Смяротны прысуд анархісту праз 50 гадоў назвалі неправамерным
Урад Іспаніі афіцыйна прызнаў незаконным смяротны прысуд Сальвадору Пуч Анціку — каталонскаму анархісту і ўдзельніку супраціву супраць франкісцкай дыктатуры.
Сальвадор Пуч Анцік нарадзіўся ў 1948 годзе. Яго прыход у палітыку быў чаканы: бацька, Хаакін Пуч, удзельнічаў у левым руху Каталоніі, змагаўся на баку рэспубліканцаў падчас Грамадзянскай вайны, быў інтэрнаваны ў лагеры бежанцаў у Францыі і асуджаны да пакарання смерцю пасля вяртання ў Іспанію.
У дваццацігадовым узросце Сальвадор пад уплывам падзей 1968 года ў Францыі разам са сваімі сябрамі анарха-камуністамі стварыў леварадыкальны Іберыйскі рух вызвалення, які ставіў за мэту звяржэнне дыктатуры Франка.
Апроч іншага група экспрапрыявала банкі і фінансавала з атрыманых грошай забастоўкі і працу падпольнай тыпаграфіі, у якой друкаваліся апазіцыйныя тэксты. У адрозненне ад іншых леварадыкальных арганізацый таго часу, Сальвадор і яго сябры не імкнуліся фізічна знішчаць функцыянераў рэжыму. Аднак падчас адной з такой «экспрапрыяцый» пачалася перастрэлка. У выніку Сальвадор быў арыштаваны за смерць паліцыянта і адпраўлены ў турму на час следства.
Следства і судовы працэс выклікаў вялізны шквал крытыкі на адрас улады. Нягледзячы на тое, што згаданы паліцыянт загінуў пад перакрыжаваным агнём паміж анархістамі і сілавікамі, да гэтага часу няма падстаў адназначна сцвярджаць, што ён быў забіты менавіта Сальвадорам Пучам Анцікам.
Так, суд не звярнуў увагі на тое, што паліцэйскі пратакол утрымліваў відавочныя недакладнасці. Напрыклад, агляд забітага паліцыянта праходзіў з парушэннямі ўсіх нормаў, а яго цела было тэрмінова пахавана. Таму для незалежнай экспертызы спатрэбілася б эксгумацыя. Сведкі абароны заслуханы не былі. Некаторыя доказы («лішнія» гільзы) да справы далучаныя таксама не былі, а ад балістычнай экспертызы вайсковы суд адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што «мы тут усе вайскоўцы, у балістыцы разбіраемся і ў балістычнай экспертызе не маем патрэбы…».
Таму калі суддзя вынес падсуднаму вердыкт «смяротнае пакаранне», пачалася кампанія пратэсту, якая хутка выйшла за межы Іспаніі. Супраць вынясення смяротнага прысуду выступалі ў тым ліку Рымскі папа Павел VI, канцлер ФРГ Вілі Брандт і іншыя вядомыя асобы.
Нягледзячы на народныя нараканні, іспанскія ўлады вырашылі не пераглядаць пакаранне Сальвадора. На гэтае рашэнне таксама паўплывала дзёрзкае забойства франкісцкага прэм'ер-міністра Луіса Карэра Бланка байцамі баскскай групоўкі ЕТА. Сальвадор Пуч Анцік быў пакараны смерцю 2 сакавіка 1974 года ў барселонскай турме Мадэла.
Пакаранне было ажыццёўлена пры дапамозе іспанскай гарроты — удушэнне металічным абручом, які ссоўвае адзін з пазванкоў. Гэты старажытны механізм пакарання быў адзіным легальным спосабам ажыццяўлення смяротных прысудаў у Іспаніі з пачатку XIX стагоддзя.
Смерць маладога анархіста стала шокам для Іспаніі. У многім менавіта ўнутраны і міжнародны рэзананс, выкліканы пакараннем Сальвадора, стаў прычынай адмены смяротных прысудаў у краіне пасля смерці Франка і пачатку дэмакратызацыі.
Адначасова пачалася барацьба за рэабілітацыю нябожчыка. Тым больш, што каталонцы ўспрынялі судовую кару Пуча Анціка як сімвалічную помсту Мадрыда за барацьбу рэгіёну за самакіраванне, а імя маладзёна стала адным з сімвалаў Барселоны. Гісторыя Сальвадора натхніла каталонскіх мастакоў на стварэнне карцін, драматургаў на напісанне п'ес, кінематаграфістаў на здымкі фільмаў. 5 сакавіка 2016 года мэр Барселоны адкрыла плошчу, названую ў гонар Сальвадора. У памяць аб маладым анархісту на плошчы быў устаноўлены помнік.
А вось на юрыдычным фронце было не ўсё так проста. Спачатку былыя франкісты, якія да гэтага часу засядаюць у судах і ўрадавых органах Іспаніі, сабатавалі ідэю рэабілітацыі. Але ў рэшце рэшт грамадскасць дабілася свайго. 30 студзеня 2025 года ўрад Іспаніі прыняў гістарычную рэзалюцыю, у якой аб'явіў суд над анархістам «незаконным», а смяротны прысуд — «неправамерным».