"Яны проста смяяліся". Як у зняволенні абыходзяцца з людзьмі з псіхічнымі разладамі

Людзі, якія жывуць з псіхічнымі разладамі ў беларускай пенітэнцыярнай сістэме, нярэдка становяцца аб’ектамі кпінаў, ізаляцыі і рэпрэсій, а не медыцынскай дапамогі. Іх могуць трымаць у ШІЗА, выкарыстоўваць як інструмент ціску на іншых зняволеных або проста ігнараваць. Былыя палітвязні распавялі «Вясне» пра страшныя ўмовы, у якіх апынуліся тыя, хто меў патрэбу ў лячэнні і падтрымцы, але замест гэтага сутыкнуўся з жорсткасцю і абыякавасцю. А ўрач-псіхіятр Павел Перапёлкін, які раней працаваў у СІЗА, пракаментаваў пачутае.

img_2822_1_logo_1.jpg

«Як пакаранне начальнік калоніі змяшчаў да яго людзей». Гісторыі

Ігар Панцялееў адбываў свой тэрмін у папраўчай калоніі № 15. Вось гісторыі людзей, з якімі ён сутыкнуўся:

«Ён быў “неўменяемы”: у яго было тры асобы, ён сам сабе нешта бурчаў, размаўляў, біўся з дрэвам. Ён размаўляў сам з сабой, змяняў галасы. Спачатку ён быў Маркам, потым гаварыў голасам нейкай дзяўчыны, а яшчэ ў яго быў такі “прыкол”, што Марк сварыўся з чалавекам, які нібыта прайграў грошы за гэтую дзяўчыну. І вось ён стаяў каля дрэва і пастаянна, змяняючы галасы, сварыўся, біўся, пішчаў, плакаў, спрабаваў наладзіць бойку сам з сабой, сам сябе біў. Яму ніхто не дапамагаў. І мянты з яго смяяліся.

Яшчэ там быў дзед, у якога памяць была ўсяго на 15 хвілін, і ён увесь час думаў, што да яго прыходзіць мама. Яго пастаянна трымалі ў ШІЗА, не выпускалі за межы: толькі санчастка, і то, калі яму рабілася дрэнна, максімум – і пасля гэтага яго зноў вярталі ў ШІЗА. І вось было пакаранне: чаму, таму што ён быў "неадэкватны" – з ім немагчыма было знаходзіцца ў адным памяшканні. Другі момант: яго ніхто не мыў, ён хадзіў у туалет пад сябе, таму ў камеры жудасна смярдзела і было вельмі брудна. І вось, як пакаранне, начальнік калоніі змяшчаў да яго людзей. Гэта ўсё было ў калоніі. Я таксама ў такое пакаранне трапляў.

А ў брэсцкім СІЗА пры мне быў украінец. Яго затрымалі на мяжы – ён ехаў у Рыгу. У яго знайшлі бокс – ён паліў марыхуану. Гэта было ў лячэбных мэтах, у яго была даведка, але, як мы разумеем, у Беларусі еўрапейскія даведкі не дзейнічаюць. У яго была шызафрэнія, таму яму першапачаткова давалі нейкія таблеткі, і ён быў цалкам адэкватны, вельмі разумны. Родныя адправілі запыт ва Украіну – яму далі даведку. Але тут сказалі: даведка не каціруецца, патрэбна даведка беларускага ўзору – і ўсё, яму перасталі даваць лекі, і вось асабіста пры мне ён у маёй камеры паліў вогнішча з запалак і спрабаваў паліць венік.

То бок, усім было ўсё роўна. Гэтыя людзі былі для іх, як клоуны, яны проста смяяліся з іх і нічога не рабілі, не дапамагалі. У санчастцы таксама – там ніхто нікому не дапамагаў».

Ілья (імя зменена) таксама адбываў свой тэрмін у ПК № 15:

«Па адчуваннях я сустракаў такіх людзей (я ж іх даведак не бачыў). Па паводзінах гэта заўважалася. Дапамогі ім там дакладна ніякай не было. Быў адзін, які стаяў і размаўляў са сметніцай. Іншы стаяў пасярод лакальнага ўчастка і крычаў: "Бог! Пайшоў ты...!" Трэці стаяў каля сушылкі і размаўляў са спартыўнымі туфлямі, якія там сушыліся. Большасць з іх у "нізкім статусе". Іх там перыядычна адпраўлялі ў медчастку і кармілі заспакойлівымі таблеткамі – і ўсё. Праз некаторы час яны вярталіся, потым было абвастрэнне – і зноў тое ж. Але, як кажуць тыя, хто там сядзіць даўно (па 10 гадоў), цяпер зона, у параўнанні з тым, як было раней, значна лепшая. Калі раней амаль кожны месяц нехта вешаўся, то цяпер амаль такога няма.

