Кіеў звяртае ўвагу краін G7 на маштабны абыход Расіяй санкцый праз Беларусь
Мінфін ЗША ўхваляе санкцыі супраць Расіі за вайну ва Украіне і не супраць зрабіць іх больш моцнымі. У той жа час Украіна просіць партнёраў выпрацаваць новую стратэгію процідзеяння абыходу санкцый — і пры гэтым звяртае ўвагу на Беларусь. А Трамп зноў раскрытыкаваў Пуціна. Ідуць 1330-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За ўчора ва Украіне было зафіксавана 182 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 15 кастрычніка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 69 штурмавых дзеянняў расіян у раёнах Уладзіміраўкі, Новага Шахава, Ніканораўкі, Чырвонага Ліману, Сухецкага, Дачнага, Новаэканамічнага, Лісоўкі, Зверава, Котліна, Мірнаграду, Удачнага, Філіі і іншых.
На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 26 атак паблізу Іванаўкі, Аляксандраграду, Ворана, Андрыеўкі-Кляўцова, Зялёнага Гаю, Маліеўкі, Ялты, Студзеньскага і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 16 баявых сутыкненняў паблізу Ваўчанска, Каменкі, Заходняга і Куцькоўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 14 атак у кірунку Канстанцінаўкі, Берастка і паблізу Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Тарэцка, Русінага Яру і Палтаўкі.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакаваЛА 11 разоў, спрабуючы прасунуцца Ў кірунках Лімана і Дробышавага і паблізу Сярэдняга, Шандрыгалава, Торскага і Калодзежа.
* * *
У ноч на 15 кастрычніка аналітычны праект DeepState паведаміў пра акупацыю расіянамі трох населеных пунктаў у Данецкай вобласці. Гаворка ідзе пра Перабудову, Камар і Мірнае, якія знаходзяцца на Новапаўлаўскім кірунку. Таксама расіяне прасунуліся паблізу Іванаўкі і Васкрасенкі, адзначаюць у праекце.
* * *
На Пакроўскім кірунку расіяне нясуць на 20% большыя страты за апошні тыдзень, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Паводле яго даных, украінскія войскі нядаўна прасунуліся на поўначы Сумскай вобласці — у цэнтральнай частцы Аляксееўкі.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 14 кастрычніка, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на ўсход ад Шахава (на ўсход ад Дабраполля) у ходзе узмоцненай механізаванай атакі колькасцю да роты.
14 кастрычніка расійскія войскі працягнулі наступ на Пакроўскім кірунку, аднак прагрэсу не дамагліся. Прадстаўнік украінскага корпуса, які дзейнічае на Пакроўскім кірунку, паведаміў, што расійскія войскі ўзмацнілі атакі на гэтым кірунку, спрабуючы скарыстацца неспрыяльнымі ўмовамі надвор'я, якія зніжаюць эфектыўнасць украінскіх беспілотнікаў. Таму за апошні тыдзень (з 7 кастрычніка) расійскія войскі панеслі на 18-20 працэнтаў больш страт, чым за папярэдні тыдзень (з 20 верасня па 7 кастрычніка).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 14 кастрычніка, паказваюць, што ўкраінскія войскі нядаўна прасунуліся на поўдзень ад Стэпнагорска (на захад ад Арэхава).
* * *
З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расія панесла значныя страты тэхнікі — ад 4 да 9 тысяч баявых танкаў і каля 20 тысяч бронемашын, паведаміў высокапастаўлены прадстаўнік NATO, піша РБК-Украіна.
Прадстаўнік Альянсу адзначыў, што расійскія вайскоўцы выкарыстоўвалі старыя савецкія запасы, разбіраючы тэхніку для падтрымання ў працоўным стане іншых сістэм.
«Яны досыць актыўна выкарыстоўвалі савецкія запасы, разбіраючы тэхніку, каб падтрымліваць у працоўным стане савецкія сістэмы. У многіх выпадках старых машын для такога разбору ўжо не засталося», — расказаў прадстаўнік NATO.
Сёння Расія вырабляе прыкладна 130 танкаў штомесяц, што дазваляе вырабляць да 1600 новых танкаў на год.
* * *
У ноч на 15 кастрычніка Расія атакавала Украіну 113 ударнымі БпЛА. Супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 86 БпЛА.
У выніку расійскай атакі беспілотнікамі ў Чарнігаве ўспыхнуў пажар на аб'екце грамадзянскай інфраструктуры.
Пасля расійскага масіраванага ўдару ў Днепрапятроўскай вобласці ўвялі экстранныя адключэнні электразабеспячэння. Пашкоджана энергетычная інфраструктура, ёсць разбурэнні на тэрыторыі транспартнага і прамысловага прадпрыемстваў, адзін чалавек паранены.
Сілы абароны Украіны ў ноч на 13 кастрычніка паўторна нанеслі ўдар па «Марскім нафтавым тэрмінале» ў часова акупаванай Феадосіі, у выніку чаго пашкоджаны 16 рэзервуараў з палівам.
* * *

* * *
Крамлёўскія чыноўнікі працягваюць прымяняць да дзяржаў Балтыі тыя ж наратывы, якія Расія выкарыстоўвала для апраўдання сваіх уварванняў у былыя савецкія дзяржавы за апошнія тры дзесяцігоддзі, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Даследчыкі звяртаюць увагу на заявы старшыні Дзяржаўнай Думы Расіі Вячаслава Валодзіна 14 кастрычніка, які сказаў, што латвійскія ўлады «пераследуюць» рускамоўных у Латвіі і што Расія павінна абараняць сваіх «суайчыннікаў» у дзяржавах Балтыі.
