Ці магло ў 2020-м усё скласціся па-іншаму?
Літаральна праз некалькі дзён спаўняецца пяць гадоў са старту самых масавых пратэстаў у гісторыі незалежнай Беларусі. Вяртаючыся да тых падзей, многія разважаюць, ці маглі яны скончыцца неяк інакш. Што, калі б пратэстоўцы не сышлі з вуліц і стаялі там тыднямі? А калі б улады не запусцілі такі махавік рэпрэсій? Пра гэта ў калонцы для «Люстэрка» разважае Юрый Дракахруст.

Ці маглі пратэсты 2020 года скончыцца інакш — падзеннем рэжыму ці яго істотнай трансфармацыяй? Гэтае пытанне задавалі і задаюць сабе многія — і ў 2021 годзе, і цяпер. Асаблівасць чалавечага ўспрымання — чым далей у мінулае адыходзіць тая ці іншая падзея, тым больш перадвызначанай яна падаецца ў рэтраспектыве: было так, а інакш і быць не магло.
На самай справе магло. У паваротных пунктах гісторыі будучыня не наканаваная. І яна вызначаецца не толькі доўгачасовымі фактарамі, дакладна ацаніць якія складана, але і выпадковасцямі ў саміх гэтых пунктах.
Няма недахопу ў прапановах задняй датай цудадзейных рэцэптаў, якія маглі б змяніць ход падзей у Беларусі ў 2020 годзе. Аднак наконт гэтых рэцэптаў ёсць сумневы двух тыпаў: ці прывяла б іх рэалізацыя да іншага выніку і ці можна іх было рэалізаваць у сітуацыі пяцігадовай даўніны.
Сяргей Ціханоўскі пасля вызвалення дапусціў, што калі б у жніўні 2020 года пратэсты былі бесперапыннымі, кругласутачнымі, то яны прывялі б да поспеху. Можа, і прывялі б. Але ў 2006 годзе, пасля тагачасных выбараў, пратэсты былі менавіта такімі, на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску намётавы гарадок стаяў некалькі дзён.
Рэжым яны не зрынулі, пасля некалькіх дзён стаяння намётавы гарадок разагналі. Зразумела, можна сказаць, што ў 2006 годзе пратэстоўцаў было ў разы менш, чым у 2020 годзе, і тое, што не прынесла поспеху 19 гадоў таму, прынесла б яго пяць гадоў таму. Але ўсё ж беларускі досвед 2006 года паказвае, што шматдзённы кругласутачны пратэст — не чароўны ключык, які адкрывае дзверы да поспеху.
Тое ж адносіцца і да нараканняў наконт таго, што беларусы ў 2020 годзе былі занадта міралюбныя, абутак здымалі, становячыся на лавачкі, а дзейнічаць трэба было сілай, як украінцы ў 2013−2014 гадах на Майдане.

Аднак і ўкраінскі досвед — розны. Украінскі Майдан 2004 года быў мірным, ён прывёў да поспеху, да таго ж пасля яго Украіна не страціла сваіх тэрыторый. З іншага боку, некаторыя лідары Майдана 2013−2014 гадоў называлі пратэстоўцаў, якія выкарыстоўвалі сілавыя метады, правакатарамі. То-бок там і тады сілавы сцэнар не быў агульнай узгодненай стратэгіяй. Так не было задумана адпачатку, так атрымалася ў выніку ўзаемадзеяння рознаскіраваных воляў і намераў.
Ну і варта нагадаць, што неўзабаве пасля беларускіх пратэстаў 2020 года адбыўся вайсковы пераварот у М’янме, народ у адказ выйшаў на пратэсты, якія не былі мірнымі. У выніку — каля трох тысяч загінулых і здушэнне пратэстаў.
Глядзіце таксама

