Чарговая правакацыя сілавікоў. Хронікі рэпрэсій 12 лютага
Андрэй Стрыжак паведаміў пра новую правакацыю: сілавікі пішуць беларусам нібыта ад імя BYSOL. У людзей спрабуюць выцягнуць інфармацыю датычна супрацы з «Беларускім гаюном». «ВАЖНА! Мы не карыстаемся ботамі ў сваёй працы, адзіны акаўнт нашай гарачай лініі ў тэлеграме @help_bysol». З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 12 лютага.
![1_1097.png 1_1097.png](/img/v1/images/1_1097.png?f=f&h=396&o=0&u=1734629575&w=528)
Папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі Telegram-каналы «Праведник», «Pravakatar BY», «STALKERUA», «Борщі та цицьки ⚓️», Instagram старонка «aliaksandrakhanevich», TikTok-старонка «BEL PRAVDA».
Дарэчы, у 2024 годзе органы пракуратуры Мінскай вобласці накіравалі ў суды 450 заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». З 2021 года такіх заяў было больш за 1000, піша @reformby.
Летась «экстрэмісцкімі» прызнаныя 279 акаўнтаў у TikTok, 109 акаўнтаў у Instagram, 33 тэлеграм-канала і чата, 11 YouTube-каналаў, пяць акаўнтаў ва «Укантакце», адзін акаўнт у Facebook і чатыры старонкі ў «Аднакласніках».
Пракуратура Мінскай вобласці пахвалілася самымі «паспяховымі» кейсамі: «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны TikTok-акаўнт «Угадай» з больш за 145 тысячамі падпісчыкаў, ютуб-канал «Николай Масловский» з больш за 37 тысячамі падпісчыкаў.
У Сянно за «экстрэмізм» судзілі спецыялістку па кадрах і ідэалагічнай рабоце Вікторыю Рэксць
Яна ж — кіраўніца прафсаюзнай «пярвічкі» Сенненскага райспажыўтаварыства.
Гэтая «пярвічка» лічыцца адной з найлепшых у раёне, яе кіраўніцу Вікторыю Рэксць неаднаразова ўзнагароджвалі за актыўнасць па прафсаюзнай лініі. Апрача гэтага, 34-гадовую жыхарку райцэнтра ў 2016 і ў 2019 гадах вылучалі ў склад выбарчых камісій ад БРСМ.
11 лютага справу прафсаюзнай актывісткі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) разглядалі ў судзе Сенненскага раёна. Працэс узначальвала суддзя Інна Досава.
Учора суд Сенненскага раёна разбіраў і яшчэ адну справу за «распаўсюд экстрэмізму». Старшыня суда Наталля Барысавец судзіла па ч. 2 арт. 19.11 КаАП гандлярку крамы «Беліта-Вітэкс» Юлію Якубовіч. Для дзяўчыны гэта быў ужо другі суд па «экстрэмісцкай» адміністратыўцы, піша @vicspring.
У Гомелі будзе яшчэ адзін суд за «парушэнні на выбарах»
На 14 лютага ў судзе Савецкага раёна Гомеля запланаваны суд паводле арт. 10.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян). Адміністрацыйная справа, якую прызначаны разглядаць суддзя Дзмітрый Юр'евіч, складзеная супраць гомельца Яўгена Бадракова, піша (https://gomelspring.org/be/news/11180) «Гомельская Вясна».
Зусім нядаўна, 29 студзеня, Яўгена Бадракова ў гэтым жа судзе судзілі за «распаўсюд экстрэмізму» (арт. 19.11 КаАП). Справу разглядаў суддзя Аляксандр Мохараў. Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.
Раней ЦВК паведамляў, што падчас “выбараў” былі зафіксаваныя адміністрацыйныя правапарушэнні — фатаграфаванне запоўненых бюлетэняў, а таксама спробы вынесці іх з участку.