Украіна атрымала ад Германіі яшчэ дзве сістэмы СПА сістэмы Patriot
Як сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, гэтыя сістэмы СПА абараняюць не толькі Украіну, але і Еўропу. У той жа час прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што не разглядае перадачу крылатых ракет Tomahawk Украіне — але не разглядае «на гэты момант». Ідуць 1349-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з nytimes.com
Агулам цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 162 боесутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 3 лістапада.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 68 штурмаў расіян ў раёнах Ніканораўкі, Маяку, Мірнаграду, Чырвонага Ліману, Радзінскага, Разіна, Мікалаеўкі, Новаэканамічнага, Пакроўску, Лісоўкі, Зверава, Котліна, Удачнага і іншых.
На Аляксандраўскім кірунку расійцы здзейснілі 29 атак у раёнах Зялёнага Гаю, Студзеньскага, Навасёлаўкі, Ворана, Сасноўкі, Вербава, Аляксееўкі і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 18 атак у раёнах Аляксандра-Шульціна, Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Русінага Яру і Палтаўкі.
На Купянскім кірунку адбылося 13 атак расіян каля Стэпавай Навасёлаўкі, Бароўскай Андрэеўкі і ў бок Петрапаўлаўкі, Курылаўкі і Пясчанага.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 12 атак арміі РФ у раёнах Ваўчанску, Ваўчанскіх Хутароў, Ціхага, Адраднага.
* * *
У ноч на 3 лістапада расіяне атакавалі Сумскую вобласць ударнымі беспілотнікамі, паводле папярэдніх даных, загінуў адзін чалавек, працягваецца пошукава-выратавальная аперацыя.
У ноч на 3 лістапада ў выніку атакі расійскіх дронаў на Мікалаеў узнік пажар у гаспадарчым супермаркеце. Акрамя таго, пашкоджаны будынкі на тэрыторыі СТА.
Па даных расійскага пабліка Astra, у расійскім Саратаве дроны атакавалі НПЗ. Па паведамленні «Расавіяцыі», абмежаванні ў працы аэрапорта Саратава працягваліся больш за 6 гадзін.
Гэта ўжо не першая атака на НПЗ у Саратаве. Па ім ужо наносілі ўдар 16 верасня.
* * *

* * *
Украіна атрымала ад Германіі сістэмы Patriot. Перамовы па далейшым узмацненні супрацьпаветранай абароны краіны працягваюцца, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«Мы ўмацавалі кампанент Patriot у нашай украінскай супрацьпаветранай абароне. Я дзякую Германіі і асабіста канцлеру Фрыдрыху Мерцу за гэты наш сумесны крок для абароны жыццяў ад расійскага тэрору», — заявіў ён.
Прэзідэнт Украіны адзначыў, што краіны некаторы час рыхтавалі гэта ўзмацненне СПА, і цяпер дамоўленасці выкананыя. «Расійскія ўдары з паветра — гэта галоўная стаўка Пуціна ў гэтай вайне, менавіта тэрорам ён хоча кампенсаваць няздольнасць дасягнуць сваіх шалёных мэтаў на зямлі», — сказаў Зяленскі.
Ён дадаў, што кожнае ўзмацненне СПА набліжае Украіну да завяршэння вайны і падкрэсліў, што чым менш будзе вынікаў у РФ, тым «большым будзе яе матыў завяршыць вайну».
«Разам з нашымі партнёрамі мы працягваем працаваць над пабудовай надзейнай сістэмы супрацьпаветранай абароны. І нашы здольнасці змогуць гарантаваць бяспеку не толькі Украіны, але і нашых партнёраў, калі гэта будзе патрэбна», — заявіў украінскі прэзідэнт.
Нагадаем, Германія заяўляла аб намерах перадаць са складоў Бундэсвера Украіне Patriot у пачатку жніўня 2025 года, гаворка ішла пра дзве сістэмы. Пастаўку ажыццявілі пры фінансавай падтрымцы Даніі, Літвы і Нарвегіі.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што пакуль што не разглядае перадачу крылатых ракет Tomahawk Украіне.
Падчас размовы з прэсай на борце самалёта Air Force One, журналісты спыталі Трампа, ці збіраецца і ці разглядае ён магчымасць перадачы ракет Tomahawk Украіне. Адказ кіраўніка Белага дома быў кароткім: «Не. Не тое каб я не мог змяніць рашэнне, але на гэты момант — не».
Таксама Трампа спыталі, што стала б апошняй кропляй, якая дакажа, што кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін не хоча завяршаць вайну супраць Украіны. У адказ ён намякнуў, што бакам трэба яшчэ паваяваць, каб «канфлікт выгарэў».
«Няма ніякай "апошняй кроплі". Часам трэба дазволіць канфлікту выгарэць. Яны ваююць, і ваююць паміж сабой», — заявіў кіраўнік Белага дома.
Ён таксама адзначыў, што для Пуціна гэта цяжкая вайна. «Ён страціў шмат салдат, можа быць, мільён. Гэта вельмі шмат. І для Украіны гэта цяжка. Для абодвух бакоў. Часам трэба проста дазволіць, каб усё дайшло да канца», — сказаў Трамп.
* * *
Склады Сербіі «перапоўненыя боепрыпасамі», краіна гатова пастаўляць іх іншым еўрапейскім краінам, нават калі гэтыя боепрыпасы потым акажуцца ва Украіне, заявіў у інтэрв'ю выданню Cicero прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч.
Вучыч адмёў апасенні, што Сербія з-за сувязяў з Расіяй можа пагражаць камусьці ў Еўропе. Наадварот, Сербія, як буйны вытворца боепрыпасаў, гатова пастаўляць іх еўрапейскім краінам.
«Нашы склады поўныя боепрыпасаў, і мы вырабляем шмат, асабліва мінамётных снарадаў. Мы вырабляем больш боепрыпасаў, чым Францыя... Боепрыпасы патрэбныя ў Еўропе. Таму я прапанаваў нашым сябрам у ЕС магчымасць заключыць з намі пагадненне аб куплі-продажы і ўзяць усё, што ў нас ёсць. Гэта быў бы фенаменальны ўнёсак, які мы можам зрабіць у еўрапейскую бяспеку», — сказаў ён.
Калі Вучыча спыталі, ці змогуць пакупнікі выкарыстоўваць іх ва Украіне, сербскі прэзідэнт адказаў, што яны «могуць рабіць з імі што заўгодна».
* * *
Выкліканыя вайной і санкцыямі праблемы ў расійскай эканоміцы прывялі да таго, што расіяне сталі менш есці. Пра гэта паведамляе Цэнтр процідзеяння дэзынфармацыі (ЦПД) Украіны.
Адзначаецца, што ўпершыню за шмат гадоў статыстыка зафіксавала ў РФ падзенне спажывання прадуктаў у натуральным выражэнні. За апошнія два месяцы расіяне з'елі на 9% менш грэчкі і мяса, на 10% менш рысу, выпілі на 8% менш малака. Пры гэтым грашовыя расходы расіян на прадукты павялічыліся з-за іх істотнага падаражання.
«Пакуль расійская прапаганда пераконвае грамадзян РФ, што іх рэальныя даходы нібыта растуць, а эканоміка, нягледзячы на санкцыі, "у добрым стане", на самай справе звычайныя расіяне вымушаны ў прамым сэнсе зацягваць паясы», — гаворыцца ў паведамленні.
У ЦПД падкрэслілі, што адзіная прычына пагаршэння жыцця расіян — працяг вайны супраць Украіны, якая патрабуе ўсё больш выдаткаў, «якія Крэмль выцягвае з гаманцоў сваіх падданых».