Эміграцыя пасля вызвалення і больш за 1135 палітвязняў. Хронікі рэпрэсій 26 снежня
Былы палітзняволены і медыяменеджар Канстанцін Залатых пакінуў Беларусь пасля вызвалення. Праваабаронцы «Вясны» падвялі вынікі 2025 года: у турмах застаюцца больш за 1135 палітвязняў, частку вызваленых гвалтоўна вывозілі з краіны, а за год за кратамі памерлі двое палітзняволеных.

Былы палітзняволены медыяменеджар Канстанцін Залатых з’ехаў з Беларусі
Гэта вынікае з публікацыі на яго старонцы ў «Фэйсбуку».
Дырэктар недзяржаўнай газеты «Беларусы і рынак» Канстанцін Залатых 6 красавіка 2023 года быў асуджаны Мінскім гарадскім судом да чатырох гадоў пазбаўлення волі паводле шэрагу артыкулаў, у тым ліку палітычнага характару. У няволі ён знаходзіўся з 18 траўня 2022 года. Вызваліўся сёлета 23 кастрычніка. Яго ўнеслі ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», што, як вядома, істотна ўскладняе жыццё ў Беларусі.
Паводле звестак БАЖ, за кратамі цяпер застаюцца 28 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.
За кратамі ў Беларусі застаюцца больш за 1135 палітвязняў
Праваабарончы цэнтр «Вясна» падсумаваў, якім быў 2025 год для беларускіх палітвязняў.
Па стане на 23 снежня 2025 года ў месцах зняволення ў Беларусі працягваюць утрымліваць 1 135 палітвязняў. З іх 967 — мужчыны, 168 — жанчыны.
На сёння ў месцах няволі знаходзяцца:
— 28 прадстаўнікоў медыя;
— 3 праваабаронцы;
— 21 лекар;
— 16 юрыстаў і адвакатаў.
Праваабаронцам вядома як мінімум пра 164 палітвязні, якія знаходзяцца ў асаблівай групе рызыкі. Сярод іх: мінімум 56 чалавек у цяжкім стане фізічнага здароўя, сем чалавек з інваліднасцю, 26 сталых людзей ва ўзросце старэй за 60 гадоў (шмат хто з іх мае сур’ёзныя праблемы са здароўем), а таксама дзесяць чалавек з ментальнымі разладамі.
Сярод палітвязняў — 34 чалавекі ў складаных сямейных абставінах: адзінокія і шматдзетныя бацькі, а таксама сем’і, у якіх абодва бацькі знаходзяцца за кратамі. Мінімум 20 сем’яў наўпрост цяпер утрымліваюцца ў зняволенні. Так, напрыклад, сямейную пару з Гомеля — Станіслава Мачалава і Святлану Якубовіч — асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» да чатырох і пяці гадоў калоніі адпаведна. Таксама за кратамі застаюцца муж і жонка Наталля і Сяргей Дроніны.
Агулам з 2020 года больш за 1700 чалавек цалкам адбылі прызначаныя тэрміны і выйшлі з месцаў няволі, з іх мінімум 300 чалавек — у 2025 годзе.
Цягам 2025 года пры садзейнічанні ЗША былі памілаваныя 342 чалавекі. Усяго з ліпеня 2024 года на волю па памілаванні выйшлі 569 палітвязняў.
Таксама 22 лістапада Лукашэнка памілаваў 31 грамадзяніна Украіны, якія ўтрымліваліся ў месцах няволі Беларусі. Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», сярод іх толькі дзесяць чалавек былі затрыманыя і асуджаныя паводле палітычных матываў. Памілаваных адразу перадалі Украіне.
У 2025 годзе пасля памілавання і раптоўнага вызвалення з месцаў няволі 189 палітвязняў гвалтоўна вывезлі з Беларусі. Аднак Мікалай Статкевіч адмовіўся пакідаць краіну і цяпер застаецца ў зняволенні.
Такое «вызваленне пад умовай выезду» праваабаронцы называюць новым інструментам палітычнага ціску. Гэтая практыка супярэчыць Канстытуцыі Беларусі і міжнародным дамовам.
Нягледзячы на памілаванні, у выніку якіх на волю выйшлі некалькі палітвязняў-замежнікаў, беларускія ўлады працягваюць пераслед іншаземцаў. Паводле звестак «Вясны», па стане на 23 снежня мінімум 20 замежных грамадзян знаходзяцца за кратамі ў Беларусі.
У краіне таксама працягваюць выкарыстоўваць ізаляцыю вязняў ад знешняга свету як форму дадатковага ціску. Непасрэдна цяпер не менш за чатырох палітвязняў утрымліваюць у рэжыме інкамунікада: Аляксандра Арановіча, Уладзіміра Кнігу, Мікалая Статкевіча, Аляксандра Францкевіча.
Мінулы год, на жаль, запомніўся і двума смерцямі палітвязняў за кратамі.
Напачатку 2025 года памёр палітвязень Валянцін Штэрмер, які адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17. Дакладная дата смерці невядомая — толькі тое, што яна адбылася ў пачатку года. Таксама няма пэўнасці, ці памёр Штэрмер у калоніі, ці яго вывозілі ў турэмную або цывільную бальніцу. У 2023 годзе мужчыну асудзілі да пяці гадоў калоніі за восем каментароў супраць уварвання Расіі ва Украіну. У адным атрадзе з Валянцінам знаходзіўся былы палітвязень Дзмітрый Лукша, які распавёў, што ў калонію Штэрмер трапіў ужо пасля інсульту.
3 верасня 2025 года ў магілёўскай калоніі № 15 памёр 36-гадовы грамадзянін Расійскай Федэрацыі Андрэй Паднябенны. Палітвязня двойчы асудзілі паводле крымінальных артыкулаў, агулам прызначыўшы 16 гадоў і восем месяцаў пазбаўлення волі. За кратамі ён знаходзіўся амаль чатыры гады. Прычынай смерці стала ўдушша — палітвязень павесіўся ў штрафным ізалятары. У Андрэя засталося трое дзяцей.
У 2025 годзе статус палітвязня атрымалі агулам 509 чалавек.