Пуцін хоча ўвесь Данбас дзеля экстрэмальнага турызму?

Расійскія ўлады плануюць развіваць самы экстрэмальны турызм, які можна сабе ўявіць: турызм на вайну. Славутасцямі, якія будуць паказваць, павінны выступаць зруйнаваныя ўшчэнт украінскія гарады. А Пуцін працягвае казаць, што «Данбас наш» і прэтэндуе на незахопленыя тэрыторыі Украіны. Ідуць 1402-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Бахмут у 2025 годзе. Фота з novosti.dn.ua

Бахмут у 2025 годзе. Фота з novosti.dn.ua

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 121 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 26 снежня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 28 штурмавых дзеянняў расіян паблізу Чырвонага Ліману, Радзінскага, Мірнаграду, Леантовічаў, Котліна, Маладзецкага, Філіі, Дачнага, Грышына і іншых.

На Канстанцінаўскім і Аляксандраўскім кірунках расіяне здзейснілі па 15 атак на кожным.

На Ліманскім кірунку расійцы правялі дзевяць атак каля Навасёлаўкі, Ставак, Новасергіеўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім і Гуляйпільскім кірунках зафіксавана па сем атак на кожным.

* * *

Украінскія абаронцы за 100 дзён дэакупавалі пяць вёсак у Днепрапятроўскай вобласці. Асноўная частка аперацыі праходзіла восенню, паведамляе ўкраінскі 225-ы асобны штурмавы полк у Telegram.

«Аперацыя па вызваленні населеных пунктаў доўжылася восенню 2025 года больш за 100 сутак пры падтрымцы байцоў 20-га армейскага корпуса», — сказана ў паведамленні палка. Гаворка ідзе пра вёскі Арэстопаль, Сасноўка, Харошае, Вараное, Навасёлаўка.

Гэта ўнікальны выпадак, калі падраздзяленне на працягу больш як 100 дзён утрымлівала пазіцыі і прасоўвалася наперад, гаворыцца ў паведамленні.

* * *

У ноч на 26 снежня армія РФ атакавала Адэсу беспілотнікамі. Адзін з іх уразіў аб’ект інфраструктуры горада. Паводле папярэдніх даных, загінулых і пацярпелых няма.

Увечары 25 снежня расійскія войскі нанеслі ўдар па аб’екце крытычнай інфраструктуры ў Валынскай вобласці. Удар расцэньваецца як чарговы акт ціску на грамадзянскую інфраструктуру. Абстрэл не прывёў да ахвяр.

Уначы РФ атакавала Мікалаеў і прыгарад некалькімі ўдарнымі дронамі, папярэдне тыпу «Маланка». У выніку ўдару частка абанентаў Мікалаеўскага раёна засталася без электразабеспячэння.

* * *

600906295_1222175813428828_5772100649634916039_n.jfif

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў размову са спецыяльным прадстаўніком лідара ЗША Дональда Трампа Стывам Уіткафам і яго зяцем Джарэдам Кушнерам.

«Дзякуй за канструктыў, інтэнсіўную працу і за добрыя словы і віншаванні ўкраінцаў з Калядамі. Працуем рэальна 24/7, каб наблізіць заканчэнне гэтай жорсткай расійскай вайны супраць Украіны і каб зрабіць усе дакументы і крокі рэалістычнымі, эфектыўнымі і надзейнымі», — напісаў Зяленскі ў Telegram.

Паводле яго слоў, бакі абмеркавалі некаторыя істотныя дэталі. «Ёсць добрыя ідэі, якія могуць спрацаваць дзеля агульнага выніку і доўгага міру. Сапраўдная бяспека, сапраўднае аднаўленне, сапраўдны мір — гэта тое, што патрэбна ўсім нам ва Украіне, у Злучаных Штатах, у Еўропе і кожнаму з партнёраў, хто нам дапамагае. Спадзяюся, што нашы сённяшнія калядныя дамоўленасці і ідэі, якія абмеркавалі, будуць карыснымі», — заявіў Зяленскі.

