Пуцін падпісаў закон, які прадугледжвае прызыў у войска на працягу ўсяго каляндарнага года

Афіцыйна салдаты тэрміновай службы не могуць ваяваць ва Украіне, аднак іх усяляк прымушаюць перайсці на кантракт. І гэта не дзіва, бо страты Расіі ва Украіне склалі палову арміі РФ, якую яна мела ў 2022 годзе. Расія разгортвае ў «другім эшалоне» нават паўночнакарэйцаў. Ідуць 1351-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 154 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 5 лістапада.

Траціна боесутыкненняў — 52 — адбылася на Пакроўскім кірунку ў раёнах Шахава, Новага Шахава, Чырвонага Ліману, Мірнаграду, Новаэканамічнага, Радзінскага, Лісоўкі, Новапаўлаўкі, Пакроўску, Зверава, Удачнага, Дачнага і іншых.

На Славянскім кірунку Сілы абароны адбілі 17 атак расіян паблізу Серабранкі, Выімкі, Пераезнага, Сіверска і ў кірунку Дроноўкі.

На Аляксандраўскім кірунку расійцы здзейснілі 15 атак у бок Ягораўкі, Новаіванаўкі, Ялты, Сасноўкі, Стэпавага, Вербава.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 11 атак у раёнах Плешчыеўкі, Александра-Шульціна, Іванаполля, Яблонаўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 10 разоў каля Грэкаўкі, Навасёлаўкі, Каровінага Яру, Дробышава і ў кірунку Лімана.

* * *

Аналітычны праект DeepState паведамляе, што сітуацыя ў Пакроўску застаецца крытычнай. У выпадку акупацыі Пакроўска, Мірнаград рызыкуе аказацца адрэзаным ад «знешняга свету».

Расіяне «працягваюць сваё накапленне ў горадзе, дзе ажыццяўляецца яго пастаянная фіксацыя і паражэнне літаральна па ўсім населеным пункце. Адначасова з гэтым ідзе паступовае яго паглынанне, дзе расіяне ўжо ажыццяўляюць кантроль над мясцовасцю, уладкоўваюць пазіцыі, маюць месцы для накаплення і кантралююць сваю лагістыку для прасочвання ў горад», — адзначае DeepState.

«Калі ў кантэксце Пакроўска мы гаворым аб паглынанні горада, то Мірнаград проста адразаецца ад "знешняга" свету і яго страта будзе найбольш крыўднай сярод усіх буйных гарадоў, бо яго возьмуць, нават нармальна не замацаваўшыся там», — лічаць аналітыкі.

* * *

Групоўка войскаў Украіны «Усход» паведамляе, што пошукава-ўдарныя дзеянні УСУ ў Пакроўску працягваюцца, расійскія войскі нясуць страты. Лагістыка пакуль забяспечваецца, хоць яна і ўскладнена.

Цяпер працягваюцца пошукава-ўдарныя дзеянні па выяўленні і знішчэнні расійскіх ДРГ у Пакроўску з прыцягненнем аператараў Сіл беспілотных сістэм і штурмавых падраздзяленняў. У горадзе працуюць групы Сіл спецыяльных аперацый, СБУ і ГУР Мінабароны Украіны, паведамляюць ва УСУ.

* * *

У ноч на 5 лістапада беспілотнікі атакавалі расійскую энергетычную інфраструктуру ў прыгарадзе Уладзіміра і ЦЭЦ у Арле.

* * *

577518934_1183353360644407_1965519440965646170_n.jpg

* * *

Марскія пастаўкі расійскай сырой нафты рэзка скараціліся са студзеня 2024 года, з-за санкцый ЗША супраць кампаній «Лукойл» і «Раснафта», піша Bloomberg.

Па даных адсочвання суднаў, сярэднія месячныя аб'ёмы перавозак з расійскіх партоў складалі 3,58 млн барэляў у дзень па стане на 2 лістапада, што прыкладна на 190 тысяч барэляў менш, чым паказчык за перыяд да 26 кастрычніка.