Таксама кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расіі (ЛДПР) і дэпутат Дзярждумы Леанід Слуцкі заявіў, што рускія ў Латвіі з'яўляюцца часткай «Рускага міру».
Канцэпцыя «Рускага міру» Крамля — гэта наўмысна расплывістая ідэалагічная ідэя, якую прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін вызначыў як такую, што ўключае любую былую тэрыторыю Кіеўскай Русі, Маскоўскага царства, Расійскай імперыі, Савецкага Саюза і сучаснай Расійскай Федэрацыі, а таксама любых людзей, якія адчуваюць роднасць або прыналежнасць да Расіі. Расія даўно заяўляе, што яна абавязана абараняць сваіх «суайчыннікаў за мяжой», і выкарыстала гэты наратыў для апраўдання сваіх уварванняў у Малдову, Грузію і Украіну.
Крамлёўскія наратывы пра «суайчыннікаў» Расіі ў Балтыі і больш шырокім «Рускім міры» з'яўляюцца часткай шматгадовых намаганняў Крамля па стварэнні ўмоў, якія апраўдваюць магчымую расійскую агрэсію супраць NATO ў будучыні, лічаць у ISW.
* * *
Міністр фінансаў ЗША Скот Бесент падчас сустрэчы з прэм'ер-міністрам Украіны Юліяй Свірыдзенка ў Вашынгтоне запэўніў, што Штаты гатовыя ўзаемадзейнічаць з іншымі краінамі G7 з мэтай нарошчвання ціску на Расію.
«Ён (Бесент) адзначыў неабходнасць еўрапейскіх саюзнікаў узмацніць ціск не толькі на Расію, але і на любую краіну, якая фінансуе расійскую ваенную машыну шляхам закупкі расійскай нафты», — гаворыцца ў паведамленні Міністэрства фінансаў ЗША.
Свірыдзенка падзякавала Бесенту за «акцэнт на санкцыях». «Расія павінна страціць любыя рычагі ўплыву на нашых партнёраў і каналы заробку грошай для працягу вайны супраць Украіны. Ёсць дакладныя прапановы, як гэта зрабіць сумесна з міжнароднымі партнёрамі. Еўрапейскае і трансатлантычнае адзінства тут адыгрывае ключавую ролю», — адзначыла Свірыдзенка.
* * *
Кіеў папярэджвае пра маштабны абыход санкцый праз Беларусь і крыптавалютныя каналы. Украіна просіць партнёраў выпрацаваць новую стратэгію процідзеяння, паведамляе Bloomberg.
Упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк і першы намеснік міністра замежных спраў Сяргей Кісліца на гэтым тыдні сустрэліся з прадстаўнікамі краін «Вялікай сямёркі» ў Кіеве, каб абмеркаваць праблему абыходу Расіяй санкцый пры закупцы замежных кампанентаў для ўзбраенняў. Прэзідэнт Зяленскі таксама ўсё часцей уздымае гэтае пытанне ў размовах з міжнароднымі партнёрамі.
Больш за 500 дронаў і ракет, запушчаных Расіяй падчас масіраванай атакі 5 кастрычніка, утрымлівалі больш за 100 тысяч замежных дэталяў. Сярод іх — кампаненты, вырабленыя ў ЗША і краінах Заходняй Еўропы.
Асаблівую ўвагу Кіеў удзяляе санкцыям супраць Беларусі: гэтая краіна, якую з 2022 года Расія выкарыстоўвае як плацдарм для ўварвання, ператвараецца ў цэнтр гандлю кампанентамі для дронаў.
Уласюк адзначыў, што неабходна ліквідаваць слабыя месцы ў санкцыйным рэжыме ЕС.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, выступаючы перад журналістамі ў Белым доме 14 кастрычніка, заявіў, што расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін павінен быў бы выйграць вайну ва Украіне за тыдзень, аднак яна працягваецца ўжо амаль чатыры гады. Гэта сведчыць пра сур'ёзныя страты і няўдачы Расіі ў гэтым канфлікце.
«Я вельмі расчараваны, таму што ва Уладзіміра (Пуціна) і ў мяне былі вельмі добрыя адносіны, і, верагодна, застаюцца такімі і да гэтага часу. Я не разумею, чаму ён працягвае гэтую вайну. Гэтая вайна для яго такая дрэнная», — сказаў Трамп.
Прэзідэнт ЗША назваў гэтую вайну найбуйнейшай падзеяй па колькасці ахвяр з часоў Другой сусветнай. Ён падкрэсліў, што расійская эканоміка знаходзіцца на мяжы калапсу, але вайна працягваецца нягледзячы на ўсе цяжкасці. На думку Трампа, Пуцін мог бы хутка завяршыць канфлікт, калі б гэта было яго жаданнем.
«Ён (Пуцін) проста не хоча заканчваць вайну. Ён можа скончыць гэтую вайну і мог бы зрабіць гэта хутка», — сказаў прэзідэнт ЗША.
У гэтым кантэксце Трамп выказаў здагадку, што падчас маючай адбыцца сустрэчы прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ў ЗША той можа ўзняць пытанне пра пастаўкі ракет Tomahawk. Па словах Трампа, Украіна мае патрэбу ў такой зброі, і Штаты маюць яе ў значнай колькасці. У той жа час ён не ўдакладніў, ці прынята рашэнне пра перадачу гэтых сістэм Украіне.