Сон пра пустэчу: Anastasia Rydlevskaya выпусціла кінематаграфічны кліп «Limerence»
Беларуская мастачка Anastasia Rydlevskaya прадставіла кінематаграфічны кліп-слоўбёрнэр на песню «Limerence» — гісторыю пра страту, адзіноту і пустэчу, якая застаецца пасля людзей.

Беларуская мультыдысцыплінарная мастачка Anastasia Rydlevskaya папоўніла свой творчы сусвет новым візуальным выказваннем — кінематаграфічным кліпам на песню «Limerence» з апошняга альбома Snake Charmer.
«Limerence» — гэта гісторыя пра пустэчу, якую пакідаюць пасля сябе людзі. Пра адзіноту, бездапаможнасць і цяжар страты. Асноўнымі крыніцамі натхнення для каманды сталі эксперыментальныя фільмы рэжысёраў-сюррэалістаў Маі Дэрэн і Жана Както — аўтараў, якія размаўлялі з гледачом праз складана інтэрпрэтаваныя вобразы. А рэжысёры Роберт Эгерс і Ары Астэр дапамаглі знайсці адпаведную кінамову для кліпа.
Іх слоўбёрнэр-эстэтыка стала ідэальнай асновай для гэтай гісторыі: паступовае пагружэнне гледача ў падзеі, парушэнне звыклай прасторы, сціранне межаў паміж рэальнасцю і ўнутраным светам гераіні, наўмыснае падкрэсліванне фізіялагічнага аспекту смерці — пры ўсёй нерэальнасці таго, што адбываецца.
І хоць гэтая гісторыя — усяго толькі сон, кожны можа знайсці ў ім часцінку ўласнага ўнутранага болю і зразумець: прынамсі ў гэтым ён дакладна не адзінокі.
Крыніца: Anastasia Rydlevskaya [ youtube ]