Краты — гэта ўмоўнасць? Да дня народзінаў Максіма Знака

42 гады сёння спаўняецца вядомаму юрысту, паэту і проста добраму чалавеку, палітзняволенаму Максіму Знаку. Чалавеку, які ўласнай свабодай плаціць за права быць сабой і ўсе астатнія правы — для нас усіх.

Максім Знак

Максім Знак

Дзіўны месяц верасень: для кагосьці ён азначае канец любімых летніх вакацый, для кагосьці — пачатак новага квартала, пачатак восені, працы, новага жыцця... Для героя гэтага тэксту Максіма Знака гэты месяц не аднойчы вызначыў яго лёс — у літаральным сэнсе слова: 4 верасня палітвязень адзначае свой дзень народзінаў, 9 верасня — чарговую гадавіну затрымання, 6 верасня — вынясенне прысуду. У некаторым сэнсе, пачатак восені стаў для яго і нараджэннем, і маленькай смерцю, і пачаткам іншага жыцця.


Злачынства


Калі трэба сазнацца ў злачынстве —

Прызнаю, вінаваты, я скраў:

Я пабачыў жоўтае лісце,

Хоць такога ўжо не чакаў.

Звыкся з думкай, што восень-гарэза

Сыдзе прэч, не спаткаюся з ёй,

Але дыхаў я водарам лесу

І скраў восень, восень са мной.

Восень — такая пара года, калі штосьці пачынае аджываць сваё, а штосьці толькі нараджаецца. Прырода рыхтуецца да зімы, а людзі, якія за лета паразбягаліся па розных кутах свету, цягнуцца адно да аднаго з новай сілай, бо разам не так страшна перажываць зіму. Разам не так страшна — менавіта пра гэта гаварыў Максім, калі ў 2020 годзе мы баяліся пачуць уласныя галасы. Разам мы можам усё — і мы сапраўды маглі: супрацьстаяць злу, гледзячы ў вочы адно аднаму, бяззбройныя, прыгожыя, з усмешкамі на тварах. 


Глядзіце таксама

Зло паспрабавала сцерці гэтыя ўсмешкі, але не атрымалася. І тады яно вырашыла схаваць іх ад нас — уласна, таму вось ужо больш за дзвесце дзён няма аніводнай звесткі пра тое, дзе Максім і ў якім ён стане. Ці будзе так усе 10 гадоў, якія незаконна прысудзілі юрысту так званыя «суддзі» рэжыму? 


Стыд


Это подло – судить втихаря.

Низко. Стыдно. И неприлично.

Я публично призвал? К бунту? Я?

Обвините хотя бы публично.


Тайный сговор? С кем, как и когда?

Для чего тайный суд в другом доме?

Тайный суд — это ведь навсегда:

Ведь такое и в Лете не тонет.


Экстремистская группа? Враньё!

Разве что призрак «тройки» кровавый

И, скрывающий имя своё,

Эксперт в чёрном стыде балаклавы.

За апошнія гады многае страціла сэнс. Я заўсёды цяпер кажу, што ўжо не важна, кім мы былі ў мінулым жыцці, у жыцці да рэпрэсій, якія пасады займалі і колькі грошай зарабілі — важна адно толькі тое, кім мы ёсць цяпер. У выпадку з Максімам Знакам гэта не зусім так. Юрыст — чалавек слова, слова, дадзенага ім іншаму чалавеку, якога ён будзе абараняць, і слова, прамоўленага ў судзе, слова Закону. Закон — тое, што мы страцілі ў 2020 годзе, але слова — застаецца. Людзі слова застаюцца, і гэта тое, што не дае апускаць лапкі, тое, што трымае надзею: нават там, за кратамі, Максім Знак застаецца Максімам Знакам, чалавекам гонару і годнасці — гэта бачна па яго вершах, якія я тут цытую. А гэта значыць, што ў зла, у сістэмы нічога не атрымліваецца.


