«Радзіма цябе кіне. Заўсёды»: як старшыня КДБ «папярэдзіў» сваіх агентаў за мяжой

Хтосьці яшчэ збіраецца святкаваць Новы год, а хтосьці ўжо адсвяткаваў Каляды. Але ўсе ў гэтыя дні спрабуюць неяк падвесці вынікі года — хоць бы для сябе. І перадапошні тыдзень гэтага года быў цікавы менавіта на падзеі, якія ў чымсьці характарызуюць увесь мінаючы год.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«Перад Новым годам» — можна рамантычна назваць гэты перыяд. Такім чынам, перад Новым годам Польшча закрывала частку паветранай прасторы праз аб’екты, што ляцелі з Беларусі, паведамілі ў Аперацыйным камандаванні відаў Узброеных сіл. Меркавана, гэта былі паветраныя шары з кантрабандай. «У мэтах бяспекі частка паветранай прасторы над Падляскім ваяводствам была часова закрытая для грамадзянскага руху», — гаворыцца ў паведамленні.

Перад Новым годам прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі сустрэўся з салдатамі Польскай арміі і супрацоўнікамі Памежнай службы, дыслакаванымі на ўсходняй мяжы. Ён заявіў, што без штодзённай самаахвярнасці і цяжкай працы польскіх салдат і афіцэраў, як дыслакаваных у краіне, так і за яе межамі, забеспячэнне бяспекі дзяржаўнай мяжы было б немагчымым. «Свабоду трэба абараняць, бо вайна не за гарамі. Пад ціскам дзеянняў Расіі і Беларусі нашы межы знаходзяцца пад пагрозай, але яны ў бяспецы дзякуючы вашай штодзённай працы», – падкрэсліў польскі лідар.

Перад Новым годам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абмеркаваў размяшчэнне комплексу «Арэшнік» у Беларусі з кіраўніком Службы знешняй выведкі Украіны Алегам Івашчанкам. «Мы лічым, што агрэсіўнае распаўсюджванне такога ўзбраення нясе глабальную пагрозу і стварае небяспечны прэцэдэнт. Я даручыў сумесна з партнёрамі падрыхтаваць варыянты дзеянняў у адказ», — заявіў Зяленскі.

Перад Новым годам прэзідэнт асацыяцыі Linava Эрландас Мікенас заклікаў літоўскі ўрад прыняць канкрэтнае рашэнне для вяртання грузавікоў, што загразлі ў Беларусі. Фуры дагэтуль знаходзяцца на пляцоўках у РБ, а Літва і перавозчыкі штодня нясуць страты.

Перад Новым годам Латвія пяты дзень не фіксуе спроб нелегальнага пераходу мяжы.

Так лёгенька, у тэлеграфным стылі мы прыйшлі, бадай, да аднаго з самых сумных вынікаў года. Гэты вынік у тым, што ўсе нашы суседзі асцерагаюцца Беларусі — у той ці іншай ступені. І гэта зусім не той выпадак, калі «баяцца — значыць паважаюць». Хутчэй, нас асцерагаюцца, як суседзі асцерагаюцца непрадказальнага наркамана на лесвічнай пляцоўцы — бо незразумела што той можа выкінуць, а ў яго хаце поўна нажоў.

І беларускае кіраўніцтва пацвярджае гэтае меркаванне пра сябе даволі рэгулярна. Не будзем кранаць нават праславуты «Арэшнік», якога, паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі будзе «максімум дзясятак». Дай Бог, каб гэты дзясятак у Расіі набраўся — усё ж гэта дастаткова высокатэхналагічная зброя, якая ва ўмовах санкцый не штампуецца, як лыжкі.

