з гэтым (мірным планам). Але я не ўпэўнены, што Зяленскі з гэтым згодны. Яго каманда гэта падтрымлівае, а ён гэтага не чытаў», — сказаў Трамп.
Пры гэтым у суботу, 6 снежня, Уладзімір Зяленскі правёў двухгадзінную тэлефонную размову з дарадцамі Трампа Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам. Яны абмяркоўвалі пытанні тэрыторый і гарантыі бяспекі Украіны.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі анансаваў кансультацыі ў Еўропе па пытаннях бяспекі і падтрымкі Украіны. Пра гэта ён распавёў у вячэрнім відэазвароце 7 снежня, які ён запісаў у вагоне цягніка.
«Ужо цяпер пачынаем новы дыпламатычны тыдзень – будуць кансультацыі з еўрапейскімі лідарамі. Перш за ўсё пытанні бяспекі, падтрымка для нашай устойлівасці, пакеты падтрымкі для нашай абароны. СПА, доўгатэрміновае фінансаванне для Украіны. Вядома, мы будзем гаварыць і аб сумесным поглядзе, сумесных пазіцыях у перамовах», — адзначыў Зяленскі.
Паводле яго слоў, сакратар СНБА Рустэм Умераў і начальнік Генеральнага штаба Андрэй Гнатаў цяпер знаходзяцца ў дарозе ў Еўропу: ён чакае, што яны дадуць яму дэталёвую інфармацыю аб усім, што амерыканскія прадстаўнікі абмяркоўвалі ў Маскве — уключаючы тое, якія пазіцыі ЗША гатовыя карэкціраваць у перамовах паміж Украінай і Расіяй.
Зяленскі таксама распавёў пра сваю размову з амерыканскім спецпрадстаўніком Стывенам Уіткафам і зяцем прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джарэдам Кушнерам. Ён падзякаваў ім за «гатоўнасць працаваць 24/7», а таксама назваў размову з імі «канструктыўнай, хоць і няпростай», адзначыўшы, што яны ведаюць «базавыя ўкраінскія пазіцыі».
* * *
Ордэры Міжнароднага крымінальнага суда на арышт Пуціна і пяці іншых расійскіх грамадзян, абвінавачаных у ваенных злачынствах ва Украіне, застануцца ў сіле, нават калі падчас мірных перамоваў пад эгідай Вашынгтона будзе зацверджана агульная амністыя, заявілі намесніцы пракурора Наджат Шамім Хан з Фіджы і Мам Мандыяй Ньянг з Сенегала, паведамляе euronews.
«Калі будзе заключана мірнае пагадненне, у выніку якога Савет Бяспекі папросіць нас адкласці расследаванне, то гэта будзе пытанне палітычнага працэсу ў рамках Савета Бяспекі. Але што тычыцца нас, у канчатковым выніку гэта не перашкодзіць ажыццяўленню правасуддзя», — растлумачылі яны.
Мам Мандыяй Ньянг удакладніла, калі не ўлічваць магчымыя мадальнасці ў рамках Савета Бяспекі ААН — МКС абавязаны выконваць свой статут і Рымскі статут, «які не надае значэння некаторым з гэтых палітычных дамоўленасцяў» на іншых трэках.
МКС у 2023 годзе выдаў ордэр на арышт Пуціна і яшчэ пяці асоб з яго атачэння за іх датычнасць да ваенных злачынстваў пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе.