МАГАТЭ заклікае да «максімальнай стрыманасці» ў зоне вакол ядзерных аб'ектаў
Атакі Расіі ствараюць небяспеку для ўкраінскіх атамных станцый, што можа выклікаць сусветную катастрофу. Тым часам Украіна люстэркава атакуе аб'екты расійскай інфраструктуры і нафтаперапрацоўкі. У выніку скарачэнне перапрацоўкі нафты ў РФ складае да 20%. Ідуць 1346-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Агулам цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 132 боесутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 31 кастрычніка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 48 штурмаў расіян ў раёнах Шахава, Ніканораўкі, Новатарэцкага, Радзінскае, Новаэканамічнага, Пакроўску, Зверава, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Філіі і іншых.
На Аляксандраўскім кірунку расійцы здзейснілі 17 атак у раёнах Зялёнага Гаю, Вербава, Стэпавага, Новагрыгораўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ атакавала 15 разоў у раёнах Шчарбінаўкі, Пятроўкі, Ябланаўкі і Русінага Яру.
На Купянскім кірунку адбылося 13 атак каля Куп’янска, Стэпавай Навасёлаўкі і ў бок Пясчанага і Петрапаўлаўкі.
На Славянскім кірунку УСУ спынілі 10 атак расіян ў раёнах Ямпаля, Серабранкі, Выімкі, Пераезнага.
* * *
Згодна са справаздачай Інстытута вывучэння вайны (ISW), украінскія войскі дасягнулі прагрэсу ў паўночнай частцы Сумскай вобласці.
Аналітыкі спасылаюцца на відэаматэрыялы з геалакацыяй, апублікаваныя 30 кастрычніка. Відэа пацвярджаюць, што УСУ прасунуліся на ўсходняй ускраіне вёскі Канстанцінаўка, недалёка ад міжнароднай мяжы з Расіяй, на заходнім флангу зоны ўварвання расіян у Сумскую вобласць.
Геалакацыйныя кадры ад 29 кастрычніка паказваюць, што ўкраінскія сілы захоўваюць пазіцыі або нядаўна прасунуліся ў паўднёвай частцы Навасёлаўкі (на паўночны захад ад Лімана), у раёне, дзе, па ранейшых заявах расійскіх крыніц, расійскія сілы захоўвалі прысутнасць.
Геалакацыйныя кадры ад 30 кастрычніка, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на паўднёвы захад ад Выімкі (на поўдзень ад Сіверска).
Геалакацыйныя кадры ад 29 кастрычніка, паказваюць, што ўкраінскія сілы ўтрымліваюць пазіцыі або прасунуліся на ўсход ад Уладзіміраўкі (на паўднёвы захад ад Дружкоўкі), раёна, у якім, па ранейшых заявах расійскіх крыніц, расійскія войскі захоўвалі прысутнасць.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 30 кастрычніка, сведчаць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся ўздоўж Данецкай чыгункі ў цэнтры Пакроўска.
Геалакацыйныя кадры ад 28 кастрычніка, паказваюць, як украінскія сілы наносяць удар па расійскіх пазіцыях на скрыжаванні Данецкай чыгункі і шашы Т-0515 Пакроўск-Дабраполле ва ўсходняй частцы Пакроўска. ISW ацэньвае гэта як расійскую місію па пранікненні, якая не змяніла кантроль над мясцовасцю або пярэдні край раёна баявых дзеянняў.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 30 кастрычніка, паказваюць расійскага вайскоўца, які падымае расійскі сцяг у цэнтры Краснагорскага (на поўнач ад Гуляйполя), што паказвае, што расійскія войскі прасунуліся на поўдзень ад Краснагорскага і на захад ад Краснагорскага і Прывольнага да ўсходняга (левага) берага ракі Янчур.
* * *
У Сумах у выніку атакі расійскіх беспілотнікаў ноччу 31 кастрычніка зафіксаваны трапленні ў жылыя дамы і аб'екты інфраструктуры, паведаміў в.а. гарадскога кіраўніка Сум Арцём Кобзар. Паводле папярэдняй інфармацыі паведамляецца пра двух пацярпелых.
У ноч на 31 кастрычніка расійскія рэгіёны падвергліся масіраваным атакам беспілотнікаў. У сеціве паведамляюць пра выбухі і паражэнні энергетычных аб'ектаў ва Уладзімірскай і Арлоўскай абласцях, а таксама ў Яраслаўлі.
Ва Уладзімірскай вобласці дроны атакавалі падстанцыю «Уладзімірская» — крытычна важны вузлавы энергетычны аб'ект рэгіёну.
Адначасова стала вядома пра серыю выбухаў у Яраслаўлі. Па інфармацыі Telegram-канала ASTRA, удары прыйшліся на раён мясцовага нафтаперапрацоўчага завода «Слаўнафта-ЯНАОС».
