Чаму мы прайгралі ў 2020? Меркаванне Мікалая Дзядка
Неабходнасць адказаць на гэтае пытанне сталася для мяне крытычна важнай як па асабістых гэтак і па палітычных прычынах, піша былы палітвязень Мікалай Дзядок.

Ілюстрацыйная выява. Фота Паўла Хадзінскага
Асабістая прычына ў мяне, як і ў тысяч іншых беларусаў, складаецца ў тым, што ў рэвалюцыю 2020 года я інвеставаў вельмі і вельмі шмат. Свой час, свае сілы, сваё здароўе і, зрэшты, фактычна паставіў на кон сваё жыццё. Дарэчы, менавіта праз гэта я быў навучаны важнаму ўроку. Справа ў тым, што каб аналізаваць будзь-якую рэч, ты мусіш імкнуцца, наколькі магчыма, быць бесстароннім. Але ў 2020-м я, хоць і пазіцыянаваў сябе як аналітыка, не мог ведаць і бачыць сітуацыю ва ўсёй ейнай паўнаце, бо занадта глыбокім быў мой асабісты ўдзел, завялікая была мая асабістая зацікаўленасць у перамозе рэвалюцыі. Таму я працягваў шчыра верыць у хуткую перамогу нават тады, калі для гэтага ўжо не было падставаў.
Палітычная ж прычына палягае ў тым, што без працы над памылкамі ў нас няма шансаў на перамогу ў будучыню. Самы каштоўны вопыт гэта менавіта вопыт паразы. І аналіз гэтай паразы — пралог да поспеху. Мусіць нават, адзіна магчымы пралог.
Гэты тэкст я, у літаральным сэнсе, выношваў 5 гадоў. У ім я прааналізую фактары, што спрычыніліся да паразы рэвалюцыі і паспрабую адказаць на пытанне, ці была гэтая параза перадвызначаная.
На мой погляд, фактары гэтыя можна падзяліць на 2 вялікія групы: аб’ектыўныя і суб’ектыўныя. Мажліва гэта будзе этымалагічна небездакорна, аднак пад аб’ектыўнымі я буду мець на ўвазе прычыны, незалежныя ад нас, на якія мы не маглі ў той час у належнай меры паўплываць, а пад суб’ектыўнымі — прычыны, якія знаходзяцца «у нас саміх», якія падлягалі нашаму кантролю.
Я налічыў тры аб’ектыўныя прычыны і дзве суб’ектыўныя.
Аб’ектыўныя прычыны
1. Настрой элітаў. Традыцыйна раскол сярод элітаў лічыцца (і часцей за ўсё з’яўляецца) неабходнай умовай рэвалюцыі. У 2020 годзе такога расколу не адбылося. Колькасць дзяржслужачых, якія адкрыта прысягнулі на вернасць пратэстнай частцы беларусаў аказалася мізэрнай.
2. Узровень свядомасці беларускага грамадства. Абсалютная большасць выбаршчыкаў на момант выбараў і на момант пачатку пратэстаў не разумела сутнасці і характару палітычнага рэжыму, у якім яны жывуць. Пераважная большасць людзей знаходзілася ў ілюзіі, што рэжым абрынецца з-за аднаго факту масавых мітынгаў. Адсюль — такая агідная з’ява як пошук «правакатараў» на мітынгах сярод сваіх, калі даходзіла да таго што «падазроных у правакатарстве» (дапрыкладу, апранутых у чорнае ці проста тых, хто «тварам не выйшаў») пратэстоўцы самі (!) здавалі ментам (такое рэальна адбывалася ў жніўні 2020), альбо прынцыповае нежаданне пераходзіць да больш рашучых дзеянняў там, дзе яны ўжо былі відавочна патрэбныя.
Так ці інакш, людзі верылі, што, убачыўшы шматтысячныя натоўпы, улада «адумаецца» і сыйдзе. Гэтага не адбылося, таму што між народам і элітамі пралягала і працягвае пралягаць каштоўнасная прорва. Лукашэнкаўскія эліты адзначаныя крайнім цынізмам і для іх абсалютная норма тое, што не норма для нас. Усведамленне гэтага прыйшло да пратэстнай часткі беларускага грамадства занадта позна. Але аб гэтым яшчэ дадаткова скажу пазней.