Супрацоўнікі міліцыі да такіх людзей прэтэнзій не мелі: яны ж разумелі, што такі чалавек "не ў сабе". Калі б звычайны чалавек так сябе паводзіў, то да яго прымянялі б санкцыі. А так – ну, пасмяяліся і сышлі, калі ён ні на каго не кідаўся. У асноўным уся дапамога – гэта заспакойлівыя таблеткі».

Сяргей Моніч згодны з тым, што тэма людзей з псіхічнымі расстройствамі ў пенітэнцыярнай сістэме вельмі неасвечаная. Адбываючы тэрмін у ІК № 15, ён трапляў у штрафны ізалятар:

«Такіх людзей шмат. Я ўпэўнена кажу. І не таму, што я сам такі нармальны, а ўсе астатнія – дурні. Не. Аб’ектыўна ёсць людзі, па якіх гэта відаць.

Найбольш яркі і моцны досвед – гэта 20 дзён у ШІЗА (два разы па дзесяць) з чалавекам без рукі. Я там сур’ёзна памыліўся ў калоніі: парушыў лакалізацыю, выйшаў туды, куды нельга было выходзіць. А гэта сур’ёзнае парушэнне, нават не для палітычных.

"Ну, выпускайце Кракена!" – так сказаў Валерый Аркадзьевіч Лазарэнка, начальнік установы і падпалкоўнік унутранай службы. Я падумаў: "Божа мой, з кім жа яны мяне пасадзяць?" Гэта быў проста спосаб ціску. І вось бачу: невялікі, згорблены, маленькі чалавек з вар’яцкім позіркам і інваліднасцю – без рукі. А ў яго яшчэ такая асаблівасць, што ён усё забываў. У яго кожны дзень пачынаўся нанова: "Ой, а што гэта мы? А мы не дома? А дзе мы?". І кожны дзень гэтая пластынка.

Я выкарыстоўваў розныя спосабы: напрыклад, спрабаваў падыгрываць, нанова з ім знаёміцца. Спачатку мне было яго шкада, я прыклаў намаганні і выдаткаваў нервы, каб дастукацца да дзяжурных, каб знайшлі каго-небудзь, хто памые яго, падстрыжэ пазногці на адзінай руцэ, бо яны проста ператварыліся ў кіпцюры. Таму што ў яго проста была рука з кіпцюрамі. У яго не было правай, а на левай — кіпцюры.

Псіхолагі там працуюць. Але яны таксама ў пагонах, разумееце? Гэта фармальнасць.

Такім людзям месца не там (не ў калоніі), а ў спецыялізаваных установах, дзе іх бы лячылі – я не ведаю, я не спецыяліст».

Глеб Гатоўка выйшаў на волю ў сакавіку 2024 года. Вось гісторыя пра чалавека, з якім Глеб сустрэўся падчас ягонага пераводу ў Следчую турму № 8:

«Хлопец прыехаў ў Жодзіна. Ён быў не палітычны. 2021 год. Вось прыехаў і проста сябе неадэкватна пачаў паводзіць. Ледзь не выклікаў на бойку. Усе безсэнсоўны выклікі, воклічы, проста чалавек не ў адэкваце. Яму кажаш адно, а ён прооста не разумее, што яму кажуць, то бок у яго нешта сваё ў галаве. А потым я выйшаў з ізалятара і заехаў у камеру — і ён стаў зусім іншым чалавекам. Абсалютна адэкватным. Ён вядзе лагінчы ланцужок размовы... А потым яго ізноў клемане — і ўсё. Яго пасадзілі ў адзіночную камеру, і пачалася бязглуздзіца. Ён пачынаў крычаць. Правакаваць мянтоў. Проста нейкі абсурд, я не ведаю як растлумачыць. Яму нешта ў галаве прыйдзе: напрыклад, яго садзяць у ізалятар і кажуць: "Чаму вы абражалі супрацоўнікаў адміністрацыі", а ён адказвае: "А вы былі ў Афганістане?" Яму трэба было б палячыцца сапраўды, а на яго была такая рэакцыя, нібы ён правакатар. Магчыма б, калі б ён быў бы ў нармальных умовах, у нейкай стабільнасці і бяспецы, то магчыма б ён паступова б выйшаў з гэтага стану. А так як там пастаянна стрэс, яго пастаянна прэсуюць — то вядома, што ў яго такая рэакцыя».

