«З разуменнем і цярпеннем»: новае крэда ад беларускіх уладаў
Здавалася б, лета — гэта перыяд, калі некалькі заціхае дзелавая актыўнасць. Людзі, з аднаго боку, расслабленыя, з другога — з'язджаюць у адпачынкі. Таму раней можна было летам паэксперыментаваць з рознымі тлумачэннямі сваіх «факапаў». Але цяпер сітуацыя трошкі іншая.
Фота з dzen.ru
Усё таму, што «на мора» нашы людзі ўжо ездзяць усё менш і менш, з-за еўрапейскіх санкцый у дачыненні да «Белавія» з аднаго боку, і з-за нашага саўдзелу ў вайне з Украінай — з другога. Цёплыя і бюджэтныя берагі украінскага Чорнага мора нам больш недасяжныя. Таму насельніцтва застаецца ў краіне, і таму розныя праколы, на якія раней бы ўвагі не звярнулі, раздзімаюцца да неймаверных велічынь.
Узяць, напрыклад, маштабны збой, які здарыўся ў банкаўскім працэсінгавым цэнтры 9 ліпеня. У выніку беларусы выявілі на сваіх банкаўскіх картках ААТ «ААБ Беларусбанк», ААТ «Белаграпрамбанк» і ААТ «Белінвестбанк» адмоўныя балансы. Пры гэтым у цэнтры заявілі, што ў выніку работ па ліквідацыі збою «балансы па картках будуць урэгуляваныя».
Праўда, збой не ўдалося ўрэгуляваць спачатку да 14 гадзін. Потым да 17 гадзін. Потым — да 22 гадзін. І тады БПЦ перастаў казаць, калі яны гэты збой ліквідуюць.
У выніку амаль суткі беларусы заставаліся без сваіх кроўна заробленых грошай і павінны былі ўспомніць, што такое «кэш». А горш за ўсё прыйшлося інтэрнэт-крамам, у якіх па «несапраўднай» картцы нічога не заказвалі.
Гэта быў, несумненна, цікавы эксперымент. І, верагодна, не апошні. І пры чым тут праграмісты, якія з'ехалі з краіны, не падкажаце?
У падобным ключы — «жывіце, як можаце», — выступіла старшыня праўлення «Белкаапсаюза» Інэса Караткевіч падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры. Канешне, спажыўкааперацыя — гэта наш адвечны боль і такая ж «чорная дзірка», як і сельская гаспадарка. У яе ўліваюцца велізарныя грошы, але пры гэтым аддачы ад іх практычна ніякай. Лукашэнка некалькі разоў звяртаў увагу на праблему «аўталавак», але там нічога не змянялася. І, падобна, апошнім часам ён проста стаміўся пра іх нагадваць.
Дык вось, спадарыня Караткевіч заклікала беларусаў ставіцца да недахопаў працы ў спажыўкааперацыі «з разуменнем і цярпеннем». Гэта датычыцца ўсяго — і затрымак аўталавак, і закрыцця стацыянарных магазінаў, і асартыменту… Карацей, яе ведамства трэба проста прабачыць.
Глядзіце таксама

А вінаватае ва ўсім, па словах Караткевіч, тое ж самае, што вінаватае і ў Банкаўскім працэсінгавым цэнтры — аўтаматызацыя. З 1 ліпеня гэтага года краіна перайшла на новае касавае абсталяванне, якое сумешчана з аўтаматызаванай сістэмай уліку тавараў. Многія прадаўцы ў сістэме спажыўкааперацыі яшчэ не асвоіліся з новымі касамі, сказала чыноўніца. А ў дадатак, у сельскіх населеных пунктах летам павялічваецца насельніцтва, таму што — глядзіце вышэй, - морушка для многіх цяпер закрытае.
І вось у прадаўцоў у сельскіх крамах «няма жадання навучацца на новым касавым апараце», а аўталаўкі з-за ўзрослага попыту, затрымліваюцца ці не прыязджаюць увогуле.