У ноч на 31 кастрычніка ў расійскім горадзе Арол у выніку атакі пацярпела Арлоўская ЦЭЦ, паведамляюць Telegram-каналы.
* * *

* * *
Чарговая масіраваная расійская атака на аб'екты энергетыкі Украіны ўначы і раніцай у чацвер прывяла да пашкоджання падстанцый, крытычна важных для ядзернай бяспекі і абароны ва Украіне. Пра гэта на сваім афіцыйным сайце заявіла Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ).
Згодна з інфармацыяй, нададзенай МАГАТЭ, спецыялісты, прысутныя на Паўднёваўкраінскай і Хмяльніцкай АЭС, зафіксавалі страту кожнай з гэтых станцый доступу да адной са сваіх знешніх ліній электразабеспячэння. Акрамя таго, на Ровенскай АЭС паведамілі аб зніжэнні магутнасці двух з чатырох блокаў па запыце аператара сеткі.
Абстрэлы выклікалі рэакцыю генеральнага дырэктара МАГАТЭ Рафаэля Гросі, які падкрэсліў рэальнасць і пастаянства пагроз для ядзернай бяспекі.
Ён заклікаў да максімальнай стрыманасці ў зоне вакол ядзерных аб'ектаў і да строгага выканання сямі ключавых прынцыпаў ядзернай бяспекі і абароны. «Пагрозы для ядзернай бяспекі застаюцца цалкам рэальнымі і пастаянна прысутнымі», — цытуюцца ў паведамленні словы Гросі.
* * *
Расіяне шукаюць спосабы абараніць аб'екты нафтаперапрацоўкі і ваеннай прамысловасці ад украінскіх дронаў, і спрабуюць аб'яднаць у адну сістэму старыя сістэмы СПА і сучасныя ўзоры, распавёў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў.
Расія спрабуе абараніцца ад дальнабойных удараў Украіны. З гэтай мэтай там пачалі спрабаваць стварыць адзіную сістэму супрацьпаветранай абароны, латаючы «дзіркі» старымі сістэмамі СПА савецкага ўзору. «Гаворка ідзе як пра савецкія комплексы, так і пра сучасныя — вораг спрабуе аб'ядноўваць іх у адну сістэму. Гэта і састарэлыя С-300, і больш новыя С-400, а таксама так званая найноўшая сістэма С-350 "Віцязь"», — растлумачыў Юсаў.
Расіяне размяшчаюць сістэмы СПА каля ўсіх буйных гарадоў. Таксама прыкрываюцца прамысловыя аб'екты, нафтаперапрацоўчыя заводы, аб'екты ВПК і аб'екты, якія маюць важнае палітычнае значэнне.
Нягледзячы на гэта, Украіна працягвае наносіць разбуральныя ўдары па РФ. Па розных ацэнках, скарачэнне перапрацоўкі нафтапрадуктаў у РФ у выніку ўдараў Украіны складае ад 18% да 20%. «Гэта вельмі вялікія лічбы», — сказаў Юсаў.
* * *
Пастаўка расійскіх нафтапрадуктаў па моры ў кастрычніку дасягнула самага нізкага ўзроўню з пачатку 2022 года. На скарачэнне аб'ёмаў экспарту паўплывалі атакі ўкраінскіх дронаў на нафтаперапрацоўчыя заводы і ўзмацненне міжнародных санкцый, паведамляе Bloomberg.
У прыватнасці, экспарт мазуту ўпаў на 10% (да 710 тыс. барэляў у суткі – найменшы за апошнія тры месяцы), а пастаўкі сырой нафты скараціліся на 3% (да 317 тыс. барэляў у суткі). Гэта адбылося з-за атак на тэрмінал ва Усць-Лузе, які апрацоўвае больш за 60% экспарту гэтай сыравіны. Дадатковы ціск выклікалі слабыя патокі з балтыйскіх партоў, асабліва Прыморска.
У кароткатэрміновай перспектыве пастаўкі дызеля застаюцца адносна стабільнымі дзякуючы рынкам збыту ў Турцыі і Афрыцы, куды грузы яшчэ можна даставіць у рамках пераходнага перыяду. У процівагу гэтаму, экспарт нафты і мазуту ў Азію сутыкаецца са значнымі рызыкамі з-за доўгіх рэйсаў, што павышае небяспеку затрымак санкцыйных грузаў.
Падзенне экспарту сур'ёзна ўдарыла па намаганнях Масквы захаваць стабільныя даходы ад энергетыкі. Bloomberg адзначае, што новая хваля санкцый ЗША супраць нафтавых кампаній Раснафта і Лукойл, якая ўступіць у сілу з 21 лістапада, створыць дадатковыя выклікі для расійскіх экспарцёраў. Гандляры вымушаны адаптаваць маршруты і графікі паставак, каб пазбегнуць блакіроўкі фінансавых аперацый.