«Цэны справядлівасці» супраць сучасных беларускіх міфаў
Увесь тыдзень у нас быў запоўнены маленькімі, але ўражлівымі (калі пра іх добра падумаць) навінамі. Пакуль дзесьці вырашаюцца глабальныя праблемы наконт змянення існуючага светапарадку, на нас навальваецца мноства сваіх дробненькіх праблем. Але гэтая драбната можа засыпаць нас, як пясок засыпае цэлыя цывілізацыі.

А вось хто разграбаць гэта будзе — незразумела.
Памятаеце, як Лукашэнка гады тры таму сказаў, што «кошты падвышаць за-ба-ра-ня-ецца»? Калі вы такое памятаеце, то вы «экстрэміст», «здраднік», і на Лукашэнку паклёпнічаеце, таму што, аказваецца, усё было зусім не так. Лукашэнка, аказваецца, ніколі не забараняў падымаць кошты, і не рэгуляваў іх, бо гэта, аказваецца, немагчыма. Ён усяго толькі «ўсталёўваў правілы», — пра гэта ён распавёў на сустрэчы з дэлегацыяй Санкт-Пецярбурга.
У Расіі таксама з'явілася ідэя рэгулявання цэн, і Лукашэнка, сустракаючыся з расійскай дэлегацыяй заўважыў: «Гляджу, і вы ўжо не толькі на бульбу, але і ў цэлым на баршчовы набор спрабуеце кошты адрэгуляваць. Хоць нас крытыкавалі ў мінулым годзе, што мы рэгулюем кошты. Мы нічога не рэгулявалі. Мы проста хацелі ўсталяваць правілы. Як я галоўнаму нашаму цэнавіку кажу, не трэба нічога рэгуляваць, мы не ўмеем гэта рабіць, і гэта немагчыма цяпер у гэтым хаосе. Трэба цану справядлівасці ўстанавіць», — сказаў Лукашэнка.
Гэта значыць, усе тыя, якія былі, арышты і затрыманні за «перавышэнне дапушчальнай цаны», і нават крымінальныя справы за гэта, усе дэфіцыты і банкруцтвы «Бусліка» ды «Віталюра», і не толькі іх — гэтага не было, нават не думайце. Гэта было проста ўсталяванне «справядлівай цаны». А так — ніхто нічога не рэгуляваў, мамай клянуся!
Але нават са справядлівай цаной, заўважыў Лукашэнка, і з той узніклі складанасці. «Са змяненнем урада пасля выбараў там пачаліся свавольствы. Я гэта бачу. Мне людзі пішуць кожны дзень. А прэс-служба аналізуе гэта, і ўсё мне на стол. Так што рыхтуйцеся, будзеце дакладваць мне па цане справядлівасці», — заявіў Лукашэнка, звяртаючыся да прадстаўнікоў беларускага боку на сустрэчы. Сярод іншых на ёй былі першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў і старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.
Калі падумаць, то вось у гэтай тырадзе — уся квінтэсенцыя дзяржаўнага кіравання цяперашняй Беларусі. Здавалася б, у Лукашэнкі ёсць Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Камітэт дзяржаўнага кантролю. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) невядома чым займаецца, спрабуючы рабіць тое, што мы не робім — кошты рэгуляваць. Міністэрства эканомікі. Дзяржаўныя сацыёлагі з адпаведнымі ліцэнзіямі і дазволамі, нарэшце.
А кантролем за цэнамі і інфляцыяй займаецца прэс-служба. Прэс-служба, Карл, «аналізуе», цэнаўтварэнне, і дакладае Лукашэнку «на стол»!
