Заплаціў уладам 31 біткоін кампенсацыі і зняўся ў фільме БТ, а яго асудзілі яшчэ на 9 гадоў. Хронікі рэпрэсій 13 лютага

Палітзняволенага айцішніка Аляксандра Зіязэтдзінава восенню 2022 года ўжо асудзілі да трох гадоў калоніі за перавод крыптавалюты ў BYPOL. У сярэдзіне кастрычніка 2023 года яго знялі ў прапагандысцкім фільме, дзе ён распавёў, што пакрыў шкоду за новы выяўлены эпізод і напісаў на памілаванне. Як думаеце, ці выйшаў ён на волю? З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 13 лютага.

1_1097.png

У лютым 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе Аляксандра Зіязэтдзінава зноўку пачалі судзіць. Айцішніка абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 2 арт. 290-1 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці).

15 сакавіка 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе суддзя Алена Шылько вынесла новы прысуд – 9 гадоў пазбаўлення волі. Хвалі памілавання, якія прайшлі па краіне, палітзняволенага не закранулі. Зараз ён знаходзіцца ў ПК-17, Шклоў, паведамляе dissidentBY.

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі YouTube-канал «revolutionofconsciousens», а таксама Telegram-старонкі «ЗВЫЧАЙНЫЯ ЛЮД3I» і «Беларусь Выборы 2025 BY».

Адміністратару пабліка «Падслухана Глыбокае» прызначылі 2 гады «хіміі»

У судзе Глыбоцкага раёна 7 лютага асудзілі Ігара Шкетава паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Андрэй Тарасевіч.

Як паведаміў @bajmedia, Ігару прызначылі два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі»).

Інфармацыйны паблік «Падслухана Глыбокае» папулярны сярод жыхароў раённага цэнтра. У сацсетцы «Укантакце» на яго падпісана больш за 26000 чалавек.

У Оршы ў вышук абвясцілі мужчыну, старонку якога ў «Аднакласніках» раней прызналі «экстрэмісцкай»

Партрэт 49-гадовага Ігара Селіханава вывешаны на стэндзе «Увага, вышук». У абвестцы паведамляецца, што аршанец хаваецца ад следства і што супраць яго распачата крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 369 КК (Абраза Лукашэнкі).

У жніўні 2024 году ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» уключылі старонку Ігара ў «Аднакласніках».

Апошняя актыўнасць Селіханава на сваёй старонцы ў «Аднакласніках» зафіксавана ў верасні 2022 году. Пазней, у іншых сацыяльных сетках, ён паведамляе пра сябе, што жыве ў Варшаве.

Былую настаўніцу не прапусцілі ў фінал конкурсу «Настаўнік года» з-за подпісу за Бабарыку

Восенню 2023 года Таццяна Крапіневіч брала ўдзел у рэспубліканскім конкурсе «Настаўнік года». Але далей за фінал яе не прапусцілі, кажа суразмоўца. Яна звязвае гэта з выказваннем ёю грамадска-палітычнай пазіцыі.

«Я лічу, што гэта звязана з тым, што падчас прэзідэнцкіх выбараў я паставіла подпіс за альтэрнатыўнага кандыдата Віктара Бабарыку. Такіх людзей у нас называюць "падпісант". Так, напрыклад, мяне называлі ў Мінскай раённай адміністрацыі. Да таго ж мая старэйшая дачка вучыцца ў Нямеччыне. Мяркую, гэта таксама была адна з прычынаў».

Былога мужа Крысціны Ціманоўскай, які знаходзіцца ў Беларусі, правяраюць на «экстрэмізм»

Пра гэта паведамляе Следчы камітэт.

«Паводле звестак следства, у лютым бягучага года ў сетцы Інтэрнет, у тым ліку ў сацыяльных сетках, з'явілася інфармацыя аб тым, што ў Беларусі знаходзіцца Арсеній Зданевіч, які, зыходзячы з тэкстаў публікацый, браў удзел у экстрэмісцкіх акцыях, накіраваных на дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь і дзейнай улады, выкарыстоўваў адпаведную сімволіку, здзяйсняў дзеянні, накіраваныя на распальванне варожасці.