3. Падтрымка Расіі. Выдадзены ў верасні 2020 крэдыт на 1,5 млрд долараў і нацгвардыя ў Бранскай вобласці, што стаяла ў рэжыме чакання, зыгралі істотную ролю ў падтрыманні рэжыма. Як матэрыяльную (зразумела без тлумачэнняў), гэтак і маральную («старэйшы брат нас не кіне!» — гэта дадало ўпэўненасці тым, хто яшчэ вагаўся). Паўплываць на гэта мы былі не ў стане.
Глядзіце таксама

Суб’ектыўныя прычыны
Суб’ектыўныя прычыны разглядаць, канешне, нашмат цікавей, бо гэта, пераважна нашыя ўласныя памылкі, следства нашай некампетэнтнасці ці слабасці нашага аналізу. Суб’ектыўных прычын дзве.
1. Сістэмныя доўгатэрміновыя памылкі (я выдзяліў 4 асноўных)
2. Тактычныя памылкі (я выдзяліў 3 асноўных)
Сістэмныя памылкі
а) Стаўка на «метадычкі Шарпа». З тых часоў, калі я пачаў сачыць за палітыкай у Беларусі (2003 год), і літаральна да моманту апошняга свайго арышту абсалютная большасць апазіцыі прытрымлівалася стратэгіі скідання аўтарытарных рэжымаў па аналогіі з «каляровымі рэвалюцыямі» ў Сербіі 2000 года, у Грузіі 2003 года, ва Украіне 2004 года. Усе рэальна як быццам верылі, што гэтая славутая «метадычка Джына Шарпа» (як яе называлі і называюць у прапагандзе) спрацуе ў Беларусі. Але гэтая «метадычка» пісалася для заслабленых і хісткіх клептакратый, у якіх да таго ж захоўваліся рэшткі дэмакратычных інстытутаў. Для кансалідаванага, з моцнай падтрымкай з Усходу, аўтарытарызму Беларусі стратэгія «каляровай рэвалюцыі» ў яе грузінскім ці армянскім варыянце не падыходзіла ў прынцыпе! Адрозненні двух палітычных рэжымаў і сацыяльна-эканамічнай арганізацыіі былі вельмі вялікімі, і пад іх нам патрэбныя былі абсалютна іншыя сродкі і інструменты! Якія — размова асобная. Аднак пераважная большасць палітычнай апазіцыі працягвала дзейнічаць «па накатанай». Пад самыя выбары мне толькі і пісалі ў тэлеграм: «армянскі варыянт! Трэба рабіць армянскі варыянт!», маючы на ўвазе змену ўраду ў Арменіі ў 2018 годзе. Але Беларусь — не Арменія! І тое што спрацавала ў пэўны гістарычны момант там, абсалютна не абавязкова спрацуе ў нас! У той жа кошык можна адправіць і прапановы «зрабіць як у Кіргізіі»)
Сітуацыя ў нас была шмат у чым унікальная, і пад яе трэба было распрацоўваць унікальныя падыходы. Па вялікім рахунку, мусіў існаваць наш беларускі Think tank, аналітычны цэнтр з адмысловых спецыялістаў у эканоміцы, палітыцы, сацыялогіі, медыятэхналогіях і інш, які б працаваў удзень і ўначы над падрабязным аналізам сітуацыі, апрацоўкай вялізных аб’ёмаў даных і пошукаў шляху да змены рэжыму. Гэтага не было.
Зрэшты, адной з прычыны абрання неправільнага шляху было тое, што адзіны знешні памагаты беларускага дэмакратычнага руху — краіны заходняй дэмакратыі, наўрад даў бы грошы і іншую падтрымку на змену ўлады якім-небудзь іншым шляхам. Але віна лідараў дэмакратычнай апазіцыі ўсё ж такі першасная. Быў неабходны штодзённы пошук шляхоў да перамогі на падставе ўсебаковага няспыннага аналізу сітуацыі. А гэтага, ізноў жа, не было.
