Санта-Клаўс без цудаў: Каляды 2025 у палітычных карыкатурах

 Вайна, зброя, міграцыя, штучны інтэлект і сацыяльныя сеткі — нават калядныя карыкатуры сёлета не ўцякаюць ад глабальных крызісаў. Мы сабралі падборку малюнкаў, якія паказваюць, якім выглядае свет напярэдадні Калядаў-2025.

Каляды — светлае свята. Аднак сёлета хапае тэм, якія яго крыху азмрочваюць. Найперш, канечне, вайна Расіі супраць Украіны. Разбураны расійскай ракетай пернікавы домік украінскага дзіцяці — адзін з сімвалаў Каляд — стаў тэмай гэтага малюнка.

photo_2025_12_24_13_18_07.jpg

Другая кропка напружання на карце свету — Блізкі Усход, дзе Ізраіль блакуе Сектар Газа. Цяпер, як бачым на гэтым малюнку, туды цяжка патрапіць нават Санта-Клаўсу.

photo_2025_12_24_13_18_09.jpg

Наогул адным з галоўных маркераў мінулага года стаў рост выдаткаў на ўзбраенне. Невыпадкова на гэтай карыкатуры Санта-Клаўс дорыць палітыкам падарункі ў выглядзе зброі, а простым дзецям застаюцца толькі слёзы.

photo_2025_12_24_13_18_12.jpg

Не прайшлі графікі і міма фігуры Дональда Трампа, які актыўна ўплываў і, відавочна, будзе ўплываць на сусветныя працэсы. Іранізуючы з яго эгацэнтрызму, адзін з мастакоў адлюстраваў амерыканскага гаранта ў выглядзе Санта-Клаўса — з той розніцай, што гэты Санта-Клаўс не раздае падарункі, а забірае іх.

photo_2025_12_24_13_18_14.jpg

У фокусе амерыканскіх графікаў — і антыміграцыйная палітыка Трампа. На думку гэтага мастака, пад яе трапляюць нават Санта-Клаўс і яго памочнікі. Таму ён адлюстраваў супрацоўнікаў міграцыйнай службы ЗША, якія правяраюць у казачных персанажаў дакументы на працоўную візу.

photo_2025_12_24_13_18_16.jpg

Фіксуюць карыкатурысты і феномен штучнага інтэлекту, які выконвае ўсё больш функцый. Тут штучны інтэлект бярэ на сябе ролю Санта-Клаўса — а менавіта збірае дзіцячыя жаданні.

photo_2025_12_24_13_18_19.jpg

А гэты мастак, канстатуючы шалёную папулярнасць сацыяльных сетак, увогуле прапануе песімістычны сцэнар: хутка Каляды будуць выклікаць цікавасць выключна тады, калі калядная ялінка зможа «раздаваць інтэрнэт».

photo_2025_12_24_13_18_22.jpg

Як бачым, атмасфера каля Каляд сёлета даволі спецыфічная. З іншага боку, на тое і свята Каляды, каб людзі хаця б на нейкі час забыліся пра актуальныя праблемы. Так што давайце святкаваць. Усіх — са святам!