Глядзіце таксама

«Прынцып «устараніць сімптом любой цаной» пара ўжо пакінуць каральнай псіхіятрыі XX стагоддзя». Каментар псіхіятра

Доктар-псіхіятр Павел Перапёлкін працаваў у СІЗА № 7 горада Брэста з 2009 па 2019 гады. «Вясна» папрасіла яго пракаментаваць пачутае. Вось што ён распавёў:

«Чалавек з ментальным разладам у месцах зняволення разглядаецца адміністрацыяй амаль заўсёды выключна як праблема. Такі чалавек часта менш прадказальны, менш кантралюемы, ягоныя матывы нярэдка менш відавочныя і могуць адрознівацца ад матываў псіхічна здаровага. І ўспрымаецца гэта адміністрацыяй не як нагода для таго, каб аказаць чалавеку дапамогу, змяніць патрабаванні да яго, а як «галаўны боль».

Зрабіць нешта з гэтым «галаўным болем», то-бок пазбавіцца ад такога асуджанага ці зняволенага, адпусціць яго, перавесці кудысьці яшчэ яны не могуць і спрабуюць наладзіць нейкае падабенства кантролю. У прыватнасці, гэта можа быць перавод на адзіночнае ўтрыманне, змяшчэнне ў ШІЗА, ПКТ. То-бок фактычна тое, што выкарыстоўваецца ў месцах пазбаўлення волі як пакаранне. Але асноўны матыў тут не пакараць, а адгарадзіцца, ізаляваць, зрабіць так, каб «не замінаў».

Але і пакаранне ў дачыненні да такіх людзей можа выкарыстоўвацца адміністрацыяй як прымітыўная і далёка не заўсёды паспяховая спроба паводзіннага кантролю, паводле прынцыпу «не рабі так – і ў ШІЗА не трапіш». Можа адміністрацыя спрабаваць і атрымаць для сябе «карысць» з такой сітуацыі, выкарыстоўваючы такіх пацыентаў (якія нярэдка, акрамя паводзінных асаблівасцей, могуць занядбоўваць асабістую гігіену) як інструмент ціску на іншых зняволеных, як гэта апісваюць вызваленыя палітвязні.

Павел Перапёлкін

Павел Перапёлкін

«Беларускае грамадства, на жаль, на сёння яшчэ вельмі стыгматызавана ў дачыненні да людзей з ментальнымі расстройствамі і асаблівасцямі, ды і ўвогуле ксенафобнае. Таму такія людзі часта становяцца аб’ектамі насмешак, здзекаў, нярэдка і гвалту. Не з’яўляюцца выключэннем і супрацоўнікі пенітэнцыярных устаноў. «Пасмяяцца» ж лягчэй, чым паспрабаваць разабрацца і зразумець, як можна ўзаемадзейнічаць з чалавекам, што ў сваіх дзеяннях, патрабаваннях, выказваннях можна змяніць, каб ад гэтага ўсім было лепш.

Што датычыцца лекавання. Мне цяжка каментаваць «успакойвальныя таблетачкі», бо я не ведаю, пра якія менавіта прэпараты ідзе гаворка, і не магу па наяўнай інфармацыі меркаваць аб дыягназах. Але, думаю, прызначэнні ўсё ж былі дарэчнымі. І лячэнне людзі з ментальнымі расстройствамі ў месцах пазбаўлення волі ўсё ж атрымліваюць. Іншая справа, што пры шэрагу псіхічных расстройстваў лячэнне не можа паўплываць на ўсе наяўныя праявы.

