Яшчэ 14 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Хронікі рэпрэсій 21 кастрычніка
Праваабарончая супольнасць 21 кастрычніка прыняла заяву, у якой прызнала палітвязнямі яшчэ 14 чалавек. Гэта Валянцін Анцыповіч, Мікіта Пуцыла, Дзмітрый Захараў, Артур Сыракваша, Аляксандр Лабузаў, Ігар Калуеў, Наталля Раманенка, Уладзімір Міхайленка, Вячаслаў Сямёнаў, Дзмітрый Хальцоў, Ігар Брадко, Сяргей Кебец, Аляксей Кубракоў, Вольга Асіпчык. Усе яны асуджаныя да пазбаўлення волі ў сувязі з узаемадзеяннем з «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

Кіраўніцу аддзела продажаў сеткі крамаў ОМА асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»
Марыне Куляшовай 42 гады. Яна мінчанка. Пасля школы скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Менеджмент. Дзяржаўнае і муніцыпальнае кіраванне».
Марына доўгі час працавала ў продажах і ў менеджменце. Пасля Куляшова вырашыла ўвайсці ў IT-сферу і прайшла прафесійнае навучанне па функцыянальным тэсціраванні. З кастрычніка 2022 па сакавік 2023 года яна працавала тэсціроўшчыцай у кампаніі a1qa.
Але ў красавіку 2023 года Марына вярнулася да сферы продажаў і кіравання на пасаду кіраўніка аддзела продажаў у кампаніі «ОМА», якая кіруе сеткай аднайменных крамаў у Мінску.
Марыну Куляшову асудзілі ў 2025 годзе па абвінавачанні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Жанчыне прысудзілі «хатнюю хімію», піша «Наша Ніва».
Палітвязня Аляксея Галаўко асудзілі за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»
У Магілёве 5 верасня адбыўся разгляд чарговай крымінальнай справы супраць анархіста Аляксея Галаўко, якога раней асудзілі да 12 гадоў калоніі. Палітвязня прызналі вінаватым паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Па звестках @belarus_abc, Аляксею дадалі яшчэ паўгода зняволення.
Аляксей — жыхар Брэста. Яго затрымалі 5 сакавіка 2021 года ў межах крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху. Пазней яму прызначылі 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў.
Для адбыцця тэрміна яго адправілі ў магілёўскую калонію № 15. Напрыканцы ліпеня стала вядома, што Аляксей утрымліваецца ў ПКТ.