Форум Астрожскіх: як Беларусь і Украіна бачаць агульную будучыню?
Якую ролю Беларусь можа адыграць у рэгіянальнай бяспецы пасля вайны? Як аднавіць давер паміж беларусамі і ўкраінцамі? Як беларускае грамадства можа ўмацоўваць сувязі з Украінай і ўносіць свой уклад у дэмакратычную і бяспечную будучыню рэгіёну? Гэтыя і іншыя пытанні стануць цэнтральнымі падчас Форума Астрожскіх 2025, які пройдзе 11-15 лістапада ў Львове і Кіеве.

Фота з Hajun_BY
Падзея аб’яднае беларускіх і ўкраінскіх экспертаў, палітыкаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія абмяркуюць шляхі аднаўлення даверу, супрацы і сумеснага бачання дэмакратычнай і бяспечнай будучыні рэгіёну.
Арганізатары запрашаюць да ўдзелу ў форуме прадстаўнікоў і прадстаўніц грамадскага сектара, медыяў і палітычнай сферы з Украіны і Беларусі
Форум Астрожскіх 2025 — гэта ўжо чацвёртая сустрэча экспертаў, аналітыкаў, палітыкаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі і Украіны, прысвечаная будучыні беларуска-ўкраінскіх адносін і фармаванню дэмакратычнай і бяспечнай рэгіянальнай прасторы.
Форум — адна з найважнейшых інтэлектуальных пляцовак, якая аб’ядноўвае больш за 100 удзельнікаў з Беларусі, Украіны і іншых еўрапейскіх краін для супольнага бачання рэгіянальнай бяспекі, дэмакратычнага развіцця і супрацоўніцтва, а таксама для аналізу бягучага стану беларуска-ўкраінскіх адносін.
Экспертная частка (11-12 лістапада, Львоў) аб’яднае беларускіх і ўкраінскіх даследчыкаў, аналітыкаў і культурных дзеячаў для размовы пра супрацу ў сферах культуры, медыя, рэлігіі і рэгіянальнай стабільнасці.
У цэнтры ўвагі — сучасны стан беларуска-ўкраінскіх адносін, грамадскія настроі, дэкаланіяльнае вымярэнне культурнай і інфармацыйнай супрацы, роля рэлігіі ў грамадскім жыцці і сумеснае асэнсаванне гістарычнай памяці.
Падчас форума таксама будуць прадстаўлены вынікі даследаванняў у розных сферах беларуска-ўкраінскіх адносін у 2024-2025 гадах, падрыхтаванага аналітыкамі ўдзельных арганізацый.
Палітычная частка (14-15 лістапада, Кіеў) аб’яднае беларускіх і ўкраінскіх палітыкаў, дыпламатаў і экспертаў для адкрытых дыскусій пра будучыню беларуска-ўкраінскіх адносін і ролю Беларусі ў архітэктуры рэгіянальнай бяспекі.
У цэнтры ўвагі — стратэгія Украіны, Беларусі і беларускіх дэмакратычных сілаў у адносінах адзін да аднаго, рэгіянальная бяспека, адказнасць рэжыму Лукашэнкі, роля і месца беларусаў у аднаўленні постваеннай Украіны, моладзевая палітыка, журналісцкія расследаванні.
Палітычная частка будзе адкрытай для публікі і медыя.
Форум арганізуюць беларускія і ўкраінскія арганізацыі: Рада знешняй палітыкі «Украінская прызма», Украінскі каталіцкі ўніверсітэт, Інстытут «Палітычная сфера», Free Belarus Center, Еўрапейскі дыялог і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі пры падтрымцы Еўрапейскай камісіі, Konrad Adenauer Stiftung, Friedrich-Ebert-Stiftung (FES).
Паводле Аргкамітэту Форуму