Ды насамрэч гэта далёка не заўсёды і неабходна. Гэта таксама частка стыгматызацыі, калі навакольным складана прыняць асаблівасці такога пацыента, і фармуецца грамадскі запыт паводле прынцыпу «зрабіце з яго нармальнага, такога, як усе». Гэта на сёння далёка не заўсёды магчыма. І, паўтаруся, не заўсёды неабходна – прынцып «устараніць сімптом любой цаной» пара ўжо пакінуць карнай псіхіятрыі XX стагоддзя.

Ёсць расстройствы псіхікі, пры якіх пацыенты захоўваюць тыя ці іншыя асаблівасці мыслення (якія праяўляюцца ў гаворцы і сацыяльным узаемадзеянні) і паводзін пастаянна або працяглы час, у тым ліку і пры праводжаным лячэнні. Пры гэтым зусім не абавязкова, што яны нясуць небяспеку для навакольных або для самога пацыента. Гэта ж тычыцца і шэрагу кагнітыўных парушэнняў, у прыватнасці памяці, пра якія гавораць палітвязні.

Менавіта такія асаблівасці часта найбольш заўважныя навакольным. І, хутчэй за ўсё, у большасці выпадкаў яны і прыцягнулі ўвагу апытаных рэспандэнтаў. У значна большай ступені гэта праблема не недастатковага лячэння, а пытанняў разумення і прыняцця людзей з ментальнымі асаблівасцямі ў грамадстве. І, вядома, у кантэксце крымінальна-выканаўчай сістэмы гэтая праблема стаіць асабліва востра. Пры гэтым вырашаецца яна прыкладна ніяк.

Ізаляваць, пасмяяцца, зняважыць, пакараць – замест таго, каб улічыць асаблівасці і змяніць падыход як да ўмоў і патрабаванняў утрымання, так і ўвогуле да магчымасці і мэтазгоднасці адбывання пакарання такімі людзьмі».

Глядзіце таксама

«Паводзіць сябе з ім супрацоўнікі павінны так, як і з іншымі вязнямі». Пытанні да псіхіятра

Таксама «Вясна» задала Паўлу Перапёлкіну некалькі пытанняў. Вось яго адказы.

Як павінны сябе паводзіць супрацоўнікі пенітэнцыярных установаў у выпадку, калі бачаць чалавека, які страціў сувязь з рэальнасцю? Чым гэта рэгламентуецца?

«Дзеянні супрацоўнікаў рэгламентюцца іх пасадовымі інструкцыямі, правіламі ўнутранняга распарадку, законам “Аб умовах і парадку утрымання асоб пад вартай”, Крымінальна-выканаўчым кодэксам. Паслядоўнасць дзеянняў будзе адрознівацца ў СІЗА і калоніі, бо ўмовы вельмі розныя. Так у СІЗА вязні знаходзяцца ў камеры, якую кантралер не мае права сам адчыніць — і ён абавязаны у першую чаргу паведаміць пра пазаштатню сітуацыю дзяжурнаму. Але абагульняючы, калі мова ідзе пра экстрэнны выпадак, то бок калі чалавек адначасова перастаў быць адэкватным, або чалавек, пра якога ўжо было вядома, што ен мае псіхічны розлад, стаў весці сябе так, што можа стварыць пагрозу для сябе альбо навакольных, асноўная задача – як мага хучэй прыняць меры для надання дапамогі. У тым ліку, гэта і недкладна паведаміць супрацоўнікам медычнай часткі пра выпадак, і кіраўніцтву, якое павінна прыняць арганізацыйныя меры, якія сам супрацоўнік прыняць не можа (напрыклад, выклікаць “хуткую дапамогу”).

Што датычыцца людзей, якія ужо маюць тыя ці іншыя ментальныя асаблівасці, якія не пагражаюць жыццю і здароў’ю, то паводзіць сябе з ім супрацоўнікі павінны так, як і з іншымі вязнямі. А гэта, у тым ліку, павага да годнасці, ветлівасць, гуманнасць. І тут было б і не дрэнна, каб гэта выконвалась у адносінах да ўсіх (дарэчы, парагатаць з псіхічна хворага – гэта ужо парушэнне, у тым ліку і з кропуі гледжання дзеючай нарматыўнай бызы). Але ёсць і патрабаванні, якія пацыентам з тым ці іншым розладам бывае цяжка выканаць (напрыклад, успомніць свой артыкул, які ён абавязаны назваць, калі есць сур’езныя праблемы з памяцью), а дзе калі і зразумець. І вось у такіх выпадках ад “універсальнасці” адносін горш усім, і менавіта тут узнікае шэраг праблем, якія на сеннешні дзень у беларускай пенітэнцыярнай сістэме не маюць адэкватнага вырашэння».