б) Адсутнасць сістэмнай працы сярод службаў бяспекі: міліцыі, КДБ, узброеных сілаў і інш. Калі мне хтосьці скажа, што такая праца вялася, я не паверу. Пасты ў ТГ-каналах ці відэа ў ютубе, звернутыя да міліцыі — гэта не сістэмная праца. У нас мусілі быць адмыслоўцы ў саміх сілавых структурах, якія б дзейнічалі ў нашых інтарэсах. Стваралі ядро давераных людзей, аднадумцаў, прамацвалі настроі. Мяркую, зараз такія людзі ёсць. Але тое зараз. Іх не было тады, калі ў іх была найбольшая патрэба.
в) Культ «аднаго дню». Гэта тое, што мяне заўсёды абурала ў матэрыялах недзяржаўных (апазіцыйных) СМІ. Дзень за днём, год за годам паўтараліся наратывы: «нас выйдзе 100 000, Лукашэнка спужаецца і на наступны дзень збяжыць», «Назаўтра мы прачнёмся ў Новай Беларусі». То бок людзям намерана даводзілася, што рэальна дастаткова выйсці на вуліцу адзін раз. Як усе бачылі, выйшлі і 100 тысяч, выйшлі і болей. Выйшлі не адзін раз. І гэта ўсё роўна не дапамагло. У людзей, такім чынам, былі сфарміраваныя загадзя фальшывыя чаканні! Як вынік: дэматывацыя, расчараванне, неразуменне сваёй ролі ў пратэсце і ўвогуле сэнсу гэтага пратэсту. Масавыя ад'езды за мяжу.
На сваіх апошніх стрымах (вясна-лета 2020) я неаднаразова паўтараў: рыхтуйцеся да доўгага змагання, прыводзіў у прыклад Іран. Некаторыя мяне высмейвалі: «Ды што ты нясеш, мы выйдзем, яны разбягуцца!». Што з гэтага атрымалася, усе памятаюць. Замест таго, каб тлумачыць людзям, што сістэму, што цэментавалася 30 год, немагчыма абрынуць за суткі, што трэба вучыцца жыць і адстойваць сваю грамадзянскую годнасць нават у выпадку паразы рэвалюцыі, людзям казалі казкі пра «адзін дзень». Лічу гэта вялікай памылкай якая, у тым ліку, спрычынілася да дэмаралізацыі многіх.
Глядзіце таксама

г) Адсутнасць рэвалюцыйных арганізацый. Дакладней, іх каласальны недахоп. Наколькі мне вядома, на момант пачатку рэвалюцыі ў Беларусі было ўсяго 4 рэвалюцыйныя арганізацыі:
- Народная Грамада
- Еўрапейская Беларусь
- Рэвалюцыйнае дзеянне
- Прамень
Пераважны аб'ём большасць штодзённай рэвалюцыйнай працы ў жніўні-верасні 2020 выконвалася пратэстоўцамі-аматарамі, якія прынялі ўдзел у рэвалюцыі ды і ўвогуле ў грамадскім жыцці ўпершыню ў сваім жыцці. У іх катастрафічна не хапала досведу. Досведу, які быў у нас. Але «нас» было занадта мала і частка ўжо сядзела ў турмах. Не было каму перадаваць масам «навуку паўстання», дакладней, перадача гэтай навукі адбывалася занадта павольна і не ў тым маштабе, у якім патрэбна. Людзям па ходу справы засвойвалі правілы канспірацыі, правілы паводзінаў на допыце, дзеянняў у гарадскіх умовах, калектыўных абмеркаванняў, практыку самаарганізацыі і ўсё астатняе, тое, чаму мы вучыліся гады. Вядома, як бы хутка не расла рэвалюцыйная свядомасць масаў, спасцігнуць за 1,5 месяцы тое, чаму мы вучыліся гадамі, было немагчыма. Спантанныя, створаныя па сяброўскіх сувязях рэвалюцыйныя групы часта рэпрэсаваліся хутчэй, чым маглі набрацца досведу. У гэтым плане ГУБАЗіК і КДБ якасна выконвалі сваю працу.
На далёкай дыстанцыі арганізацыя заўсёды перамагае спантаннасць, а сістэма перамагае стыхію. У пэўны час у нас была аграмадная перавага ў колькасці і маральным духу. Аднак уся гэтая перавага была зведзена на нішто недахопам арганізацыі. Прафесійных рэвалюцыйных груп было замала, яны былі малаколькаснымі, тым самым пераўтвараючы рэвалюцыю ў спаборніцтва аматараў з прафесіяналамі. З прадказальным фіналам.
