Адміністрацыя Трампа: Расія пацвердзіла сваю негатоўнасць да мірнага пагаднення

Падобна на тое, што сустрэча Трампа і Пуціна ў Будапешце сарваная: сам Трамп заявіў, што не прыняў рашэнне адносна сустрэчы з Пуціным. А высокапастаўлены прадстаўнік яго адміністрацыі ў каментарыі СМІ сказаў, што Расія пацвердзіла сваю негатоўнасць да пагаднення. Тым часам Украіна і ЗША разам будуць ствараць дроны-перахопнікі. Ідуць 1337-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота Getty Images

Фота Getty Images

Агулам цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 167 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 22 кастрычніка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 64 штурмы паблізу Ніканораўкі, Маяку, Сухецкага, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Новаэканамічнага, Лісоўкі, Пакроўску, Зверава, Котліна, Удачнага, і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 25 атак у раёнах Белай Гары, Аляксандра-Шультына, Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Русінага Яру.

На Ліманскім кірунку армія РФ правяла 17 атак каля Грэкаўкі, Капанкі, Карпаўкі, Сярэдняга, Калодзежаў і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 13 разоў атакавалі паблізу Ваўчанска, Ваўчанскіх Хутароў, Строеўкі, Каменкі, Заходняга і іншых.

На Аляксандраўскім кірунку расіяне здзейснілі 11 атак у раёнах Іванаўкі, Філіі, Вербовае, Новагрыгораўкі і Новамікалаеўкі.

* * *

У Кіеве з-за атакі ў ноч на 22 кастрычніка два чалавекі загінулі, яшчэ 5, сярод якіх дзіця, пацярпелі. У Дняпроўскім раёне з-за ўдару РФ адбыўся пажар на 8-9 паверхах жылога дома. Таксама ў выніку атакі расіян пашкоджана памяшканне адной з медустаноў.

У Пячэрскім раёне абломкі ўпалі на дах трохпавярховага жылога дома, адбылося ўзгаранне і частковае разбурэнне 3 і 2 паверхаў. У Дарніцкім раёне абломкі БпЛА ўпалі на будынак інтэрNATO.

У выніку расійскай атакі на Бравары Кіеўскай вобласці раненне атрымала жанчына.

У ноч на 22 кастрычніка расійскія войскі нанеслі ўдары дронамі-камікадзэ па тэрыторыі Запарожжа. У адным з раёнаў горада адбылося ўзгаранне шматпавярховіка і некалькіх прыватных дамоў. 13 чалавек пацярпелі.

Ноччу 22 кастрычніка ў Ізмаіле Адэскай вобласці былі чутны выбухі, у горадзе пасля выбухаў прапала святло. Выбухі падчас паветранай трывогі ў ноч на 22 кастрычніка фіксаваліся ў Дняпры.

У Палтаўскай вобласці пасля атак РФ пашкоджанні атрымалі аб'екты нафтагазавай прамысловасці, — у прыватнасці, у Міргарадскім раёне.

Міністэрства энергетыкі Украіны паведаміла, што ноччу 22 кастрычніка расійскія войскі атакавалі энергетычную інфраструктуру Украіны.

Масіраваная атака працягваецца: раніцай зафіксаваны ўзлёты расійскіх знішчальнікаў МіГ-31К, якія з'яўляюцца носьбітамі гіпергукавых ракет "Кінжал".

Сілы абароны Украіны 21 кастрычніка ўразілі Бранскі хімічны завод. Вынікі атакі ўдакладняюцца. Прадпрыемства з'яўляецца важным складнікам ВПК Расіі: там вырабляюцца порах, выбуховыя рэчывы і кампаненты для ракетнага паліва, якое армія РФ ужывае для абстрэлаў Украіны.

Дроны атакавалі нафтаперапрацоўчы завод у расійскім Дагестане. Уражаны завод у Махачкале за 1,7 тысяч кіламетраў ад Украіны, піша ASTRA.

Па інфармацыі расійскіх СМІ, у аэрапорце Махачкалы спынілі прыём і адпраўленне рэйсаў. Аналагічныя меры ўводзілі ноччу яшчэ ў сямі аэрапортах Расіі: Краснадары, Пензе, Пскове, Грозным, Уладзікаўказе, Калузе і Яраслаўлі.

* * *

570460115_1171554935157583_8182478799970807505_n.jpg

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што яшчэ не прыняў рашэнне адносна сустрэчы з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным у Будапешце. Пра гэта ён сказаў, адказваючы на пытанні журналістаў 21 кастрычніка.