Ці можа праблема ў тым палягае, што гэта не адказнасць супрацоўнікаў, а тых, хто змяшчае такіх людзей у пенітэнцыярныя ўстановы? Чаму такія людзі трапляюць у пенітэнцыярныя ўстановы?

«Часткова так. Існуе шмат псіхічных захворванняў, якія істотна адрозніваюцца паміж сабой. І зусім не заўседы наяўнасць ментальнага розладу ці асаблівасццей развіцця перашкаджаюць чалавеку усвядомлеваць наследкі сваіх дзянняў, дазволенасць і магчымасць рабіць тыя ці іншая дзеі. То бок наяўнасць псіхічнага розладу само па сабе не пазбаўляе чалавека ад адказнасці, у тым ліку крымінальнай. І існуюць выпадкі, калі чалавек с псіхічным захворванням здзейснівае злачынства, якоене абумоўлена гэтым розладам. Тут усе вельмі індывідуальна. І гэтыя пытанні (ці усвядомліваў чалавек, што ен робіць, якія магчымы наследкі і г.д.) павінны як раз індывідуальна і разглядацца судова-псіхіятрычнай экспертызай. А таксама павінна улічвацца, ужо незалежна ад стана, у якім чалавек здзейсніў злачынства, ці можа ён па свайму стану на сенняшні дзень адбываць пакаранне, прадугледжанае за яго злачынства.

І вось да другой часткі (здольнасць адбываць пакаранне) асабіста ў мяне да нашых беларускіх экспертаў і “судзей” есць, скажам так, шмат пытаннў.

Але, усе ж і пры блізкай да ідэальнай працы экспертызы будуць выпадкі, калі людзі з тым ці іншым розладам будуць трапляць у СІЗА і калоніі. Бо, як я і казаў, не заўседы захворванне адмяняя адказнасць. І вось тут ужо павінна існаваць сістэма інтэграцыі такіх асоб, гібкасць патрабаванняў і магчымасць змянення ўмоў утрымання ў залежнасці ад ментальных асаблівасцей. А гэтага ў Беларусі няма наўогул».

Ці можа таму, што людзі з псіхічнымі разладамі ў працэсе ўжо адбыцця пакарання губляюць сувязь з рэчаіснасцю?

«Безумоўна і такое мае месца. Гэта можа быць як павязанна з фактам зняволення, так і не. Зноў жа, псіхічныя розлады бываюць вельмі рознымі і маюць розныя механізмы развіцця. Напрыклад, у чалавека, які да зняволення злоўжываў алкаголем, можа развіцца алкагольны псіхоз. Яго ў большасці выпадкаў можна адносна хутка купіраваць —  і далей чалавек цалкам адэкватны. А можа, напрыклад, пачацца шызафрэнічны працэсс (безадносна да зняволеня) і гэта будзе ужо хранічнае захворванне. Можа, на фоне зняволення, развіцца дэпрэсіўны эпізод. І яго таксама магчыма вылекаваць, але гэта патрабуе часу, і такі пацыент, яго стан і прагноз, вельмі адчувальны да ўмоў, у якіх знаходзіцца. Ну і канешне зусім не ўсе захворванні псіхікі – гэта страта сувязі з рэальнасцю. На самой справе, калі разглядаць гэты выраз выключна з медыцынскага боку гледжання, то наадварот, гэта вельмі невялікая колькасць розладаў. Пераважна гэта розлады свядомасці (дэлірый, напрыклад) і цяжкія дэменцыі. У большасці выпадкаў пацыент цалкам не адорваны ад рэчаіснасці. Але мае пэўныя асаблівасці узаемадзей з ёю».

Агулам, чыя гэта адказнасць?

«Закон аб ахове здароўя кажа, што увогуле – гэта сфера адказнасці Мінздраву. Цалкам, я лічу, што праблема увогуле у сістэме дзяржкіравання (ці то яе адсутнасці), якое ў Беларусі стварае значна больш праблем, аніж іх вырашае. Але, на мой погляд, тут усё ж патрэбна разглядаць гэтае пытанне на розных узроўнях. І тут есць і асабістая адказнасць супрацоўніка, які не аказаў дапамогі, альбо “закрыў” у ШІЗА хворага толькі таму, што той хворы, і адказнасць кіраўніцтва, і органаў і структур, якія павінны ажыццяўляць кантроль і надзор (тая ж пракуратура)».

