Зяленскі згодны на рэферэндум па тэрыторыях, аднак для гэтага трэба спыненне агню
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што згодны правесці рэферэндум па асаблівым статусе тэрыторый Данецкай вобласці, але для гэтага трэба спыненне агню не менш чым на 60 дзён. Тым часам Расія будзе настойваць на карэкціроўцы «мірнага плана Трампа». Ідуць 1401-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Агулам на працягу мінулых сутак зафіксавана 151 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 25 снежня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 36 наступальных дзеянняў расіян паблізу Іванаўкі, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Сухецкага, Мірнаграду, Пакроўску, Дачнга, Філіі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку расійцы 21 раз атакаваў пазіцыі УСУ паблізу Салодкага і Гуляйполя.
На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 16 атак паблізу Канстанцінаўкі, Аляксандра-Шульціна, Пляшчыеўкі, Сафіеўкі, Клебан-Быка, Русінага Яру.
На Аляксандраўскім кірунку арсмія РФ 13 разоў атакавала каля Андрэеўкі-Кляўцова, Зялёнага Гаю, Аляксандраграду, Вішнёва, Рыбнага, Краснагорскага і Прывольнага.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку зафіксавана 10 разоў штурмаў у раёнах Прыліпак, Ваўчанскіх Хутароў, Дварычанскага і ў бок Ізбіцкага, Грыгорыўкі і Калодзежнага.
* * *
Падраздзяленні Сіл абароны Украіны стрымліваюць націск расіян і адбіваюць расійскія штурмы, паведамляе ўкраінская групоўка войскаў «Усход» у Facebook.
У паведамленні гаворыцца, што Сілы абароны Украіны па-ранейшаму кантралююць паўночную частку Пакроўска. У цэнтральнай частцы горада ўкраінскія воіны блакуюць прасоўванне праціўніка.
У Мірнаградзе ўкраінскія падраздзяленні трымаюць абарончыя рубяжы і ліквідуюць расіян на подступах да горада. Праз немагчымасць усталяваць кантроль над Пакроўскам армія РФ узмацняе ціск на Мірнаград, засяродзіўшы ў раёне Мірнаграда каля дзесяці падраздзяленняў.
* * *
Расійскія войскі прасунуліся ў трох абласцях Украіны, паведаміў аналітычны праект DeepState. Згодна з данымі аналітыкаў, армія РФ прасунулася каля Кандратаўкі ў Сумскай вобласці; у Ваўчанску Харкаўскай вобласці і Мірнаградзе Данецкай вобласці. Мірнаград аналітыкі вызначаюць як «шэрую зону» — месца, дзе немагчыма сказаць, пад чыім кантролем яно знаходзіцца.
* * *
Расійскія ваенкары масава скардзяцца, што інфармацыя іх Генштаба істотна адрозніваецца ад рэальнай сітуацыі ў Купянску Харкаўскай вобласці. Прапагандысты са спасылкай на вайскоўцаў РФ пішуць, што рэальны стан у горадзе стаў «горшым за крытычны» для іх войскаў.
Адзін з найбуйнейшых расійскіх Telegram-каналаў, які нібыта звязаны з Мінабароны РФ, «Рыбарь» скардзіцца на «сістэматычнае» перабольшванне поспехаў і перадачу няправільнай інфармацыі на ўзровень вышэй, што прыводзіць да памылковых рашэнняў. Праз гэтыя даклады рэзервы, якія павінны былі выкарыстоўвацца для акупацыі Купянска, былі перакінутыя на іншыя кірункі.
Таксама, паводле «Рыбаря», у снежні адно з падраздзяленняў страціла амаль паўтары сотні салдат на подступах да адной з вёсак, «вызваленых» Генштабам РФ яшчэ ў лістападзе.
«Рыбарь» заяўляе пра сітуацыю, «горшую за крытычную» для расіян, якія знаходзяцца ў Купянску: «Значная частка плацдарма на заходнім беразе ракі Аскол, у тым ліку вёскі Кандрашоўка, Радзькаўка і Маскоўка, а таксама тэрыторыя каля малочнакансервавага камбіната, страчаныя», — адзначае ён.
Гэтую інфармацыю пацвярджаюць іншыя Z-каналы і заяўляюць пра аднаўленне пазіцый УСУ ў Купянску. «Затое медалі ўсе атрымалі. Напэўна, у будучыні варта чакаць ужо трэцяга вызвалення Купянска», — піша канал «Военный осведомитель».
* * *
У ноч на 25 снежня дроны атакавалі порт у расійскім Тэмруку Краснадарскага края, загарэліся рэзервуары з нафтапрадуктамі, пажар ахапіў каля 2 тысяч квадратных метраў.