Перад Новым годам старшыня КДБ Іван Церцель пасля даклада Лукашэнку заявіў, што сёлета ў Беларусі была ліквідаваная замежная разведвальная сетка. Яе ўдзельнікі ўсталёўвалі тэхнічныя сродкі разведкі для... праслухоўвання пілотаў! «Контрразведка Беларусі выявіла і ліквідавала разгалінаваную сетку замежных спецслужбаў, якая пры садзейнічанні пэўных асоб на нашай тэрыторыі займалася ўстаноўкай тэхнічных сродкаў, што дазвалялі праслухоўваць перамовы нашых пілотаў, якія як грамадзянскія, так і вайсковыя выконвалі свае задачы, маніторылі сітуацыю вакол рэжымных аб’ектаў», — паведаміў старшыня КДБ.

Не, я, вядома, разумею, што праз санкцыі і праблемы палётаў праз неба Украіны «Белавія» лятаць практычна няма куды. Але каб грамадзянскія пілоты «маніторылі сітуацыю вакол рэжымных аб’ектаў»… Навошта? І навошта ўсталёўваць «праслухоўку», калі гэтыя перамовы можна слухаць, проста настроіўшыся на частату пілотаў?

Зрэшты, старшыня КДБ нагаварыў столькі, што ўзнікае пытанне: а ці не выйшаў ён да прэсы пад уздзеяннем нейкіх рэчываў? Напрыклад, ён расказаў, што экс-апазіцыянер Раман Пратасевіч, аказваецца, быў супрацоўнікам знешняй выведкі і «працаваў на тэрыторыі шэрагу дзяржаў у баявой абстаноўцы. Выконваў важныя задачы». «Вядома, пра іх я казаць не магу. Напэўна, да канца (так бывае ў нашай прафесіі) гэта не будзе раскрыта», — сказаў кіраўнік КДБ, і тут жа распавёў пра тыя заданні, якія нібыта выконваў Пратасевіч: дакладваў пра «чарговыя спробы перавароту» і «замыслы праціўніка».

У гэтым выказванні Церцеля цудоўна ўсё. Па-першае, КДБ у Беларусі не займаецца вонкавай выведкай — гэта прэрагатыва Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі.

Па-другое, хай ужо згаданая «Белавія» цяпер скажа «дзякуй» Церцелю: бо менавіта з-за яго пасадзілі ў Мінску самалёт Ryanair — для таго, каб «выняць» адтуль Пратасевіча. І менавіта праз гэты акт паветранага пірацтва «Белавія» атрымала маштабныя санкцыі, якія дзейнічаюць дасюль. Аказваецца, тое, з-за чаго беларускай авіякампаніі забаранілі лётаць у Еўропу, было дарэмна. Бо Пратасевіч, кале верыць Церцелю, мог проста прыехаць ў Сінявокую праз звычайны памежны пераход…

Па-трэцяе, калі Пратасевіч — супрацоўнік выведкі, то цяперашнія словы Церцеля — самы выдатны прыклад, што «Радзіма цябе кіне. Заўсёды». Што КДБ «пакарыстаўся» Пратасевічам, а потым чэкісты нават не здолелі выратаваць свайго агента ад сваёй жа турмы, ад свайго ж суда, ад «кампенсацыі шкоды» ў памеры 7 мільёнаў долараў (гэтага Пратасевіч таксама дабіваўся праз суд), і ад працаўладкавання зваршчыкам…

Калі Пратасевіч сапраўды быў агентам знешняй выведкі Беларусі за мяжой, то словы Церцеля — нагода задумацца ўсім астатнім такім агентам: ці не «кіне» і іх «працадаўца», гэтаксама, як «кінуў» Пратасевіча? І не толькі самога Рамана, але і яго дзяўчыну, Сафію Сапегу, якой прыйшлося ў беларускай турме значна горш, чым «агенту Пратасевічу».

І вось як пасля гэтых слоў Церцеля не асцерагацца? Ён жа сапраўды можа выкінуць незразумела што. А гэты чалавек — ён жа кіраўнік КДБ Беларусі, неслабай такой спецслужбы. А калі іншым разам ён прыме нейкія іншыя пігулкі?

Таму прыкра, але… Слушна нас асцерагаюцца. Справядліва.

Узгадаем, як гэта было