РФ атакуе па ўсёй лініі фронту, але прасоўваецца вельмі слаба — ISW

Расія працягвае спробы наступлення ва Украіне. У той жа час Куба адхрышчваецца ад удзелу ў расійска-украінскай вайне, а Еўропу заклікаюць аказаць ціск на Кітай, каб той спыніў падтрымку Расіі. Ідуць 1327-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

558173134_1161480862831657_4058040912584325791_n.jpg

Цягам мінулага дня ва Украіне зафіксавана 203 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 12 кастрычніка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 58 наступальных дзеянняў расіян ў раёнах Уладзіміраўкі, Новапаўлаўкі, Зацішша, Шахава, Сухецкае, Мірнаграду, Чырвонага Ліману, Міралюбаўкі, Новаэканамічнага, Зверава, Котліна, Удачнага, Арэхава, Філіі і іншых.

На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 36 атак расіян паблізу Малінаўкі, Палтаўкі, Аляксандраграду, Паўлаўкі, Зялёнага Га., Студзеньскага, Сасноўкі і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 23 баявыя сутыкненні ў раёнах Ваўчанска, Адраднага, Заходняга, Куцькоўкі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 21 атаку ў раёнах Александрына-Шультынага, Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Русінага Яру і Палтаўкі.

На Купянскім кірунку адбылося 15 атак у раёнах Купянска, Петрапаўлаўкі, Багуслаўкі, Новай Круглякоўкі і Стэпавай Навасёлаўкі.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 14 разоў каля Шандрыгалава, Дзерылава, Калодзежаў, Капанкі, Карпаўкі, Сярэдняна, Торскага і іншых.

* * *

Армія РФ атакуе па ўсёй лініі фронту, але прасоўваецца вельмі слаба ў параўнанні з маштабам атак, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 10 кастрычніка, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на поўдзень ад Шахава (на ўсход ад Дабраполля) падчас узмоцненай механізаванай атакі.

1-шы корпус Нацыянальнай гвардыі Украіны «Азоў» паведаміў 10 кастрычніка, што ўкраінскія войскі адбілі ўзмоцненую механізаваную атаку колькасцю ў батальён, якая складалася з 35 танкаў і бронемашын, накіраваную ў бок Шахава з боку Ачарэціна (на поўдзень ад Канстанцінаўкі). Армейскі корпус паведаміў, што ў ходзе атакі ўкраінскія войскі пашкодзілі і знішчылі тры расійскія танкі, 16 бронемашын і 41 матацыкл.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 11 кастрычніка, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Чырвонага Лімана (на паўночны ўсход ад Пакроўска), у цэнтральным Балагане (на ўсход ад Пакроўска) і на паўночнай ускраіне Удачнага (на паўднёвы захад ад Пакроўска).

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 10 кастрычніка, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на паўднёвым усходзе Стэпавага (на поўдзень ад Вялікаміхайлаўкі) і на ўсход ад Аляксееўкі (на паўднёвы захад ад Вялікаміхайлаўкі).

* * *

У ноч на 12 кастрычніка Расія атакавала Украіну 118-цю ўдарнымі БпЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 103 БпЛА. На момант падрыхтоўкі матэрыялу атака працягваецца — на поўначы і ўсходзе зайшлі новыя групы ўдарных БпЛА.

Раніцай 12 кастрычніка Данецкая абласная ваенная адміністрацыя паведаміла, што Данецкая вобласць абясточана ў выніку абстрэлаў: расіяне прыцэльна ўдарылі па энергетычнай інфраструктуры. Тэрміны аднаўлення святла пакуль невядомыя, хоць спецыялісты ўжо пачалі рамонт. У АВА не паведамляюць, ідзе гаворка пра ўсю вобласць ці толькі пра частку, якая пад кантролем Украіны.

У ноч на 12 кастрычніка расійскія беспілотнікі атакавалі Чугуеў Харкаўскай вобласці. Адзін з удараў прыйшоўся на будынак навучальнай установы, які атрымаў значныя пашкоджанні. Таксама пашкоджаны жылы дом непадалёк. Пацярпела жанчына.