* * *
* * *
Урэгуляваць вайну ва Украіне і дасягнуць там устойлівага міру цалкам магчыма на працягу наступных 90 дзён. Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа плануе ціснуць на абодва бакі — на Расію і Украіну, заявіў пасол ЗША ў NATO Мэцью Уітакер у інтэрв’ю Fox News.
Пасол прызнаў, што хоць Украіна пакутуе ад атак расіян па энергетыцы, расіяне церпяць не меншую шкоду ад украінскіх удараў — маўляў, менавіта таму вайна павінна скончыцца.
«Забойствы павінны спыніцца. Гэта бессэнсоўна. Гэта працягваецца ўжо чатыры гады. Ніхто не атрымлівае ніякіх стратэгічных пераваг. І смерць, і разбурэнні проста павінны скончыцца», — заявіў ён.
* * *
Расія будзе патрабаваць істотных змяненняў у праекце мірнага плана, узгодненага Украінай і ЗША. Пра гэта паведамляе Bloomberg, спасылаючыся на набліжаную да Крамля крыніцу.
Масква лічыць план з 20 пунктаў, узгоднены падчас перамоў Украіны і ЗША, адпраўной кропкай для далейшых перамоў, і мяркуе, што там «няма важных для Расіі палажэнняў» і «адказаў на многія пытанні».
У Крамлі патрабуюць «гарантый ад далейшага пашырэння NATO на ўсход» і абяцання аб нейтральным статусе Украіны, калі яна ўступіць у ЕС.
Расія таксама незадаволеная «недахопам абмежаванняў» на колькасць войскаў і тыпы ўзбраення для Украіны, «адсутнасцю дакладных гарантый» адносна статусу рускай мовы ва Украіне і адносна адмены заходніх санкцый і далейшага лёсу замарожаных на Захадзе расійскіх актываў.
У Расіі лічаць бягучы дакумент «даволі тыповым украінскім планам» (нягледзячы на тое, што, паводле інфармацыі СМІ, першапачаткова ён быў распрацаваны ў Крамлі), але «вывучаць яго з халоднай галавой».
* * *
Калі пытанне тэрыторый не ўдасца ўзгадніць на перамовах, увесь мірны план могуць вынесці на рэферэндум, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на сустрэчы з журналістамі.
Паводле Зяленскага, у драфце дакумента пазначана, што ў Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцях лінія сутыкнення фіксуецца па месцы размяшчэння войскаў на дату пагаднення. А з Днепрапятроўскай, Мікалаеўскай, Сумскай і Харкаўскай абласцей РФ павінна вывесці войскі для ўступлення пагаднення ў сілу.
Аднак Расія імкнецца, каб Украіна выйшла з Данецкай вобласці. Кампрамісны варыянт ад ЗША — нейкая «свабодная эканамічная зона».
Ён патлумачыў, што, калі не ўдасца дамовіцца аб «стаім там, дзе стаім», ёсць два варыянты: працяг вайны або прыйдзецца нешта вырашаць з усімі патэнцыйнымі эканамічнымі зонамі. Калі гаворка пойдзе пра патэнцыйную свабодную эканамічную зону Данбаса — гэта давядзецца вырашаць на рэферэндуме.
«Толькі рэферэндум можа вызначыць, ці згодныя людзі на тое, каб быў такі шлях, калі прапанова для Украіны менавіта такая — альбо гэта, альбо вайна», — адзначыў прэзідэнт.
Зяленскі дадаў, што на рэферэндум прыйдзецца ставіць увесь дакумент, а не асобныя пытанні. Акрамя таго, на рэферэндум трэба мінімум 60 дзён, падчас якога неабходна рэальнае спыненне агню на 60 дзён. «Інакш мы не правядзем. Гэта значыць рэферэндум не будзе легітымным», — заявіў кіраўнік Украіны.
* * *
«Кааліцыя рашучых» пачне наступны раўнд перамоў па гарантыях бяспекі для Украіны ў студзені 2026 года, паведаміў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон у X.
Ён адзначыў, што 24 снежня правёў размову з генсекам NATO Маркам Рутэ. Яе ключавой тэмай стала развіццё ініцыятыў «кааліцыі рашучых» і ўзмацненне абароназдольнасці Украіны.
«Пачынаючы са студзеня ў Парыжы, мы працягнем працу, пачатую ў гэтых межах, каб забяспечыць Украіне надзейныя гарантыі бяспекі, што з’яўляецца перадумовай для трывалага і доўгага міру», — падкрэсліў ён.