Віцебскае дэжавю. Чаму Лукашэнка зноў лаецца на чыноўнікаў, і нават тымі ж словамі
Хлеб заканчваецца, засталіся толькі відовішчы. Дый тыя ўжо нават не папахваюць — канкрэтна смярдзяць нафталінам. Але нічога новага, акрамя як па-старому бэсціць сваіх жа прызначэнцаў, Лукашэнка не ўмее. Дый чыноўнікі, падобна, да разносаў ужо проста прывыклі, і абыякава «адбываюць нумар».

Калісьці мы любілі згадваць стары савецкі анекдот пра тое, як лідар кампартыі змагаўся з падзяжом жывёлы перафарбоўваннем хлява. А калі жывёла скончылася, ён сказаў: «Шкада, у мяне яшчэ столькі ідэй было!»
Дык вось, падобна, скончылася не толькі жывёла, але і фарба для кароўніку, і нават ідэі. Прынамсі, Лукашэнка зноў аблаяў чыноўнікаў за невыкананне яго даручэнняў і безініцыятыўнасць, зноў пагражаў усім турмой і зноў — з-за Віцебскай вобласці.
«Вы проста безадказныя людзі!.. За апошнія 4 гады арганізацыі вобласці скарысталіся дзяржпадтрымкай 1285 разоў! Фактычна кожны дзень камусьці выдзяляліся сродкі з бюджэту. Таму вы не можаце абвінаваціць, што вас хтосьці не чуў ці не дапамагаў... Доктар з Гомеля ці шахцёр з Салігорска аказалі вам падтрымку праз падатковую сістэму размеркавання бюджэтных даходаў. Таму я нічога нікому не спісваю. Вы гэтага не заслугоўваеце на сёння. Мяне народ упаўнаважыў спытаць з вас напоўніцу. Усебакова разабрацца, чаму вы гэтую падтрымку бяздарна разбазарылі і зноў прыйшлі з працягнутай рукой», — заявіў Лукашэнка.
«Віцебшчына проста патанула ў масе пустых абяцанняў, пасля не пацверджаных справамі — магу ўспомніць і чырвоных кароў у «Вусце», і вакцыны «БелВетУніфарма», і Аршанскі мясакансервавы камбінат… Ужо просіце дзяржпадтрымку нават знакамітаму «Белвесту»!» — разганяў Лукашэнка.
Ён паведаміў, што сукупны доўг вобласці на 1 верасня складае 1,6 млрд рублёў (500 млн долараў). З іх амаль мільярд (950 млн рублёў) неабходна выплаціць у найбліжэйшую пяцігодку, а даўгі аграрнага сектара Віцебшчыны ўжо рэструктуравалі ў 2016 і 2020 гадах. «Цяпер вы зноў прыйшлі і просіце падоўжыць выплаты аж да 2045 года. То-бок ніколі? Дзе вынікі?» — спытаў ён.
«Пачынаю падазраваць адкрыты сабатаж», — сказаў кіраўнік Беларусі.
Можна было б усклікнуць: «Ну нарэшце! Да яго дайшло!» Але не, бо невядома, дайшло ці не. Кожны раз пасля разносу і пошуку вінаватых Лукашэнка скрыгатаў зубамі, але згоў і зноў выдаткоўваў грошы на рэструктурызацыю даўгоў, падаўжаў выплаты і… Чакаў яшчэ некалькі гадоў, каб потым зноў зладзіць разнос.
Давайце ўспомнім: ён абяцаў падняць Оршу ў Віцебскай вобласці «з руін і попелу» ў 2017 годзе — восем гадоў таму. Праз год, у 2018-м, падчас рабочай паездкі ў Аршанскі раён ён крычаў на чыноўнікаў і адправіў у адстаўку нават некаторых міністраў: міністра прамысловасці Віталя Воўка, міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Чорнага, а таксама кіраўніка Аршанскага райвыканкама Аляксандра Пазняка.
Тады ж Лукашэнка абвінаваціў урад у «пафігістычным стаўленні да даручэнняў прэзідэнта». «Хто меў права адмяняць мае рашэнні?! Прэзідэнт паставіў публічна перад народам жалезабетонную задачу — вырашыць, і кропка. Усё трэба было кінуць сюды, каб паказаць, што прэзідэнт у краіне ёсць, і ён кіруе краінай, калі ўжо на тое пайшло. А вы заняліся сабатажам», — цытаваў яго тэлеканал «Беларусь 1».