«Ужо гатовыя некаторыя дакументы. Я бачу, што яны гатовыя амаль цалкам — некаторыя дакументы гатовыя. Вядома, па адчувальных пытаннях яшчэ трэба папрацаваць. Але мы разам з амерыканскай камандай разумеем, як гэта ўсё забяспечыць», — дадаў Зяленскі ў вячэрнім звароце да ўкраінцаў.

* * *

Уладзімір Пуцін заявіў пра захаванне тэрытарыяльных прэтэнзій на Данбас і адмову абмяркоўваць вяртанне Краматорска-Канстанцінаўска-Славянскага вузла, паведамляюць расійскія СМІ.

У чацвер, 25 снежня, на пераднавагоднім пасяджэнні Дзяржсавета РФ Пуцін абмеркаваў унутраныя пытанні Расіі, аднак асаблівую ўвагу надаў перамоўнаму працэсу з ЗША і Украінай па мірным плане. Паводле інфармацыі аднаго з расійскіх прапагандысцкіх выданняў, галоўнай тэмай сталі тэрытарыяльныя патрабаванні РФ да ўкраінскага Данбаса.

Паводле расСМІ, Пуцін заявіў, што Расія працягвае настойваць на перадачы ёй усёй тэрыторыі Данбаса, якую яна не змагла захапіць падчас ваенных дзеянняў. Крамлёўскі дыктатар працягвае паўтараць наратыў пра «Данбас наш», і заявіў, што «пытанне аб прыналежнасці Краматорска-Канстанцінаўска-Славянскага вузла не абмяркоўваецца».

Пры гэтым ён не выключыў магчымасць частковага абмену тэрыторыямі з расійскага боку, але не ўдакладніў, пра якую менавіта тэрыторыю ідзе гаворка.

* * *

Акупацыйная адміністрацыя ў Данецкай вобласці працуе над праектам так званага «ваеннага турызму», нягледзячы на баявыя дзеянні, што працягваюцца. Паводле задумы Крамля, разбураныя вайной гарады павінны стаць турыстычнымі маршрутамі і крыніцай прыбытку, піша The Times.

«Ініцыятыва мае на мэце прыцягнуць турыстаў да "месцаў воінскай славы" і стымуляваць мясцовую эканоміку», — заявіў віцэ-прэм’ер самаабвешчанай «ДНР» Кірыл Макараў. Пры гэтым ён не ўдакладніў, як менавіта акупацыйныя ўлады плануюць гарантаваць бяспеку наведвальнікаў у рэгіёне, дзе баявыя дзеянні не спыняюцца.

Сярод ключавых лакацый называюцца Марыупаль і Бахмут, амаль цалкам разбураныя расійскімі бамбардзіроўкамі.

Праект «ваеннага турызму» з’яўляецца часткай агульнарасійскай праграмы «Турызм і гасціннасць», запуск якой запланаваны на 2026 год. Паводле слоў Макарава, у аднаўленне гасцініц і інфраструктуры Данеччыны плануюць інвеставаць каля мільярда рублёў, аднак крыніцы фінансавання не раскрываюцца.

The Times піша, што ў многіх раёнах нават вада падаецца нерэгулярна або адсутнічае наогул — жыхары вымушаныя капаць калодзежы або збіраць дажджавую ваду. Улетку ў інтэрнэце з’явілася відэа, дзе дзеці з акупаваных тэрыторый звяртаюцца да Пуціна з просьбай дапамагчы з водазабеспячэннем. Нягледзячы на гэта, Пуцін публічна называе Данецкую і Луганскую вобласці «ўрадлівай глебай для развіцця турызму» і заклікае бізнес інвеставаць у рэгіён.

Прызначаны Крамлём мэр Марыупаля Алег Моргун заявіў, што да 2030 года горад можа наведаць да мільёна турыстаў, прызнаўшы пры гэтым «сур’ёзныя праблемы з інфраструктурай».