І што працуе не так, што людзі з псіхічнымі разладамі знаходзяцца ў пенітэнцыярнай сістэме? Бо там, як гіпотэза, ім не месца

«Гэта не зусім так, і псіхічныя захворванні могуць быць рознымі, і ад адказнасці яны не заўседы вызваляюць. Дарэчы, тэзіс, што псіхічна хворым не месца у месцах пазбаўлення волі бывае так сама праявая стыгмы ў адносінах да асоб з ментальнымі асаблівасцямі. Бо ён так сама прадугледжвае абагульненне толькі па прынцыпу наяўнасці розладу. І часта яшчэ гучыць падобна таму, што “не зачняйце іх у турму, зачыніце ў “дурку”. Тобок, гэта усе роўна пра ізаляцыю, адмежаванне і нежаданне зразумець такіх людзей. А здаровае грамадства, на мой погляд, усе ж павінна арыентавацца на інтэграцыю і разуменне і прыняцце адзін аднаго.

Ну, эле ж гэта тэарэтычныя разважанні. А на практыцы відавочна, што ў Беларусі з гэтай праблемай амаль ўсе не так і далека ад здаровага глузду. Гэта сістэмная праблема і яна не ізалявана ад іншых. Адпаведна, яе не вырашыць асобным рэфармаваннем сістэмы аховы здароў’я, пенітэнцыярнай сістэмы альбо экспертызы. Праблема ў тым, што колькі год дзяржкіраванне накіравана на створанне Хімеры. “Унікальны беларускі шлях”. Нібы захаваем нешта “лепшае” ад саўка і чагосьці да гэтага напрыдумляем. А атрымліваецца купа лозунгаў, якія грунтуюцца на пірамідзе хлусні. Дэкларуюцца нейкія гучныя заявы, ствараюцца нейкія планы, праграммы (адорванныя ад рэчаіснасці значна больш, ніж хворы ў дэлірыі), потым створваюцца ліпавыя справаздачы, даклады, даведкі і г.д. Каб актыўна ствараць і падтрымліваць іллюзію, што нешта робіцца, дасягаецца, укараняецца, расце, зніжаецца і д.г.п. А на справе аніякіх адэкватных стандартаў, нарматыўнай базы, арыентаванай на рэчаіснасць і ўлічваючай актуальныя пытанні, працуючай сістэмы. І праблема пенітэнцыярнай псіхіатрыі ў сенняшняй Беларусі — толькі адно з адлюстравань гэтага безладу».

І што адбываецца з чалавекам, калі яго псіхічны разлад не лячыць — а проста пакінуць яго ў калоніі ці СІЗА з усімі гэтымі ўмовамі, што там ёсць?

«Тут усе можа быць па-рознаму. Бо і розлады розныя, і індывідуальныя асаблівасці маюць месца. У любым выпадку, нічога добрага не адбудзецца. Дзе калі розлад будзе паступава прагрэсаваць і гэта будзе адбывацца не хутка і не заўседы відавочна ў невялікі адрэзак часу. Дзе калі гэта будзе значнае і хуткае пагаршэнне стану, якое можа весці і да самагубства, і да агрэссіі да навакольных. Умовы зняволення і пры ажыццяўленні лекавання – гэта дэзадаптуючы фактар (для псіхічна здаровых людзей таксама), а ў яго адсутнасці дэзадаптацыя будзе больш хуткай і наступствы больш цяжкія.

Але асноўная праблема не ў адсутнасці лекавання. Яно як раз, як я ужо казаў, часцей за ўсе ажыццяўляецца (і, дарэчы, адміністрацыя пенітэнцыярных устаноў як раз такі цісне на лекараў – “давай ужо вылякуй яго, бо надаеў!”, але лекар не чарадзей). Лекаванне не вырашыць праблемы адносін да людзей з ментальнымі асаблівасцямі, не вырашыць пытання іх утрымання ў няволі, праблемы умоў утрымання і г.д. Таму і глядзець на гэтую праблему патрэбна не толькі з боку медыцыны і леквання, яна значна шырэйшая».