Падзенне патокаў ударыла па нафтавых даходах Масквы, якія ўпалі да самага нізкага ўзроўню са жніўня. Штотыднёва кошт экспарту ў сярэднім складаў каля 1,15 млрд долараў за 7 дзён да 2 лістапада, што на 27% менш, чым у папярэднім перыядзе.

Выданне адзначае, што разам Індыя, Кітай і Турцыя забіраюць больш за 95% расійскага экспарту нафты марскім транспартам, таму кампенсаваць любое значнае скарачэнне іх закупак будзе практычна немагчыма.

У сярэднім за суткі пастаўкі за тыдзень да 2 лістапада ўпалі да 3,02 млн барэляў у дзень, што з'яўляецца самым нізкім паказчыкам за апошнія 10 тыдняў.

* * *

Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін падпісаў закон, які прадугледжвае прызыў у войска на працягу ўсяго каляндарнага года, піша «РІА-Навіны».

Згодна з законам, з 2027 года ў Расіі прызыў у войска будзе праходзіць з 1 студзеня па 31 снежня. Пры гэтым адпраўляць грамадзян да месца праходжання службы будуць, як і раней, з 1 красавіка па 15 ліпеня і з 1 кастрычніка па 31 снежня.

Тэрмін яўкі па позве з ваенкамата не можа быць большы за 30 дзён з моманту яе публікацыі ў рэестры.

Варта заўважыць, што расійскія СМІ неаднаразова пісалі, што салдат тэрміновай службы ў РФ прымушаюць падпісваць кантракт, каб папоўніць падраздзяленні, што ваююць супраць Украіны. Маладым расіянам, якія адмаўляюцца падпісваць кантракт, пагражаюць збіццём, адпраўкай у армейскі ізалятар і нават «абнуленнем».

* * *

Каля 10 тысяч ваеннаслужачых Паўночнай Карэі разгорнутыя паблізу расійска-ўкраінскай мяжы, паведаміў дэпутат парламента Паўднёвай Карэі Лі Сонг Квон са спасылкай на даныя нацыянальнай разведвальнай службы краіны (NIS), перадае Euractiv.

Па словах Лі, з верасня КНДР адправіла ў Расію каля 5 тысяч ваенных будаўнікоў, якія паэтапна перакідваюцца для работ па так званаму «аднаўленню інфраструктуры». Разведка фіксуе прыкметы падрыхтоўкі да далейшага разгортвання асабовага складу.

Парламентарый дадаў, што разведвальная служба фіксуе «пастаянныя сведчанні падрыхтоўкі і адбору асабовага складу ў рамках падрыхтоўкі да далейшага разгортвання войскаў», што паказвае на доўгатэрміновы характар гэтага супрацоўніцтва. Разведка лічыць, што каля 10 тысяч паўночнакарэйскіх салдат ужо цяпер перакінутыя да расійска-ўкраінскай мяжы.

* * *

Спікер групоўкі УСУ «Курск» Аляксандр Невядомы заявіў, што найміты з КНДР не пераходзяць мяжу Украіны і знаходзяцца ў другім эшалоне.

Па словах Невядомага, украінскія ваенныя працягваюць утрымліваць некаторыя пазіцыі на тэрыторыі РФ у Курскай вобласці. Кірунак даволі актыўны, нягледзячы на памяншэнне штурмавых дзеянняў расіянамі. Апошнім часам расіяне дзейнічаюць малымі штурмавымі групамі па 2-4 салдаты, якія знішчаюцца. Цяжкую тэхніку яны не прымяняюць.

Па словах Невядомага, найміты з КНДР, якія прысутнічаюць у Курскай вобласці, мяжу не пераходзяць. Пры гэтым яны аказваюць дапамогу расіянам, выкарыстоўваючы дроны. Такім чынам іх «дронаводы» набываюць неабходны вопыт для вайны.