Карыстальнікі сеткі спасылаюцца на крыніцу ў асобе былой жонкі Зданевіча — удзельніцу аднаго з экстрэмісцкіх фармаванняў Крысціну Ціманоўскую, якая цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі».

72-гадовага Васіля Дземідовіча напрыканцы лютага будуць судзіць дзявяты раз

У судзе Смалявіцкага раёна 20 лютага будуць разглядаць ужо дзявятую крымінальную справу супраць пенсіянера. Гэтым разам яго абвінавачваюць паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Справу будзе весці суддзя Аляксандр Казлоўскі.

Агулам Васіля асудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым вынік апошніх трох судоў пакуль невядомы. У зняволенні Васіля Іванавіча ўтрымліваюць амаль тры гады.

Цяпер Дземідовіч адбывае тэрмін у івацэвіцкай калоніі № 22. У сувязі з тым, што палітзняволенага ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў», яму нельга рабіць грашовыя пераводы. Адзначым, што за апошнія гады пенсіянер перажыў дзясяткі этапаў. Этапуюць палітвязняў у цяжкіх умовах — таму гэта пакідае вельмі дрэнны адбітак на здароўі Васіля.

Жыхар Дзятлаўскага раёна сарваў чырвона-зялёны сцяг — распачата крымінальная справа

Як расказалі ў СК, паводле следства, днём 27 студзеня невядомы з фасада крамы вёскі Сачыўляны Дзятлаўскага раёна сарваў дзяржсцяг. Адсутнасць сімволікі заўважылі наведвальнікі гандлёвага аб'екта, аб чым і паведамілі прадаўцу.

На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Пазней сілавікі затрымалі мужчыну, які нібыта гэта зрабіў — ім аказаўся 29-гадовы мясцовы жыхар.

У Лепелі мужчыну асудзілі да 1,5 года «хатняй хіміі» за сарваны чырвона-зялёны сцяг

У судзе Лепельскага раёна паводле арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў) да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі») 41-гадовага Аляксея Маладыка. Прысуд вынес Міхаіл Юрчанка.

Мясцовая раёнка распавяла дэталі абвінавачвання. Знаходзячыся ў Лепелі і будучы на падпітку, як сцвярджае газета, мужчына навідавоку ў людзей падскочыў і вырваў рукамі прымацаванае на сцяне адміністрацыйнага будынка драўлянае дрэўка з дзяржсцягам. Пры гэтым ён сарваў кранштэйн з месца яго мацавання і пашкодзіў дрэўка, пасля чаго сцяг з дрэўкам аднёс на вуліцу Валадарскага ў Лепелі, дзе пакінуў на вуліцы і ўцёк.

Агулам у Беларусі паводле артыкула 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў) асудзілі мінімум 215 чалавек.

У шклоўскай калоніі №17 асуджаным сталі абрываць відэазванкі, калі ў кадры з'яўляюцца больш за аднаго чалавека

 Нават калі гэта дзеці ці сваякі, унесеныя ў асабістую справу.

Жорстка кантраляваць відэазванкі пачалі з пачатку гэтага тыдня. У адным выпадку кантралёры спынілі званок толькі за тое, што ў кадры з'явілася дзіцячая мяккая цацка.

Раней пры відэазванку вязню дазвалялася прывітацца са сваякамі на іншым канцы провада. Кантралёры правяралі асобу абанента, які павінен быць унесены ў асабістую справу, і дазвалялі, напрыклад, перакінуцца парай фраз з дзецьмі. Далей не ўдзельнічалі ў размове выходзілі з кадра, але маглі слухаць. Цяпер жа ў пакоі абанента абавязаны знаходзіцца толькі адзін чалавек.