«Я не хачу, каб сустрэча прайшла дарма. Я не хачу марнаваць час. Так што паглядзім, што адбудзецца», — сказаў Трамп.

Ён таксама нагадаў пра сваю прапанову замарозіць баявыя дзеянні на лініі сутыкнення. «Адступіце і ідзіце дадому і ўсе вазьміце перапынак, таму што ў вас дзве краіны, якія забіваюць адна адну… Так што паглядзім, што з гэтага атрымаецца», — сказаў Трамп.

Нагадаем, міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў адхіліў магчымасць перамір'я РФ з Украінай, а Масква адмяніла асабістую сустрэчу Лаўрова з дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіё. Пасля гэтага СМІ паведамлялі, што Трамп больш не плануе ў «найбліжэйшай будучыні» сустракацца з Пуціным.

* * *

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа і кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў працягнуць кантакты, каб распрацаваць план сустрэчы на ўзроўні лідараў, паведамляе The Wall Street Journal, спасылаючыся на свае крыніцы.

Высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа ў каментарыі СМІ адзначыў, што Расія пацвердзіла сваю негатоўнасць да пагаднення.

Аднак, паводле яго слоў, падчас размовы з Трампам на тым тыдні расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін выказаў гатоўнасць абмеркаваць пытанні, якія маглі б дапамагчы зблізіць пазіцыі Масквы і Вашынгтона. І гэта нібыта дае надзею на правядзенне новага саміту Трампа і Пуціна ў будучыні, нават калі ён адбудзецца не так хутка, як меркаваў прэзідэнт ЗША.

* * *

Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ адправіўся ў ЗША на сустрэчу з прэзідэнтам Дональдам Трампам, паведаміла прэс-служба NATO. «Генеральны сакратар сустрэнецца з прэзідэнтам Злучаных Штатаў спадаром Дональдам Дж. Трампам», — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што Рутэ наведае Вашынгтон 21-22 кастрычніка. Выступы для СМІ не запланаваныя.

* * *

Расія павялічвае прымяненне супраць Украіны ўдарных беспілотнікаў. У верасні больш за 5500 такіх БПЛА атакавалі Украіну, тады як у жніўні іх было прыкладна 4100, піша брытанская разведка.

Па стане на 21 кастрычніка за кастрычнік Расія запусціла больш за 3000 беспілотнікаў. Тэмп удараў застаецца высокім. У разведцы ўдакладнілі, што камбінацыя ракет і дронаў заклікана перагрузіць украінскую СПА і павысіць шанцы выжывання расійскіх снарадаў.

«Крытычная нацыянальная інфраструктура Украіны амаль напэўна стала прыярытэтнай мэтай Расіі. Масква па-ранейшаму імкнецца нанесці шкоду ўкраінскай энергетычнай сістэме перад зімовым сезонам. Толькі ў кастрычніку 2025 года Расія ўжо здзейсніла чатыры маштабныя атакі на аб'екты ўкраінскай крытычнай інфраструктуры», — пішуць у разведцы Брытаніі.

* * *

Украінская кампанія Bullet і амерыканская AIRO Group Holdings, Inc. падпісалі пагадненне аб намерах стварыць сумеснае прадпрыемства па вытворчасці высакахуткасных дронаў-перахопнікаў, паведамляецца ў прэс-рэлізе AIRO.

Партнёрства будзе базіравацца на прынцыпах 50/50 і будзе арыентавана на патрэбы ЗША, краін NATO і Украіны. Канчатковае падпісанне пагаднення чакаецца на працягу 60 дзён.

Тэхнічныя характарыстыкі дронаў уражваюць: яны здольныя развіваць хуткасць да 300 міль у гадзіну (450 км/г), пераадольваць адлегласць да 200 км і несці груз ад 2,5 да 9 кг.

У прэс-рэлізе адзначаецца, што прадпрыемства таксама сканцэнтруецца на даследаваннях і распрацоўках перахопліваючых і ўдарных канфігурацый наступнага пакалення.

«Хуткасць 300 міль у гадзіну забяспечвае беспрэцэдэнтную хуткасць рэагавання на паветраныя пагрозы, а правераная баявая эфектыўнасць дронаў у аперацыях ва Украіне дэманструе надзейнасць у рэальных умовах», — гаворыцца ў паведамленні.