Тактычныя памылкі
а) Адсутнасць бяспечнай прасторы. Мы ўсе памятаем, як улада ачомалася ад першага шоку і пачала планамерную працу па вынішчэнню самаарганізацыі і выкараненню пратэсту. Яны проста прыходзілі за адным, другім, трэцім лакальным лідарам ці актывістам штодзень. Да таго часу пакуль усе не былі арыштаваныя альбо не з’ехалі. Пабачыўшы, што пратэст не ідзе далей ужо ўсталяванага рэчышча, яны проста прыходзілі за ўсімі па чарзе, сыходзячы са свайго «ранжыру» небяспечнасці. Чаго тут нам крытычна не хапіла, гэта сваёй уласнай бяспечнай прасторы. Для мяне дагэтуль загадка, чаму тагачасныя лідары пратэстаў (імі былі адміны буйных тэлеграм-каналаў, якія і планавалі акцыі) не заклікалі ствараць намётавы лагер ці, прынамсі, акупаваць будзь-які будынак і ахоўваць яго ў якасці нашага штабу 24\7. Тым больш гэта была цёплая часіна году! Такі крок адразу вырашыў бы аграмадную масу праблемаў: дазволіў бы аператыўна раіцца і прымаць рашэнні, ствараць новыя групы, каардынавацца, хавацца ад арыштаў людзям, якія знаходзіліся ў вышуку, плюс дало б поўную бачнасць нас у горадзе — кожны мог бы падысці і паглядзець на «наркаманаў і прастытутак». Гэта была бы сапраўдная лабараторыя рэвалюцыйнай творчасці, якая жыццёва патрэбная для паглыблення рэвалюцыйнага працэсу. І яна была вельмі-вельмі неабходная. Чаму гэтага не было зроблена? Я не ведаю. Мажліва, кіраўнікі пратэсту баяліся, што ніхто не адрэагуе на заклік і атрымаецца «пшык», мажліва баяліся браць адказнасць за магчымы гвалт, мажліва яны ведалі штось, чаго не ведаў я. Так ці інакш, гэткага закліку не прагучала і ўлада ужо да Новага Года «перашчоўкала» ўсіх па адным, а з масавымі сходамі навучылася змагацца, рассякаючы натоўп на часткі.
б) Адсутнасць адказнасці кіраўнікоў і адэкватнай зваротнай сувязі з масамі. І тут мы падыходзім да самага балючага моманту. Лідараў пратэстаў ніхто не абіраў — яны сталі такімі ў выніку сваёй уласнай працавітасці і аб’ектыўнага ходу развіцця падзеяў. Аднак, стаўшы імі, яны не неслі амаль ніякай адказнасці (акрамя рэпутацыйнай) перад тымі, хто выконваў іхнія заклікі і следаваў іхнім інструкцыям. Пратэсныя тэлеграм-каналы мелі аграмадны крэдыт даверу проста таму, што патрапілі ва ўнісон з народнымі жаданнямі. Аднак было зроблена недастаткова, каб гэты давер утрымаць і канвертаваць у даўгатэрміновую форму. Людзям неабходна мець мажлівасць сказаць кіраўнікам: «тое і тое вы робіце не так». Гэтыя галасы аднак сыходзілі у пясок. Я апераваў менш значным тэлеграм-каналам (14 тысяч на піке) і мне ўвесь час скардзіліся, што такія-та і такія та буйныя каналы (не будзем іх называць) не адказваюць на паведамленні ў бот і ў прыват. Я і сам пісаў некалькі разоў — мне ніхто не адказваў. Гэта абсалютна недапушчальная сітуацыя.
