Падпольная памяць
Як сцвярджаюць іспанскія гісторыкі, памяць аб ахвярах рэпрэсій — не проста сведчанні, але часам таксама форма супраціву.

Імёны некаторых ахвяр франкізму. Акт асуджэння злачынстваў франкізму і ўшанавання памяці ахвяр адбыўся 20 лістапада 2015 года ў раёне турмы «Модэль» у Барселоне. Фота Jpiany - Treball propi, commons.wikimedia.org
Пасля перамогі ў грамадзянскай вайне ў Іспаніі Франка ўстанавіў жорсткую дыктатуру, у тым ліку заснаваную на навязанай памяці. Афіцыйная прапаганда дзяліла грамадства на «пераможцаў» (нацыяналісты, «сапраўдная Іспанія») і «пераможаных» (рэспубліканцы, «анты-Іспанія»). Адначасова тысячы людзей былі пакараныя, адпраўлены ў лагеры, іх магілы, як правіла, заставаліся без імёнаў.
Памяць аб вайне стала падтрымлівалася праз манументы, помнікі, афіцыйныя святы, пропаведзі. Гэта была не памяць дзеля прымірэння, а памяць — як інструмент легітымацыі рэжыму і знявагі саперніка.
Але грамадства адрэагавала незвычайна. Стыхійна пачалі ўтварацца нефармальныя сеткі, якія стваралі «народныя архівы» аб ахвярах дыктатуры.
Гэтыя вусныя наратывы не толькі захавалі контргісторыю Другой рэспублікі (1931–1939), якую адмаўляла франкісцкая прапаганда. Як не парадаксальна, звычайныя сямейныя гісторыі пра сваякоў-ахвяраў фашызму паступова сталі народнай формай таемнага супраціву.
Глядзіце таксама

Як працавалі механізмы стварэння і функцыянавання падпольных сетак памяці ў Іспаніі 1950–1960-х гадоў (менавіта гэты перыяд стаў часам крытычнай кансалідацыі народнай памяці аб франкісцкіх рэпрэсіях)?
У сельскіх раёнах (асабліва ў Андалусіі, Эстрэмадуры) сваякі ахвяр таемна збіраліся падчас рэлігійных свят ці памінак. Вусна перадаваліся дэталі расстрэлаў, месцы пахаванняў, спісы катаў.
У правінцыі Кадыс жанчыны з сем'яў рэпрэсаваных арганізоўвалі «групы шэпту» — яны фіксавалі сведчанні аб рэпрэсіях на шматках паперы, якія зашывалі ў адзенне або хавалі ў царкоўных алтарах.
Пісьменнікі і мастакі стваралі зашыфраваныя творы. Напрыклад, у паэме пісьменніка Бласа дэ Отэра «Я прашу мір і слова» (1955) шмат алюзій на масавыя пахаванні.
Частка нізавога духавенства (асабліва ў Басконіі і Каталоніі) падтрымлівала сеткі памяці. У парафіях ладзіліся фальшывыя «рэлігійныя брацтвы», дзе пад выглядам вывучэння Бібліі абмяркоўвалі палітычныя рэпрэсіі. Святары дапамагалі складаць мартыралогі — спісы забітых з указаннем іх «ерэтычнай» прыхільнасці дэмакратыі.
Практыкавалася выкарыстанне адвакатаў для запытаў аб «зніклых без вестак» праз суды — гэта стварала прэцэдэнты для публічнага абмеркавання рэпрэсій.
Уключылася ў гэтую працу і палітычная эміграцыя. Эмігранты ў Лацінскай Амерыцы і Францыі (напрыклад, дзеці «іспанскіх рэспубліканцаў») стваралі архівы ў выгнанні. У Мексіцы ў 1957 годзе быў заснаваны Цэнтр дакументацыі аб грамадзянскай вайне, куды таемна перапраўляліся сведчанні з Іспаніі.
На нейкім этапе ўлады зразумелі, што яны губляюць кантроль за трактоўкамі гісторыі. У 1960-м быў прыняты Закон «Аб бандытызме і тэрарызме», які прыраўноўваў збор інфармацыі аб расстрэлах сяброў антыфранкісцкага руху да тэрарызму.
Зрэшты, эфект ад гэтага быў амаль нулявы. У адказ іспанцы проста ўзмацнілі канспірацыю. Дакументы пра рэпрэсіі часта маскіраваліся пад гаспадарчыя запісы (напрыклад, месцы «ўгнаенняў» азначалі месцы пахаванняў).
На думку гісторыкаў, няма сумневу, што створаная людзьмі «альтэрнатыўная гісторыя» адыграла вялікую ролю ў дэлегітымізацыі рэжыму.
Ну, а пасля падзення дыктатуры і пераходу да дэмакратыі гэтыя сеткі сталі асновай для Асацыяцыі па аднаўленні гістарычнай памяці (2000). Захаваныя простыя вусныя сведчанні пазней ляглі ў аснову Закона аб гістарычнай памяці (2007). Дакумент не толькі канчаткова асудзіў рэжым Франка і прызнаваў яго ахвяр, але таксама абавязаў дзяржаўныя органы аказваць дзяржаўную падтрымку ў эксгумацыях целаў, пошуках і ўстанаўленні імёнаў ахвяр дыктатуры.