«Сёння многія бізнесы ў зоне смерці». «Буслік» — не апошняя ахвяра рэгулявання цэн?

Нядаўна польскія ўласнікі беларускай сеткі «Буслік» паведамілі пра крытычнае становішча. Кампаніі ўдалося дамовіцца з банкам, але далейшае выжыванне базуецца на спадзяванні на цуд. Выглядае, што гэта не апошняя ахвяра 713-га ўказа.

Фота з dana-mall.com

Фота з dana-mall.com

26 кастрычніка польская кампанія CDRL, якой належыць 90% у беларускім ТАА «ДПМ» і якая кіруе крамамі пад брэндам «Буслік», выпусціла справаздачу. Там сярод іншага паведамлялася, што Альфа-Банк даў ТАА «ДПМ» 10 сутак на пагашэнне валютнага крэдыту 3,95 мільёна долараў з правам забраць маёмасць кампаніі ў залік доўгу, піша «Наша Ніва».

Такім чынам банк спрабаваў гарантаваць сабе першае месца ў чарзе крэдытораў, угледзеўшы прыкметы неплацежаздольнасці «Бусліка»: падзенне выручкі ад анлайн-гандлю на 44,5%, а таксама падзенне выручкі на 18% у афлайн-гандлі супраць паказчыкаў на год раней. 

Палякі канстатавалі, што на фоне эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў і нявыгадных курсавых розніц ім застаецца спісаць дэбіторскія запазычанасці і кошт акцый сваёй даччынай кампаніі ў страты.

Прайшоў месяц. Што адбываецца з кампаніяй?

Па інфармацыі «Нашай Нівы», Альфа-Банк даў ТАА «ДПМ» адтэрміноўку 4 месяцы. «Буслік» яшчэ троху працягне. Але з нюансамі і разлікам на цуд. 

Кампанія напалову скарачае свае плошчы ў Беларусі — пад нож ідуць стратныя ці найменш прыбытковыя крамы разам з персаналам у спробе скараціць свае аперацыйныя выдаткі. Дагэтуль у «Бусліка» было 40 крам па ўсёй краіне. Зараз добра калі застанецца 20, кажуць крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй. 

Асноўныя праблемы кампаніі, па словах былых супрацоўнікаў «Бусліка», якія пагаварылі з «Нашай Нівай», пачаліся год таму — пасля прыняцця сумнавядомага Указа №713 аб абмежаванні нацэнак на тавары. Запасу трываласці «Бусліку» хапіла, каб працягнуць год. 

«Калі палякі куплялі «Буслік» у 2018-м, яны куплялі лідара рынку, у які да іх інвеставаў ЕБРР (Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця). Усё ішло добра, але нядоўга: абвал рубля, вайна, 713-ты ўказ.

Калі CDRL яшчэ неяк пагадзілася застацца ў Беларусі пасля пачатку вайны, змірыўшыся і з рэпутацыйнымі рызыкамі, і з падзеннем прыбыткаў на фоне курсавых розніц, то 713-ты ўказ робіць далейшую прысутнасць практычна немэтазгоднай. 

Ты не можаш прадаваць выгадна. А нівеляваць падзенне выручкі колькасцю прададзенага таксама не можаш, таму што, каб пашырацца, патрэбна інвеставаць. А які дурань будзе сёння на іх месцы інвеставаць у Беларусь? Яны лепш у яшчэ адзін заводзік у Польшчы ўкладуцца, чым засунуць грошы ў Беларусь», — сказаў нам былы супрацоўнік «Бусліка». 

Суразмоўцы звяртаюць увагу, што, нягледзячы на часовую палёгку, кампанія знаходзіцца, кажучы альпінісцкай тэрміналогіяй, у «зоне смерці». 

«Гэта як у гарах, дзе ёсць вышыня, пасля якой адаптацыя ўжо немагчымая, і арганізм у кожным разе загіне, але колькі пратрымаецца — залежыць ад рэсурсу. 

Сёння многія бізнесы ў «зоне смерці», і на гадавіну прыняцця 713-га ўказа мы пахавалі «Востраў чысціні» і, вось, «Буслік». І многіх яшчэ пахаваем, бо сітуацыя ва ўсіх тых, хто фарміруе цану ў Беларусі, аднолькавая.