Праз сем гадоў у тым жа рэгіёне мы чуем тыя ж словы: «безадказнасць», «пафігістычнае стаўленне», «сабатаж». Зноў кагосьці здымуць, кагосьці прызначаць, але па факце нічога не зменіцца. Толькі прапагандысты і перакананыя «ябацькі» будуць захапляцца: «Глядзіце, як ён зноў усіх разнёс! Вось ён усім паказаў! Ух ён які!»
Таму што менавіта на гэта «Віцебскае шоу» і разлічана. Каб усе думалі пра Віцебшчыну, а не пра тое, што ў іншых рэгіёнах сітуацыя не лепшая. Што намінальны налічаны сярэдні заробак у верасні знізіўся на 16 рублёў у параўнанні са жніўнем, і зніжаецца ён другі месяц запар, а гэта — ужо тэндэнцыя.
Перспектывы яго росту таксама вельмі туманныя. На мінулым тыдні Лукашэнка выказваў апасенні ў сувязі з гэтым, а на цяпер зноў заявіў, што грамадзянам краіны проста не варта чакаць высокіх заробкаў. «Заробак, заробак, дайце, дайце больш... Не настройвайце сябе на гэта. Нікому ніхто нічога не дасць», — сказаў Лукашэнка.
А калі хтосьці камусьці дасць, то інфляцыя ўсё з'ясі. Старшыня праўлення Нацбанка Раман Галоўчанка заявіў днямі, што інфляцыя ў краіне больш паскарацца не будзе, і да канца года яна захаваецца на бягучым узроўні — 7,1% у верасні.
«Мы нейкай вялікай рызыкі ўзмацнення інфляцыйных працэсаў не бачым. Больш за тое, так званая трэндавая (ці апераджальная) інфляцыя, якая разлічваецца намі на аснове спецыяльных методык, ачышчаных ад уплыву нейкіх кан'юнктурных фактараў, цяпер знаходзіцца на ўзроўні 6%. Таму я мяркую, што прыкладна на гэтым узроўні, які склаўся, мы павінны выйсці і на канец года.
Калі памятаеце, у ліпені гэтая лічба раўнялася 7,4%. Вядома, гэта крыху вышэй за нашу мэту ў 5% («крыху» — гэта на 42% — Заўв. рэд.). Але тут сваю ролю адыгралі разавыя фактары. Гэта і рост цэн у вытворцаў, і пэўны перанос інфляцыі ад нашага асноўнага эканамічнага партнёра — Расійскай Федэрацыі», — сказаў Галоўчанка.
Але мы ж усё ведаем, і праходзілі гэта не адзін раз. Калі нам кажуць, што «інфляцыі не будзе» — чакаем двухразовага росту цэн. Калі нам кажуць «не будзе дэвальвацыі» — бегам у абменнікі.
А тут яшчэ і кантрабандысты са сваімі паветранымі шарамі… Улады робяць выгляд, што яны ні пры чым, але мы ж памятаем, як напачатку прэзідэнцтва Лукашэнкі ў Беларусі быў збіты паветраны шар з падарожнікамі з ЗША. З тых часоў тэхніка пайшла далёка наперад, і без, прынамсі, бяздзеяння беларускай СПА столькі шароў у Літву б не заляцела.
А можа, і не бяздзеяння? Бо СПА ў нас даўно «саюзнае», а з Крамля каманды на збіццё гэтых шароў не паступала. І зноў пытанне — а ці кантралюе Лукашэнка ўласныя межы і ўласную паветраную прастору? Бо тут то шары, то «Шахеды» лётаюць, як родныя…
У любым выпадку, кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс ужо заклікаў Брусель увесці дадатковыя санкцыі ў дачыненні да банкаўскага і авіяцыйнага сектараў Мінска, каб утаймаваць «трансгранічную злачыннасць» Лукашэнкі. Гэта азначае, што не паспелі зняцьсанкцыі з «Белавія», як іх могуць увесці зноў.
Але навошта беларусам пра ўсё гэта ведаць? Хай глядзяць на разнос чыноўнікаў.