«Ніколі яшчэ Беларусь не перажывала ў сваёй найноўшай гісторыі нагэтулькі цяжкія часы, як цяпер» — Рада БНР

 З нагоды пятай гадавіны жнівеньскіх падзей 2020 года Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай.

Архіўнае фота. Аўтар Павел Хадзінскі

Архіўнае фота. Аўтар Павел Хадзінскі

Спаўняецца пяць гадоў ад тых дзён, калі беларусы пад Бел-Чырвона-Белым сьцягам выступілі супраць узурпацыі ўлады стаўленікам Масквы Аляксандрам Лукашэнкам.

Варта нагадаць, што адразу пасьля абвяшчэньня афіцыйнымі ўладамі Беларусі выбараў прэзыдэнта ў сваёй заяве ад 15 траўня 2020 году Рада БНР зьвярнула ўвагу міжнароднай супольнасьці на тое, што ў Беларусі адсутнічаюць умовы для дэмакратычных выбараў, а Лукашэнка, з прычыны нелегітымнасьці т.зв. рэфэрэндуму 2004 году, па выніках якога было скасаванае абмежаваньне колькасьці тэрмінаў на пасадзе прэзыдэнта, ня мае права браць удзел у выбарах.

На незаконнасьць удзелу Лукашэнкі ў выбарах Рада БНР заявіла і пасьля рэгістрацыі кандыдатаў у ліпені 2020-га, адначасна запатрабаваўшы ад афіцыйнага Менску спыніць рэпрэсіі і неадкладна вызваліць усіх затрыманых па палітычных матывах палітыкаў, журналістаў і блогераў. Рада БНР заклікала «правесьці новыя прэзыдэнцкія, парлямэнцкія і мясцовыя выбары ў Беларусі ў прысутнасьці міжнародных назіральнікаў і ў поўнай адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі і дэмакратычнымі каштоўнасьцямі, якія задэкляраваныя ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».

Адразу пасьля галасаваньня 9 жніўня Рада БНР асудзіла фальсыфікацыі і гвалт супраць мірных дэманстрантаў, якія выказалі пратэст супраць парушэньняў выбарчага заканадаўства і ўзурпацыі ўлады.

«Па ўсіх прыкметах, Аляксандар Лукашэнка пацярпеў паразу на выбарах і ня можа лічыцца легітымным прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь» — заявіла Рада БНР і заклікала да «неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных і да правядзеньня новых сумленных прэзыдэнцкіх выбараў па агульнапрынятых дэмакратычных стандартах і без удзелу Аляксандра Лукашэнкі».

Таксама, Рада заклікала беларусаў замежжа да актыўнага пратэсту з мэтаю данясеньня інфармацыі пра сытуацыю ў Беларусі да ўрадаў замежных краінаў.

«Рада БНР заклікае міжнародную супольнасьць аказаць максымальны ціск на рэжым Лукашэнкі з мэтаю спыненьня тэрору супраць беларусаў і правядзеньня новых, свабодных, выбараў» — гаварылася ў заяве.

У наступныя месяцы Рада БНР неаднаразова пацьвярджала падтрымку пратэстоўцам, патрабавала вызваленьня палітвязьняў, заклікала прэзыдэнтаў, парлямэнты і ўрады сьвету, міжнародныя арганізацыі да актыўных дзеяньняў у справе падтрымкі беларускага народа, які выступіў у абарону сваіх палітычных і грамадзянскіх правоў.

У часе масавых выступаў супраць узурпатара беларусы выявілі сапраўдную мужнасьць перад абліччам брутальнага гвалту, прадэманстравалі самаарганізацыю і салідарнасьць, цалкам пацьвердзілі сваё права «людзьмі звацца» зь вялікай годнасьцю.

img_0735_logo_1_logo.jpg_1.png

Тое, што масавыя выступы адбываліся пад Бел-Чырвона-Белым сьцягам, засьведчыла адданасьць беларусаў нацыянальным каштоўнасьцям, нягледзячы на шматгадовае навязваньне ўладай штучных сымбаляў.

Не выклікае сумневу, што толькі тэрорам супраць народа і падтрымкай Масквы, якая 27 жніўня 2020 абвясьціла аб разгортваньні сілаў каб здушыць магчымую перамогу народа ў Беларусі, тлумачыцца ўтрыманьне Лукашэнкі ва ўладзе.

Расплаціўся Лукашэнка з Крамлём —лёсам народа і міжнародным аўтарытэтам дзяржавы. Злачынная змова з Пуціным сталася пралёгам для палітычнай зачысткі краіны перад выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі для агрэсіі РФ супраць Украіны.

5-я гадавіна падзеяў жніўня 2020-га прыпадае на час, калі тысячы адданых Беларусі сыноў і дачок знаходзяцца ў вязьніцах, а сотні тысяч былі вымушаныя пакінуць Бацькаўшчыну, калі Лукашэнка, выконваючы жаданьне Масквы, зьнішчае нацыянальную ідэнтычнасьць беларусаў і фактычна праводзіць палітыку этнацыду.

Ніколі яшчэ Беларусь не перажывала ў сваёй найноўшай гісторыі нагэтулькі цяжкія часы, як цяпер. І тым большую павагу выклікаюць беларусы на Бацькаўшчыне, якія засталіся верныя нацыянальнаму Адраджэньню, ідэалам свабоды і дэмакратыі — і беларусы замежжа, якія не спыняюць дапамогу палітычным вязьням і іх сем’ям, ствараюць беларускія адукацыйныя і культурніцкія асяродкі, грукаюцца ў дзьверы замежных палітыкаў з мэтай не забывацца пра Беларусь.

Вінаватыя ў тэроры і іншых злачынствах супраць беларускага народу і супраць чалавечнасьці маюць быць прыцягнуты да адказнасьці будучай дэмакратычнай уладай у Беларусі.

Рада БНР заяўляе, што аднаўленьне дэмакратыі ў Беларусі, правядзеньне сумленных выбараў усіх узроўняў па агульнапрынятых дэмакратычных стандартах у цалкам незалежнай беларускай нацыянальнай дзяржаве, мае заставацца галоўнай беларускай палітычнай мэтаю на гэтым гістарычным этапе

Рада БНР выказвае падтрымку і салідарнасьць усім, хто набліжае сьветлую будучыню вольнай і дэмакратычнай Бацькаўшчыны.

Жыве Беларусь!