Глядзіце таксама

Краіна ляжыць у руінах права. Менавіта Максім даў гэтаму трапнае азначэнне «прававога дэфолту», маючы на ўвазе крах сістэмы правасуддзя і нарастаючы гул жорнаў рэпрэсій. Гэта толькі адзін з прыкладаў таго, як удала і трапна можна падабраць словы, якія пасля — я ўпэўненая ў гэтым — у падручніках будуць даваць азначэнне нашаму часу. І яшчэ я ўпэўненая ў тым, што потым, на волі, Максім прыдумае шмат іншых, не менш трапных і важных слоў, якія раскажуць пра турму і няволю, пра карнікаў і іх ахвяр і пра тое, як людзі выжывалі, трымаліся, скараліся, верылі і ламаліся, як сустракалі кожны новы дзень — з надзеяй на лепшае або без яе.


Яешня


З жоўтага сонца і з белых аблокаў

Зранку сабе прыгатую яешню.

Выйду на чоўне — бясконца навокал:

Неба і мора ў блакіце адвечным.


Шэрасцю хваляў можна не дыхаць,

Шэрым дажджам надакучыла ліць.

У ранішнім моры светла і ціха,

Толькі яешня ціхенька шкварчыць.

Чалавек слова ўмее сказаць адным радком нашмат больш, чым іншы — цэлым тэкстам. Я чытаю вершы Знака і не магу пазбавіцца думкі, што раней мы, беларусы, толькі аднаго чалавека ласкава і з любоўю называлі Максімам — класіка Багдановіча. Цяпер у нас іх двое — і абодва паэты, абодва — людзі тонкага слыху і чулай душы, і кожны з іх па-свойму ўнікальны. 


Глядзіце таксама

Мы прывыклі да таго, што юрысты гавораць сухой казённай мовай заканадаўчых актаў і даведнікаў. Але паглядзіце — колькі фарбаў, колькі пачуцця ў вершах Знака! Як вершы, ён піша свае лісты, як вершы выглядаюць яго кароткія апавяданні, у якіх адным радком ён перакульвае сэнс, і становіцца зразумела, што за літаральнасцю сказанага — яшчэ, і яшчэ, і яшчэ... За літаральнасцю сказанага — набалелае, не астылае, тое, чым жывуць людзі там, па той бок кратаў, і пра што думаюць па начах.


Гэта мы

Па распарадку дня ў хаце належала прыбірацца раніцай і ўвечары. Але ўсюды, апроч карцара, хапала аднаго разу. «Кешары на нары!» — і наперад, да праверкі, шчоткай і шуфлікам, губкай і анучай цягні жылы. Але навошта прыбірацца кожны дзень у прасторы, дзе вольны толькі невялікі кавалачак падлогі і дзе кожны вельмі ўважліва сочыць за тым, каб не пакідаць сваё асабістае смецце? Нават адзін валасок можа стаць падставай для буйной сваркі; таму ў прыстойных «хатах» няўклюд няма. А прыборкі — па-сапраўднаму — кожны дзень ёсць.

Рухі шчоткі (з венікам не ўсім шанцуе — рэдкасць) кароткія і артыстычныя. Шчотка пастуквае па падлозе пры кожным удары — каб пыл стрэсваўся. Крыху падобна да чачоткі. Анучу даводзіцца мыць некалькі разоў, да часу, пакуль яна не перастане пэцкаць ваду.

Сёння было ягонае дзяжурства, і з гэтай нагоды ён прэзентаваў набытыя на апошняй «атаварцы» інструменты: «савок» (так і напісана па-руску), анучу для падлогі, сродак для сантэхнікі, пральны парашок (дадаць шчопаць, мыючы падлогу, для свежасці) і губкі. Усё гэтае багацце тут удалося купіць — рэдкая ўдача!

Праз дзесяць хвілін пасля пачатку прыборкі ён са здзіўленнем глядзеў на вялікую чорную граду смецця. Новы «савок» давялося напаўняць двойчы. А ўчора была дакладна такая ж куча. Страціўшы надзею зразумець, хто цягае смецце ў камеру, ён вырашыў спытаць:

— Прыбіралі ж! Адкуль гэта ўсё?