Дык і нядзіўна, што ў краіне пачынаецца поўны і незразумелы бардак. Таму што пытаннямі цэн займаюцца зусім не тыя, хто павінны — і спецыяльна навучаныя — гэтым займацца. А ў выніку ва ўмовах «цаны справядлівасці» інфляцыя скача, што дурная. Скажам, у Мінску цэны вытворцаў прампрадукцыі ў чэрвені 2025 года ў параўнанні са снежнем 2024 года выраслі на 8,4%, у тым ліку спажывецкія тавары падаражэлі на 5,7%. Пры гэтым даражэюць тавары і паслугі, якія ўсё жыццё рэгуляваліся дзяржавай і датаваліся ім жа. Напрыклад, на 1,4% (афіцыйна) выраслі цэны на прадукцыю АПК. У будаўніцтве рост коштаў склаў 3,5%, а на будаўніча-мантажныя работы — і зусім 9%. Тарыфы на перавозку грузаў усімі відамі транспарту выраслі на 5,4%.
Падаецца, няма чаго турбавацца, бо гэтыя лічбы нават не перасякаюць мяжу ў 10%. Але насамрэч — гэта шмат. Эканамісты ўсё яшчэ вызначаюць працэнт «інфляцыйнага падстрэшка» ў 10%. Гэта значыць, калі б не ўсталёўвалася «цана справядлівасці» (будзем казаць цяпер па-новаму!), цэны на прампрадукцыю ў Мінску выраслі б за паўгода ў дзейсныя 8,4 плюс 10% — амаль на 20%.
А вось там, дзе ніякіх «справядлівых коштаў» няма і не прадбачыцца, кошты чамусьці не растуць. Напрыклад, у Фінляндыі, у чэрвені 2025 года спажывецкія цэны выраслі толькі на 0,2% у гадавым выражэнні.
І пакуль усе занятыя тым, як стрымаць кошты, Беларусь губляе свае пазіцыі. «Бульбяны крызіс» падарваў імідж беларусаў як «бульбашоў» (і дзякуй Богу). А цяпер падрываецца і міф пра «самыя натуральныя і якасныя беларускія прадукты» ў прынцыпе. Таму што можа высветліцца, што беларускія прадукты — як бы і не беларускія.
За першыя 4 месяцы 2025 года Расія экспартавала ў Беларусь прадукцыю АПК на суму больш за $1,1 млрд, што на 20% больш за паказчык за аналагічны перыяд 2024 года, паведамляе Федэральны цэнтр развіцця экспарту прадукцыі АПК Мінсельгаса Расіі «Аграэкспарт». Сцвярджаецца, што дзякуючы такому росту Беларусь у пачатку 2025 года ўвайшла ў топ-3 вядучых пакупнікоў расійскай аграрнай прадукцыі.
У структуры паставак у топ-3 прадуктаў уваходзяць сланечнікавы алей, кандытарскія вырабы і свініна. За студзень-красавік экспарт сланечнікавага алею ў Беларусь вырас у 4,8 разы да $137 млн. Адгрузкі кандытарскіх вырабаў прадэманстравалі рост на 7% да $112 млн. Вываз свініны павялічыўся на 62%, перавысіўшы $100 млн.
«Пачакайце, пачакайце!», — так і хочацца крыкнуць. Гэта мы пастаўляем прадукты і кормім Расію, а не наадварот! Сланечнікавы алей — чорт з ім, але гэта ў нас «Камунарка» і «Спартак» самыя смачныя, а Бабруйскі зефір грыміць на ўвесь свет! Гэта ў нас будавалі свінафермы і планавалі вырошчваць «мармуровае мяса»!
Гэта да нас са Смаленска ехалі па малако і згушчонку! Як гэта — мы ўвайшлі ў топ-3 вядучых пакупнікоў расійскай аграрнай прадукцыі?
Няўжо наш урад устанавіў на айчынныя прадукты такія «кошты справядлівасці», што нам стала танней завозіць прадукты з Расіі? А ў Расіі ж інфляцыя — 9,5%? Гэта значыць, прадукты там даражэюць больш, чым павінны даражэць у нас… І нам аказалася танней набываць дарагія расійскія прадукты, чым…
І вось гэты факт можа сведчыць аб узроўні рэальнай беларускай інфляцыі. А не пра «кошты справядлівасці».