У суботу ўвечары 11 кастрычніка расійскі Белгарад у чарговы раз аказаўся пад ракетным ударам. У пабліках з'явіліся кадры, на якіх чуваць сігнал трывогі і серыю гучных выбухаў. Па версіі мясцовых каналаў, пад ракетны ўдар трапіла ЦЭЦ «Прамень».

* * *

559420142_1163129939333416_8319877446075214311_n.jpg

* * *

Куба выступіла з афіцыйным абвяржэннем абвінавачванняў у дачыненні да вайны ва Украіне, заявіўшы, што падобныя сцвярджэнні не маюць пад сабой падстаў і накіраваныя на дыскрэдытацыю краіны.

Урад Кубы назваў заявы пра нібыта ўдзел краіны ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі Украіны «ілжывымі і паклёпніцкімі». Кубінскія ўлады запэўнілі, што краіна не ўдзельнічае ва ўзброеным канфлікце, не накіроўвала вайскоўцаў ні ва Украіну, ні ў іншыя краіны. Ва ўрадзе ўдакладнілі, што ў іх няма дакладнай інфармацыі пра грамадзян Кубы, якія маглі самастойна ўступіць ва ўзброеныя фарміраванні любой са старон. Пры гэтым адзначаецца, што ніводзін з такіх выпадкаў не звязаны з афіцыйнымі структурамі Кубы.

Варта адзначыць, што Куба прытрымліваецца палітыкі нулявой цярпімасці да наёмніцтва, гандлю людзьмі і ўдзелу грамадзян ва ўзброеных канфліктах за мяжой. Гэтыя дзеянні кваліфікуюцца як цяжкія злачынствы. З 2023 па 2025 год кубінскія суды разгледзелі дзевяць спраў па абвінавачванні ў наёмніцтве, дзе праходзілі 40 абвінавачаных. Па пяці з іх суд вынес абвінаваўчыя прысуды ў дачыненні да 26 чалавек, прызначыўшы пакаранне ад пяці да чатырнаццаці гадоў пазбаўлення волі. Тры справы знаходзяцца на стадыі разгляду, адна спынена. 

Улады Кубы ўдакладнілі, што вярбоўка кубінцаў ажыццяўлялася праз замежныя арганізацыі, якія не маюць дачынення да афіцыйных структур краіны. Большасць выпадкаў тычыліся грамадзян, якія знаходзіліся за межамі Кубы.

Нагадаем, па даных украінскай выведкі колькасць кубінскіх наймітаў у арміі Расіі можа дасягаць 25 тысяч, што робіць кубінцаў найбуйнейшай замежнай групай, якая ўдзельнічае ў вайне на баку РФ і змяняе баланс сіл у бягучым канфлікце.

* * *

Еўрапейскія краіны павінны выпрацаваць агульную пазіцыю і аказаць рашучы ціск на Кітай, каб Пекін спыніў эканамічна падтрымліваць ваенную агрэсію Расіі супраць Украіны. З такім заклікам выступіў міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна ў інтэрв'ю нямецкаму выданню Bild, адзначыўшы, што Кітай фактычна стаў «гаспадаром Расіі» і выкарыстоўвае яе для аслаблення Еўропы.

Па словах кіраўніка эстонскага знешнепалітычнага ведамства, «Кітай безумоўна дапамагае Расіі весці вайну, прынамсі ў эканамічным плане». Ён адзначыў, што расійская эканоміка сама па сабе слабая і таму падтрымка з боку Пекіна дазваляе Крамлю працягваць весці вайну супраць Украіны.

Кіраўнік МЗС Эстоніі заклікаў еўрапейскіх партнёраў сумесна данесці да Пекіна, што падтрымка расійскай агрэсіі шкодзіць двухбаковым адносінам, паколькі «гэта таксама вайна супраць нас».

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правялі тэлефонную размову, падчас якой абмеркавалі магчымасць перадачы Украіне дальнабойных ракет Tomahawk, піша Axios.

Па словах адной з крыніц, размова прэзідэнтаў доўжылася каля 30 хвілін. Прэзідэнт Украіны павіншаваў Трампа з мірным пагадненнем у Газе і адзначыў, што калі гэтую вайну ўдалося спыніць, «тады, безумоўна, можна спыніць і іншыя войны, у прыватнасці вайну з Расіяй».

Зяленскі пасля размовы таксама заявіў пра дамоўленасці з Трампам па ўзмацненні СПА Украіны.