Пазней Сцяпан Пуціла ў сваіх інтэрв'ю казаў, што ў пэўны перыяд ім пісалі ў хвіліну нейкую несусветную колькасць паведамленняў. Цалкам паверу. Ведаю, што ніхто не ў сілах такое апрацаваць у адзіночку. Я сам ледзь спраўляўся з патокам паведамленняў на свой канал. І аднак гэта трэба было прадугледзець і прыняць усе меры, каб людзі не адчувалі, што імі проста дыстанцыйна маніпулююць. А яны, здаецца, на пэўным этапе, мелі такое адчуванне. Трэба было прыняць меры, каб не гублялася важная інфармацыя, каб яна своечасова аналізавалася і на падставе гэтага аналізу карэктавалася тактыка. Калі гэта і рабілася ва ўмоўным «штабе», то рабілася не ў дастатковай ступені. І тут мы пераходзім да апошняга пункту:
в) Недахоп кампетэнцый у кіраўнікоў пратэстаў. Штаб кіраўнікоў пратэстаў (назавем яго так) складаўся з прафесійных медыйшчыкаў. Але сярод іх, наколькі мне вядома, амаль не было рэвалюцыянераў, людзей з доўгім рэкардам палітычнага актывізму. Адсюль — вялікая колькасць памылак, у тым ліку азначаныя вышэй. Не хапала гістарычнай перспектывы, не хапала палітычнай кемлівасці.
Безумоўна, да абсалютнай заслугі «штабу» адносіцца тое, што яны на нейкі перыяд цалкам узялі пад кантроль інфармацыйную прастору. Гэта быў сапраўдны подзвіг, значэнне якога нельга прымяншаць. Аднак горкая праўда жыцця ў тым, што аднымі медыямі скінуць аўтарытарны рэжым немагчыма. У пэўны момант «штабу» не хапіла канкрэтных кампетэнцый: палітычнай адукацыі і ведання дынамікі рэвалюцыйнага працэсу. Гэта факт, які трэба прызнаць.
Праз гэта ў тыя часы, і, асабліва, у надышэдшы перыяд рэакцыі кіраўнікі, а асабліва Сцяпан, злавілі процьму хейта. Я яшчэ застаў гэтыя дні, калі NEXTA абвінавачвалі то ў «залішнім радыкалізме», то ў «зліве пратэстаў», то яшчэ ў нечым. Ужо будучы ў зняволенні чытаў выказванні рознага кшталту апазіцыянераў, ужо ў эміграцыі, якія на чым свет стаіць лаялі «штаб» — гэтыя выказванні ахвотна перадрукоўвала Саўбелка — маўляў, «шчанюкі» узяліся кіраваць рэвалюцыяй! А іх нельга было падпускаць на гарматны стрэл! Усё прасралі! А вось калі б мы, «сівыя мудрацы», лідары партый і рухаў, кіравалі б паўстаннем, то вось мы б ужо огого!
І тут хочацца спытацца: прабачце, а што вам усе гэтыя гады замінала стаць у стырна? Зрабіць тэлеграм-канал, ютуб-канал, якія б раслі, як на дражджах? Збіраць інсайды з дзяржструктур і рабіць так, каб вам іх не баяліся дасылаць? Піліць ролікі, якія б глядзелі мільёны? Засвойваць новыя медыя?
Сцяпан Пуціла і іншыя кіраўнікі пратэсту апынуліся на гэтым месцы і ў гэты час цалкам заканамерна. Яны рабілі тое, што трэба было, і шмат у чым мелі поспех. І тое, што ім у пэўны момант не хапіла кампетэнцый — гэта таксама камень у агарод тых, хто ўсе папярэднія гады працаваў недастаткова старана і не мог скласці ім у жніўні 2020 здаровай канкурэнцыі. Працаваў «не туды» і таму не аказаўся ў неабходны момант побач з імі. Таму не будзем перакладваць віну за паразу на асобных людзей. Лепей зробім высновы і пойдзем далей. Бо ў той сітуацыі кожны з нас зрабіў усё, што мог. Ці амаль усё.
А зараз адказ на пытанне: ці маглі мы перамагчы ў 2020? Альбо рэвалюцыя, як лічаць многія, была адпачатку вырачаная?
Многія слушна заўважаюць, што пратэстам не быў нададзены належны радыкальны імпульс, што яны тапталіся на месцы тады, калі трэба было наступаць. І гэта сапраўды так. Аднак давайце ўзгадаем, што спробы надаць пратэсту больш наступальны характар былі і ўсе яны былі няўдалымі.
