Масква лічыць немэтазгоднай сустрэчу з Трампам па Украіне
Спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што цяпер «няма неабходнасці» ў сустрэчы Пуціна і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа для ўрэгулявання вайны ва Украіне. У той жа час Турцыя прапанавала сваю тэрыторыю для перамоў. Ідуць 1347-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Агулам напрацягу мінулых сутак зафіксавана 143 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 2 лістапада.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 50 штурмаў расіян у раёнах Шахава, Мірнаграду, Чырвонага Ліману, Радзінскага, Новаэканамічнага, Дарожнага, Ніканораўкі, Удачнага, Мікалаеўкі, Лісоўкі, Зверава, Котліна, Маладзецкага, Філіі і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 19 атак у раёнах Александра-Шульціна, Плешчыеўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі.
На Аляксандраўскім кірунку адбылося 18 атак у раёнах Зялёнага Гаю, Студзеньскага, Тэрнаў, Вербава, Аляксееўкі і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку армія РФ атакавала 9 разоў у раёнах Ваўчанска, Каменкі і ў бок Калодезнага і Дварычанскага.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім), Ліманскім, і Славянскім кірунках адбылося па пяць атак на кожным.
* * *
Расійскія войскі ўзмацнілі штурмавыя дзеянні ў раёне Пакроўска Данецкай вобласці, спрабуючы цалкам захапіць горад, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Згодна з геалакацыйнымі кадрамі, абнародаванымі 31 кастрычніка і 1 лістапада, расіяне прасунуліся ў цэнтральную і паўднёва-ўсходнюю часткі горада.
Расійскія прапагандысты заяўляюць, што армія РФ нібыта паглыбілася ў цэнтр Пакроўска і прасунулася ў кірунку населенага пункта Котліна. У той жа час старшы афіцэр адной з украінскіх брыгад, якая трымае абарону на гэтым кірунку, распавёў, што расійскія войскі цяпер кантралююць прыкладна 60% тэрыторыі горада і зайшлі ў Радзінскае і Мірнаград.
Нягледзячы на гэта, новыя геалакацыйныя кадры сведчаць, што ўкраінскія абаронцы ўтрымліваюць пазіцыі, і нават прасунуліся ў цэнтры Радзінскага — у раёнах, якія раней расійская прапаганда абвяшчала захопленымі.
Па словах вайскоўца адной з украінскіх брыгад, якая дзейнічае паблізу Канстанцінаўкі і Дружкоўкі, пасля няўдалага штурму 27 кастрычніка расіяне паменшылі актыўнасць на гэтым участку фронту, верагодна перакінуўшы частку сіл для ўзмацнення наступлення на Пакроўск і Мірнаград.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 1 лістапада, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на поўнач ад Амбарнага (паўночны ўсход ад Вялікага Бурлука).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 31 кастрычніка, паказваюць, што ўкраінскія сілы прасунуліся на паўночным усходзе Ямпаля (паўднёвы ўсход ад Лімана).
* * *
Беспілотнікі Цэнтра спецаперацый «Альфа» Службы бяспекі Украіны і Сілы бяспекі і абароны адпрацавалі па нафтатэрмінале ў расійскім Туапсэ — пашкоджаны танкер і інфраструктура порта, паведамілі ў СБУ.
Зафіксавана пяць траплянняў беспілотнікаў – загарэўся танкер і выведзены з ладу зменшага чатыры нафтаналиўныя стэндэры, якія ажыццяўляюць загрузку і разгрузку танкераў. Пашкоджаны таксама партовыя будынкі.
Улады Краснадарскага краю пацвердзілі атаку і пажар на танкеры.
У ноч на 2 лістапада Расія атакавала Украіну дзвюма балістычнымі ракетамі Іскандэр-М, 79 БпЛА. Па даных Паветраных сіл, зафіксаваны збіццё і падаўленне 67 БпЛА.
Расіяне ўдарылі па грамадзянскай інфраструктуры Адэскай вобласці, ёсць двое загінулых.
Балістычнымі ракетамі і БпЛА была атакаваная Чарнігаўская вобласць: ударам падвергнуліся Карукіўскі раён і горад Ноўгарад-Северскі. Зафіксавана два траплянні па сельскагаспадарчым прадпрыемстве, інфармацыя аб пацярпелых не паступала.
* * *

* * *
Двое ваеннапалонных з Паўночнай Карэі, якія ваявалі на баку Расіі, звярнуліся з просьбай перадаць іх Паўднёвай Карэі, піша Deutsche Welle.
Размова адбылася 28 кастрычніка ў Кіеве, дзе палонныя знаходзяцца пад кантролем украінскага боку. Інтэрв'ю каардынавала паўднёвакарэйская праваабарончая арганізацыя Gyeore-eol Nation United. Па яе дадзеных, адзін з вайскоўцаў ужо раней звяртаўся з падобнай просьбай.
Па ацэнках выведкі Паўднёвай Карэі, каля 10 тысяч паўночнакарэйскіх салдат маглі быць адпраўленыя ва Украіну ў 2024 годзе для падтрымкі расійскіх войскаў. У верасні паўднёвакарэйская спецслужба заявіла, што ў выніку баявых дзеянняў ва Украіне загінулі каля 2000 паўночнакарэйскіх вайскоўцаў.
Паўднёвакарэйская выведка таксама паведамляла, што салдатам КНДР часта загадваюць накладаць на сябе рукі, каб пазбегнуць палону. У выпадку ранення яны здзяйсняюць самападрыў з дапамогай гранат.
* * *
Турцыя гатовая зноў стаць пасрэднікам у мірных перамовах паміж Украінай і Расіяй, заявіў кіраўнік МЗС Турцыі Хакан Фідан на форуме TRT World Forum, піша Yeni Şafak.
Паводле яго слоў, Анкара гатова прыняць чацвёрты раўнд перамоваў паміж дэлегацыямі дзвюх краін, а таксама патэнцыйны саміт лідараў у Стамбуле.
«Тры раўнды перамоваў паміж дэлегацыямі РФ і Украіны ў Стамбуле прывялі да адчувальных вынікаў, у прыватнасці да абмену палоннымі і аднаўлення прамога дыялогу паміж бакамі. Мы шчыра верым, што дыпламатыя застаецца адзіным шляхам да мірнага вырашэння крызісу ва Украіне», — заявіў кіраўнік МЗС Турцыі.
Фідан падкрэсліў, што Турцыя і ў далейшым будзе падтрымліваць дыпламатычныя намаганні для дасягнення міру і гатовая даць сваю пляцоўку для прамых перамоваў паміж Кіевам і Масквой.
* * *
Цяпер няма неабходнасці ў сустрэчы расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа для ўрэгулявання вайны ва Украіне, заявіў спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў расійскім СМІ.
«Гіпатэтычна разважаючы, яна (сустрэча) магчымая, але на дадзены момант у ёй няма неабходнасці. На дадзены момант ёсць неабходнасць вельмі карпатлівай працы над дэталямі праблемы ўрэгулявання», — сказаў ён.