«Эдэльвейс» Паліна Шарэнда-Панасюк і знікненне журналіста. Хронікі рэпрэсій 10 лютага
Дзеля таго, каб выйсці з калоніі, Паліна Шарэнда-Панасюк падпісала паперу пра супрацоўніцтва са спецслужбамі. Выехаўшы за мяжу, яна адразу пра гэта расказала. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 10 лютага.
![hroniki_represij2_4_1.webp hroniki_represij2_4_1.webp](/img/v1/images/hroniki_represij2_4_1.webp?f=f&h=396&o=0&u=1724084760&w=528)
Знікла сувязь з Брэсцкім журналістам Алегам Супрунюком. Па словах сяброў і знаёмых, Алег Супрунюк перастаў адказваць на званкі пасля 22 студзеня. Не з'яўляецца журналіст і ў сацыяльных сетках. Спачатку калегі прытрымліваліся версіі, што ён можа быць затрыманы і асуджаны па адміністрацыйнай справе. Але прайшло ўжо больш за 20 дзён, а ў раскладах працы брэсцкіх судоў імя Алега Супрунюка так і не з'явілася. Таму ёсць імавернасць, што ён сапраўды затрыманы, але ў межах крымінальнай справы.
Падобным чынам Брэсцкі журналіст быў затрыманы ўвечары 6 ліпеня 2021 года. Тады дома ў Алега Супрунюка правялі ператрус, забралі кампутарную тэхніку і іншыя лічбавыя носьбіты. Да наступнай раніцы ніхто нічога не ведаў пра далейшы лёс затрыманага. На наступны дзень Супрунюка судзілі за распаўсюд «экстрэмісцкай інфармацыі» паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП і аштрафавалі на 20 базавых адзінак. Пазней стала вядома, што ў тыя ліпеньскія дні сілавікі ладзілі «налёты» на прадстаўнікоў незалежных СМІ па ўсёй Беларусі.
* * *
Пачынаюць судзіць маці і цётку анархіста Францкевіча. Сясцёр затрымалі 19 ліпеня 2024 года ў Наваполацку, калі яны прывезлі перадачу Аляксандру. Таццяну Францкевіч і Наталлю Лабацэвіч абвінавачваюць па арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Справу 10 лютага пачынаюць разглядаць у Віцебскім абласным судзе.
Таццяна — маці палітвязня Аляксандра Францкевіча, асуджанага на 17 гадоў і 9 месяцаў калоніі. Наталля — маці экс-палітвязня Іллі Лабацэвіча, які адбыў паўтара года ў зняволенні.
* * *
Міністр адукацыі Андрэй Іванец распавёў пра змены, якія збіраюцца ўнесці ў законы па пытаннях забеспячэння правоў дзяцей. Паводле яго слоў, закон забароніць працаваць педагогамі тым, каго судзілі за распаўсюд наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, а таксама тым, каго прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за «экстрэмісцкую дзейнасць».
* * *
Праваабаронцам паведамляюць пра ўзмоцнены кантроль і затрыманні на межах Беларусі з Польшчай і Літвой. Як і раней, у людзей правяраюць тэлефоны. Сярод іншага, сілавікі пачалі глядзець гісторыю пошуку Google-іх цікавіць, якія пошукавыя запыты пісаў чалавек.
* * *
На прэс-канферэнцыі 10 лютага ў Вільні Паліна Шарэнда-Панасюк расказала, праз якія катаванні прайшла падчас зняволення. Яна сказала, што яе стратэгіяй, каб выйсці з калоніі, стала падпісанне паперы аб канфідэнцыяльным супрацоўніцтве з сілавікамі. Ёй далі мянушку «Эдэльвейс».
Першую паперу яна падпісала 24 снежня 2024 года ў калоніі №24. Другую паперу — у Брэсце, калі прыйшла ў ГУБАЗіК. Гэта было 3 лютага 2025 года. На наступны дзень Шарэнда-Панасюк з’ехала з краіны.
«Я пісала гэтыя паперы, разумеючы, што магу ніколі не выйсці з-за гэтых кратаў. З майго боку гэта быў тактычны ход», — патлумачыла яна. Яна публічна адмяніла дамову і заклікала іншых палітвязняў, каму давялося падпісаць падобныя паперы, публічна дэзавуяваць дакументы.
Брэсцкая актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзілася за кратамі са студзеня 2021 года. Першасна ёй прысудзілі два гады зняволення.
Жанчына павінна была выйсці на волю ў 2022 годзе, але ёй тройчы дадавалі па году калоніі за «непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі». Яна была першай палітзняволенай жанчынай, каго асудзілі па гэтым артыкуле.
Паліну перавялі ў калонію для рэцыдывістак, катавалі пастаянным знаходжаннем у ШІЗА і памяшканні камернага тыпу. За час зняволення ў Паліны пагоршыўся стан здароўя, з'явіўся хранічны панкрэатыт.
Агулам яна правяла за кратамі больш за 4 гады. 270 сутак Паліна правяла ў карцарах і ШЫЗА.
1 лютага 2025 года Паліна Шарэнда-Панасюк выйшла на волю. Яна выехала з Беларусі ў Літву, дзе яе чакалі муж і двое дзяцей.
* * *
У Крычаве 10 лютага за «экстрэмізм» судзілі дзейную натарыуску.
У натарыяльнай канторы Крычаўскага раёна дзейнічаюць усяго два натарыусы, калі верыць спісу Беларускай натарыяльнай палаты. Адну з іх — Ірэну Янаўну Разанцаву — 10 лютага выклікалі ў суд Крычаўскага раёна з пратаколам па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі). Весці працэс была прызначаная Вольга Салтыкова.
У Ірэны Разанцавай на 14 лютага прызначаны выезд у аг. Чырвоная Буда, дзе яна будзе весці выязны прыём.