Гэта ж таксама альтэрнатыўны сцэнар беларускіх пратэстаў 2020 года, калі б яны былі больш рашучымі.
У беларускім выпадку не варта забываць, што Крэмль пасля нядоўгіх роздумаў вырашыў падтрымаць Лукашэнку, быў сфармаваны рэзерв Нацгвардыі Расіі, гатовы ўмяшацца ў падзеі ў Беларусі, калі б яны пайшлі па сілавым сцэнары. Не выклікае сумневу, што ў Крамлі не вагаліся б выкарыстаць гэты рэзерв. Як не вагаліся праз два гады, калі хваляванні ў Казахстане набылі некантраляваны характар.
Так што калі б падзеі 2020 года пайшлі інакш, вынік мог бы быць такім самым, якім аказаўся ў рэальнасці, ці нават яшчэ горшым.
Але застаецца яшчэ пытанне, ці гатовае было грамадства слухаць заклікі да іншых дзеянняў і дзейнічаць у адпаведнасці з гэтымі заклікамі. Згодна з апытаннем Chatham House, праведзеным у разгар пратэстаў, у верасні 2020 года, 75% рэспандэнтаў трымаліся меркавання, што пратэсты мусяць быць мірнымі, і толькі 4,5% лічылі, што пратэсты павінныя суправаджацца выкарыстаннем сілы.
Глядзіце таксама

Як кажа англійская прыказка, можна падвесці каня да вады, але нельга прымусіць яго піць. Пратэсныя масы — не армія, якая выконвае загады. Уяўляецца, што беларускага «каня» нельга было прымусіць «піць ваду» гвалтоўнага сцэнару.
Пра гэта, дарэчы, сведчыць інтэрв'ю кіраўніка тэлеграм-канал NEXTA Сцяпана Пуцілы. Гэты канал быў ці не самым папулярным сярод удзельнікаў пратэстаў, на думку некаторых ён граў ролю каардынатара і нават арганізатара пратэстаў. Пуціла расказаў, што ў разгар пратэстаў канал тэставаў розныя заклікі — прамыя і ўскосныя, у тым ліку і досыць радыкальныя. І, паводле кіраўніка NEXTA, ён і яго калегі бачылі і адчувалі, што радыкальныя заклікі не выклікаюць сур’ёзнага водгуку.
Яшчэ адзін прадмет спрэчак пра падзеі 2020 года — памылкі ўлады ці тое, што ўспрымалася або ўспрымаецца як такія. Што магло пайсці інакш, калі б улады дзейнічалі па-іншаму?
На думку многіх, размаху пратэстаў спрыяла дэманстрацыйная зверская жорсткасць што да затрыманых пратэстоўцаў. Калі б улады паводзілі сябе інакш, магчыма, 2020 год і не ўвайшоў бы ў беларускую гісторыю як год беспрэцэдэнтна маштабных пратэстаў.
Глядзіце таксама