Але, на жаль, выйсце чыноўніца бачыць не ў тым, каб плаціць прадаўцам «Белкаапсаюза» такі заробак, каб яны хацелі навучацца працы з новымі касамі. Выйсце — гэта папрасіць беларусаў «пацярпець», і «паставіцца з разуменнем».
Дый самі беларусы, аказваецца, яшчэ тыя хітруны. Чыноўніца «Белкаапсаюза» вылучыла новую версію дэфіцыту бульбы ў беларускіх крамах. Яна заявіла, што некаторыя нашы суайчыннікі скуплялі бульбу ў крамах «мяхамі», і потым прадавалі яе на рынках, дзе кошты не рэгулююцца.
«Былі факты ў нас перакупу ў нашых гандлёвых аб'ектах сельскіх, калі хтосьці мог купляць па два, па тры, па пяць мяшкоў бульбы і несці гэтую бульбу на рынак там, дзе не адсочвалася лімітавая рознічная цана», — распавяла Караткевіч.
«Вось трыгернула, дык трыгернула», — можна сказаць у адказ на гэта. Ужо маладую бульбу есці трэба, а чыноўнікі ўсё не могуць забыць падзеі трохмесячнай даўніны. Вельмі балюча ўдарыў па іх дэфіцыт бульбы. Пра «путч Прыгожына», які ледзь не перавярнуў увесь свет, за тры месяцы забылі. А пра бульбу — не.
А калі зазірнуць глыбей — правільна, што не забыліся. Таму што падобныя інцыдэнты хутка будуць паўтарацца ўсё часцей, і са значна большым размахам. Бо, натхніўшыся прыкладам Аляксандра Лукашэнкі, Дзярждума Расіі вырашыла пайсці па яго шляху.
У Дзярждуме РФ прапрацоўваюць магчымасць вяртання да дзяржаўнага рэгулявання закупачных коштаў на асноўныя прадукты харчавання. Як распавяла намесніца старшыні аграрнага камітэта Дзярждумы РФ Юлія Аглобліна, Расія абмяркоўвае вяртанне да камандных метадаў кіравання эканомікай, каб затармазіць усплёск інфляцыі, якая рэзка вырасла пасля санкцый і рэкордных вайсковых выдаткаў.
Па словах Аглоблінай, на пасяджэнні экспертнага савета пры Камітэце па прамысловасці і гандлі ўжо абмяркоўвалі прыклад савецкай мадэлі цэнавага кантролю. «Мы бачым, што ў апошні час усё часцей узнікае "эфект арэляў", калі закупачная цана на прадукцыю то рэзка падае, то раптам расце. Гэта было і з бульбай, і з малаком, і з маслам. Цэны павінны быць устаноўлены зыходзячы з бягучых умоў, сабекошту і рэнтабельнасці вытворцаў», – заявіла Аглобліна.
Цікава, Аглобліна сапраўды не разумее, што "эфект арэляў", на які яна скардзіцца, і ёсць вынік «бягучых умоў»? Увялі новыя санкцыі — кошт узляцеў. Прывыклі да санкцый — кошт пайшоў уніз. Зладзілі мабілізацыю — стала менш працоўных — тым, хто застаўся, троэба павысіць заробак, каб яны не збеглі — павышэнне заробку магчымае пры павышэнні коштаў на прадукцыю — вось табе і інфляцыя… Ну не працуе гэта інакш!
У любым выпадку, Расія цяпер —наш самы галоўны гандлёвы партнёр, у тым ліку і ў селскай гаспадарцы. І коштавае рэгуляванне там не толькі падарве расійскі рытэйл, як падарвала яго ў Беларусі, але і непазбежна адаб'ецца беларускім харчовым экспарце. Бо калі ў Расіі будуць фіксаваныя цэны на прадукты, што будзе з нашым экспартам?
А калі прадукты харчавання ў Расіі будуць па картках? Такое ж таксама ў СССР было, праўда?