Як я разумею, кіраўніцтва кампаніі спадзяецца, што іхняга рэсурсу хопіць дажыць да адмены ці, у нейкай форме, змены 713-га ўказа. І ўдаўка паслабее, ізноў пойдуць грошы». 

«На цуд спадзяюцца ўсе, але ўсур'ёз ніхто яго ў бізнес-планы не закладае», — кажа іншы суразмоўца «Нашай Нівы».

Рэальнасць у тым, што са смерцю «Бусліка» для спажыўца мала што зменіцца, проста яго месца канчаткова зоймуць рускія. Сітуацыю заўважаць толькі клеркі, праз якіх праходзяць лічбы падатковых паступленняў. Таму што

«Дзіцячы свет» і «Вайлдберыз», якія працуюць у той жа нішы, фарміруюць і пакідаюць прыбыткі не ў Беларусі — у адрозненне ад «Бусліка». З 713-м указам атрымліваецца, што свае павыміраюць, а манаполія ў частцы рытэйлу, як мінімум дзіцячых тавараў у Беларусі, узнікне ў рускіх», — дадаў наш суразмоўца. 

Апытаны «Нашай Нівай» супрацоўнік банкаўскага сектара патлумачыў розніцу мадэляў «Бусліка» і асноўных канкурэнтаў — расійскага «Дзіцячага свету» і «Вайлдберыз». 

«Трэба разумець увесь ланцужок. Расіяне маюць магчымасць фарміраваць цану на сваіх матчыных кампаніях у Расіі, дзе няма абмежаванняў, а потым пастаўляць тавары сваім дочкам у Беларусь, дзе прадаюць тавар ужо з дазволенай нацэнкай. Трэба разумець, што яны зарабляюць не на гэтай нацэнцы, а на разліку паміж сваімі кампаніямі.

А нават калі нашы органы возьмуць і задумаюцца, каму яны тут расчышчаюць дарогу і як так атрымліваецца, што рускія рубяць бабло ў абыход 713-га ўказа, то выявіцца рэч яшчэ цікавейшая — што цану тыя сфарміравалі і пакінулі яшчэ на сваіх пракладках у Кітаі, з якіх адгружаюць сабе ў Расію, а потым у Беларусь. 

І наколькі прыбытковай у лічбах будзе іх беларуская дачка, па сутнасці, іх хвалюе менш за ўсё.

Але фармальна ўсё выглядае класна: і «Дзіцячы свет», і «Вайлдберыз» — узорныя выканаўцы ўказаў Саўміна, і абіваць ганкі адміністрацый, пісаць лісты, прасіць памяняць заканадаўства, як цяпер гэта робіць Місячэнка (Сяргей Місячэнка — стваральнік і кіраўнік «Бусліка», якому належыць 10% акцый. — НН) яны не будуць», — сказаў нам адзін з беларускіх банкіраў. 

Чаму б такімі ж схемамі не займацца і «Бусліку»? Нашы суразмоўцы лічаць, што гэта нерэальна. 

«Не ўсё, што прадаецца ў «Бусліку», прадаюць палякі. Яны разглядалі сваю беларускую інвестыцыю як канал продажу ўласнага брэнду дзіцячага адзення і абутку Coccodrillo. Але «Буслік» прадае не толькі гэта. Добра, калі доля непасрэдна польскіх тавараў у наменклатуры сеткі сягала 15%. Цяпер пастаўляць свае тавары палякі ўвогуле адмовіліся. 

Іншыя тавары закупляюцца ў іншых пастаўшчыкоў, і пра гэтыя цэны ў «Бусліка» пытаюцца органы, бо з яе яны робяць нацэнку», — кажа суразмоўцы. 

На думку былога супрацоўніка «Бусліка», «у CDRL вялікі бізнес. Чым ствараць мутныя схемы праз Расію і Кітай, ім прасцей забыць пра беларускую гісторыю і спісаць яе. Што яны і зрабілі, уласна»

Глядзіце таксама