Але і тут дылема. Калі б улада паводзілася не так брутальна, пратэсты маглі б пашырацца праз адчуванне, што рызыка ўдзелу ў іх не вельмі вялікая. Улада зрабіла свае высновы і з украінскага Майдана 2013−2014 гадоў, і з дынамікі развіцця беларускага грамадства ў перыяд адноснай лібералізацыі 2016−2019 гадоў: калі дэманстраваць мяккацеласць — чакай бяды.
Некалі Аляксандр Фядута расказваў, што на дэпутата Лукашэнку зрабіў каласальнае ўражанне «Уладар» [фларэнтыйскага дзяржаўнага дзеяча Нікало] Мак’явэлі, калі яго далі яму пачытаць. Паводле Фядуты, Лукашэнка раскрэсліў свой асобнік кнігі заўвагамі і адзнакамі. А там сказана: «Уладар, калі ён жадае ўтрымаць у падпарадкаванні падданых, не мусіць лічыцца з абвінавачаннямі ў жорсткасці. Учыніўшы некалькі расправаў, ён праявіць больш міласэрнасці, чым тыя, хто праз лішак яе патурае беспарадку».
Ну вось і сцэнар дзеянняў улады ў 2020 годзе. Так, ён не пазбаўлены рызыкі і можа прывесці да абурэння расправамі. Але адпаведны запавету класіка.
Дык што ж у 2020 годзе магло пайсці інакш, дакладней, які мог быць грамадска-палітычны механізм іншага развіцця працэсаў пяць гадоў таму?
Амерыканскі палітолаг Сэмюэл Хантынгтан у кнізе «Трэцяя хваля: дэмакратызацыя ў канцы дваццатага стагоддзя» апісваў тры сцэнары дэмакратычнага транзіту: трансфармацыя, замена і замяшчэнне. Трансфармацыя — калі сам кіроўны рэжым ініцыюе кардынальныя перамены. Замена — зрынанне яго знешнімі ў дачыненні да яго грамадскімі сіламі. Замяшчэнне — гібрыд, змена ўлады альянсам сіл як унутры рэжыму, так і па-за ім.
2020 год быў спробай замены. Уяўляецца, што шанцы на поспех ён меў бы, калі б быў або стаў спробай замяшчэння, калі б суправаджаўся расколам уладных эліт. Калі б пратэсты былі кругласутачнымі, калі б беларусы стралялі адно ў аднаго, гэта магло б прывесці да іншага выніку толькі калі б праз такое развіццё падзей значная частка ўладных эліт перайшла на бок пратэстоўцаў. Зусім не факт, што вынік быў бы менавіта такім. Ды і гэта не было б дастатковай умовай поспеху. Але неабходнай — відаць, так.
Глядзіце таксама

Ну, а ў рэальнасці перайшоў толькі былы міністр культуры Павел Латушка. Дарэчы, ускосна пра важнасць гэтага механізму сведчыць і высокае месца (другое), якое заняў у дэмсілах Латушка падчас і пасля пратэстаў і якое займае дагэтуль. Не прымяншаючы яго асабістых палітычных вартасцяў, уяўляецца, што яго цяперашняе месца ў шэрагах змагароў з сістэмай не ў апошнюю чаргу тлумачыцца высокім ранейшым месцам у сістэме.
Французская і руская рэвалюцыі былі прыкладамі замен, якія перамаглі. Ну дык падчас іх і пасля іх прынц крыві не мог стаць чальцом Камітэта грамадскага выратавання, а былы царскі міністр — увайсці ў ЦК партыі бальшавікоў.
Адзін з лідараў беларускай дэмакратыі — былы міністр дыктатара, гэта ўскосны паказчык таго, што ў 2020 годзе беларускае грамадства было гатовае да замяшчэння. А да замены — не. Калі б у 2020 годзе ў апазіцыю да Лукашэнкі сышло хаця б некалькі міністраў, кіраўнікоў рэгіёнаў, генералаў, імавернасць іншага выніку была б істотна вышэйшай.
Дарэчы, Расія была адной з прычын, з якіх гэта не адбылося. Яна свой бок у беларускім супрацьстаянні выбрала даволі хутка. Беларускія чыноўнікі і вайскоўцы і тады былі звязаныя шчыльнай сеткай разнастайных адносін з расійскімі калегамі. А перыяды нармалізацыі адносін з Захадам былі занадта кароткімі, каб сфармаваць альтэрнатыўныя сеткі. Так што ўплыў Расіі на палітычны працэс у Беларусі быў дваістым — яна пагражала ўзброеным умяшаннем, але акрамя таго і сваёй пазіцыяй перашкаджала пераходу пратэстаў з замены ў замяшчэнне.
З падзей маштабу тых, што адбыліся ў Беларусі ў 2020 годзе, немагчыма атрымаць адназначных урокаў на будучыню. У будучыні нашая краіна стане зусім іншай і, магчыма, нават правільныя ўрокі з 2020 года будуць да яе недастасавальныя.
Слушная прыказка, паводле якой генералы заўсёды рыхтуюцца да мінулай вайны. У апраўданне можна сказаць, што пра мінулую многае вядома. А будучыня — невядомасць. Праўда, калі яна прыйдзе, занадта многія будуць казаць, што іншым яна і быць не магла. Але гэта потым.