13 верасня 2020 адбыўся «Марш на Дразды» (дарэчы, пост у ТГ наконт гэтага марша потым лёг у аснову маёй крымінальнай справы). У выніку пераважная большасць — некалькі дзясяткаў тысяч пратэстоўцаў — пастаялі перад ментоўскім кардонам, развярнуліся і пайшлі гуляць далей! У сам катэджны гарадок зайшло некалькі соцень чалавек. І эфект быў яўна не той, на які разлічвалі арганізатары.

13 верасня 2020
Аналагічная сітуацыя — з маршам на Акрэсціна 4 кастрычніка 2020. Сэнс закліку відавочны: ісці і вызваляць затрыманых, якіх па-ранейшаму збівалі і катавалі. Аднак там, дзе калона мусіла звярнуць у бок ізалятара, абсалютная большасць людзей крочыла далей, па умоўна бяспечным маршруце. І толькі нямногія, значна менш за палову, звярнулі і падышлі пад сцены ізалятара. Гэта было бачна па фота, і гэта мне асабіста пацвердзілі многія ўдзельнікі. Потым гучалі галасы: «правакатары не далі калоне звярнуць!». Глупства. Большасць людзей абсалютна свядома не хацела «абвастраць», і таму абсалютна свядома не выканала «інструкцыю» кіроўных тэлеграм-каналаў. Відавочна, людзі думалі, што і проста хаджэнняў будзе дастаткова, каб дабіцца сваіх мэтаў. Пераважная большасць з іх (ізноў жа, я кажу не пра ўсіх) не была гатовая рызыкаваць больш, чым яны ўжо рызыкавалі тады.
Выснова: грамадзянская супольнасць, удзельнікі пратэстаў, да апошняга не разумела сутнасць рэжыму з якім маюць справу. А калі зразумела, было ўжо запозна. Перавага тады ўжо была на баку контррэвалюцыі.
Чаму так адбылося?
Мы, тыя хто мае доўгі досвед змагання з рэжымам, часта пасмейваліся над гэтай «новай хваляй» — прыхільнікамі Бабарыкі і не толькі, якія шчыра лічылі, што зараз яны ўсё зробяць па законе і Лукашэнка проста сыйдзе. Бо нельга ж парушаць закон! «Што, біць і саджаць? А за што нас біць і саджаць?»
Гэтая падкрэслена неканфрантацыйная рыторыка, мяккія прамовы і лагодныя прапановы выглядалі для нас нейкім падманам: што вы людзям локшыну на вушы вешаеце? Ну а па прашэсці некалькіх год усім стала відавочна — калі б не гэтая ілюзія, масавага ўцягвання людзей у пратэст не адбылося б. І на вуліцы выйшлі б плюс мінус тыя самыя колькасці людзей, што і звычайна. Але дзякуючы такому сітуатыўнаму эммм... падману? людзі былі ўцягнутыя ў палітыку. Бо шчыра паверылі, што ім за гэта не будзе. Яны аказаліся ўцягнутыя ў яе з усімі сваімі ілюзіямі, верай у закон пры Лукашэнке і іншымі ружовымі адзінарогамі.
І адваротным бокам уцягнутасці мас у рэвалюцыйны працэс і стала тое, аб чым я пісаў вышэй. Людзі не разумелі да канца, з якім Левіяфанам яны сутыкнуліся, і што з ім рабіць. А калі зразумелі, сілы былі ўжо не тыя, каб штось змяніць.
Падводзячы рысу і задаючы пытанне: ці была перадвызначаная нашая параза ў 2020, я схільны адказаць: не. Параза не была перадвызначаная. Пры адсутнасці пералічаных мною вышэй суб’ектыўных прычын (і мажліва іншых, якія я не заўважыў) у нас быў шанец на перамогу. Аднак толькі шанец. Наколькі вялікі — гэтага мне ведаць не дадзена.
Аднак мне дадзена ведаць, што, як я ўжо казаў вышэй, на далёкай дыстанцыі арганізаванасць у шэрагу з цярпеннем і верай — абавязковыя для тых, хто хоча перамагчы. Ці дастаткова ў нас першага, другога, трэцяга? Бадай, гэта пытанні, якія кожнаму\кожнай з нас варта задаваць сабе штодзённа.