+23 палітвязні, новыя прысуды і папаўненне «экстрэмісцкіх» спісаў. Хронікі рэпрэсій 22 снежня

У Беларусі прызналі яшчэ 23 чалавекі палітвязнямі, КДБ абвясціў «экстрэмісцкім фармаваннем» ініцыятыву «Да Зораў», а суды працягваюць выносіць прысуды па палітычных артыкулах — ад «хатняй хіміі» да штрафаў і пазбаўлення волі.

1_1097_1.png

У Беларусі +23 новыя палітвязні

Праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 23 чалавекі. У спіс увайшлі:

Павел Іваноў, Валерый Залівака, Віталь Петручук, Аляксандр Караткевіч, Павел Шарко, Сяргей Салаш, Юрый Храмееў, Мікалай Ішчук, Уладзіслаў Якубоўскі, Уладзіслаў Макарэвіч, Сяргей Сікорскі, Сяргей Стрыбульскі, Аляксандр Бігель, Уладзіслаў Горскі, Ігар Чарпакоў, Валерый Пазнякевіч, Раман Канцавы, Валерый Сахарчук, Уладзімір Ісаеў, Вадзім Сычугоў, Яўген Сіцько, Уладзімір Леасевіч, Дзяніс Пяткевіч.

Ініцыятыву «Да Зораў» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»

КДБ Беларусі 17 снежня прызнаў ініцыятыву «Да Зораў» «экстрэмісцкім фармаваннем».

Паводле ведамства, да ініцыятывы нібыта маюць дачыненне Сямён Малашэнкаў і Аляксандр Чумакоў. Вядома, што Аляксандр Чумакоў — гусляр гурта «Стары Ольса».

Праваабаронцы паведамляюць, што затрыманні ў межах «справы “Да Зораў”» адбыліся напрыканцы лістапада. Ці былі затрыманыя менавіта Малашэнкаў і Чумакоў, пакуль невядома.

Заснавальніку арт-вёскі «Чырвоны Кастрычнік» прызначылі 4 гады «хатняй хіміі»

Гомельскі абласны суд асудзіў палітзняволенага Кірыла Краўцова паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) па так званай «справе Гаюна». Як паведамляе «Гомельская вясна», прысуд ужо ўступіў у законную сілу.

Кірыл Краўцоў — заснавальнік арт-вёскі «Чырвоны Кастрычнік» у Рэчыцкім раёне. Ён жыў там, займаўся рамесніцтвам, наладзіў ганчарную вытворчасць, арганізоўваў фестывалі і творчыя сустрэчы. Разам з аднадумцамі Краўцоў выкупіў некалькі дамоў у вёсцы, фактычна ўратаваўшы яе ад знікнення і стварыўшы эка-паселішча.

Кірыла затрымалі ў чэрвені. На волі ў яго засталіся жонка і непаўналетнія дзеці.

Жыхара Навагрудка асудзілі за «абразы міліцыянераў»

Паведамляецца, што мужчына нібыта пакінуў у інтэрнэце абразлівыя каментары на адрас начальніка Навагрудскага РАУС Руслана Хамко і начальніка аддзела крымінальнага вышуку Паўла Валенцюкевіча.

Суд прызнаў яго вінаватым і пастанавіў спагнаць грашовую кампенсацыю маральнай шкоды. Паводле паведамленняў, атрыманыя сродкі супрацоўнікі міліцыі патрацілі на падарунак навучэнцам спецыяльнай школы-інтэрната — быў набыты трэнажор.

Кіраўніка вытворчасці завода «МАЗ-Купава» асудзілі па палітычнай справе

49-гадовага Дзмітрыя Доўгаля асудзіў Мінскі абласны суд. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Верагодна, яму прызначылі «хімію» або пазбаўленне волі.

Дзмітрый атрымаў адукацыю ў Мінскім аўтамеханічным тэхнікуме, а пазней скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. З 2002 года працаваў на заводзе «МАЗ-Купава», дзе пачынаў слесарам і вырас да кіраўніка вытворчасці.

Ён таксама вядомы як гаспадар аўчаркі па мянушцы Норыс — сабака здымаўся ў серыяле «Вяртанне Мухтара. Новы след», ваеннай драме «Пёс Рыжы» і іншых фільмах, піша «Наша Ніва».

Новае ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Міністэрства інфармацыі Беларусі чарговы раз папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго ўключылі старонкі ў сацсетках «Медиа-Полесье», «Минск Беларусь мир новости», а таксама Telegram-каналы Astra і «Беларусь_360», паведамляе БАЖ.