— Ды ты паглядзі: пыл з коўдраў, з ваты, дробныя кавалкі тынкоўкі з муроў, пабелка зверху. Гэта мы. Гэта мы пакрысе руйнуем турму.


Можна было б сказаць, што краты — гэта толькі ўмоўнасць: праз свае лісты, якія сталі кнігай, Максім размаўляе сёння з цэлым светам. Яго тэксты чытаюць нобелеўскія лаўрэаты, пра яго гавораць палітыкі і грамадскія дзеячы, імя Максіма Знака стала знакам якасці ў свеце юрыстаў і адвакатаў. Яшчэ б: не кожны гатовы сесці ў турму за тое, што ён абараняе. Не кожны гатовы аддаць дзесяць гадоў жыцця проста ў нікуды — бо яшчэ невядома, што будзе далей, хто пераможа і чые ідэі будуць кіраваць светам. Трэба мець вялікую веру і адчайную галаву, каб пагадзіцца ісці да канца — і нават там, у канцы, не здавацца. 


Глядзіце таксама

У беларускім культурным полі час ад часу з“яўляюцца праекты з гучнымі назвамі кшталту «Сапраўдныя», «Вольныя», «Бачныя». Калі б я рабіла праект па тэкстах Знака, я б назвала яго «Нязломныя». Тое было б не зусім праўдай, бо насамрэч гэта Максім нязломны, а не яго тэксты, але мне хочацца верыць, што праз яго вершы і апавяданні крышачку больш трывалым становіцца кожны, хто так ці інакш сутыкаецца з ім — з чалавекам, які нават з-за кратаў прарастае жывымі словамі, пасля якіх хочацца жыць.


Клинки


Как стали вы сталью? Как сталью вы стали? —

Спросите застывшие в ножнах клинки.

— Нас били и мяли, калили, ковали,

И стали клинками железа куски.


Малиновым жаром узоры волокон

Сплетали их вместе и плавили вновь.

Студили их кровью, слезами и потом.

Мы сразу привыкли пить слезы и кровь.


Малиновым жаром, удар за ударом,

Сперва раскалив до конца, добела,

Пасть горна сияла, и не было мало,

И слабость исчезла, и трусость прошла.


Как стали мы сталью? Нас били, пытали

Кромсали на части и в горне нас жгли.

Хоть мы не хотели быть яростной сталью,

Но сталью не стать мы уже не могли.

207 дзён рэжым трымае ў няведанні пра лёс Максіма яго родных, блізкіх, сяброў. Больш за паўгода, за якія ў кагосьці змянілася месца жыхарства ці працы, хтосьці нарадзіўся, а хтосьці памёр, выйшла новая кніга, скончылася адукацыя, завязаліся новыя стасункі ці сышлі ў нябыт старыя. Паўгода сваё маленькае жыццё адбылі за кратамі тысячы вязняў, якіх каты трымаюць у закладніках як гарантыю свайго існавання, яе помсту за тое, што гэтае існаванне падыходзіць да свайго лагічнага канца. Мне хочацца пажадаць сіл і сталёвасці Максіму ў яго вымушанай маўклівай барацьбе за жыццё па правілах і законах, за якое ён плаціць сваёй свабодай, і яшчэ — каб гэтая жорсткая і бесчалавечная барацьба скончылася для яго перамогай. 


Я надеюсь, что никто по мне не плачет.

Я надеюсь, что никто по мне,

Что никто и никогда ни разу не,

Я надеюсь, всё совсем иначе.

Я пишу с улыбкой, и глаза

Вечно улыбаются кому-то,

Буквы пляшут на листе, как будто

Что-то могут в танце рассказать.

Белое получите — не верьте!

Там ведь жёлто-красно наверху!

Просто представляйте, что могу

Лист раскрасить и прислать в конверте.