Эксперты: Расія перайшла да «фазы нуль» перад атакай на NATO
У мінулую пятніцу на мяжы з Эстоніяй былі заўважаныя «зялёныя чалавечкі» — вайскоўцы Расіі ў форме без апазнавальных знакаў. Такія ж «чалавечкі» захоплівалі Крым і Данбас ў 2014 годзе, і эксперты лічаць гэта трывожным знакам. У той жа час аб'ектыўна Расія наўрад ці «пацягне» яшчэ адну вайну бліжэйшым часам, бо і ва Украіне становіцца няма каму ваяваць. Ідуць 1328-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулага дня ва Украіне зафіксавана 149 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 13 кастрычніка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 46 атак расіян у раёнах Уладзіміраўкі, Шахава, Ніканораўкі, Новаэканамічнага, Радзінскага, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Пакроўску, Удачнага, Арэхавага, Дачнага і іншых.
На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 24 атакі арміі РФ паблізу Іванаўкі, Аляксандраграду, Сасноўкі, Студзеньскага, Воранава, Стэпавага і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 23 баявыя сутыкненні ў раёнах Ваўчанска, Новавасілеўкі, Каменкі, Заходняга, Куцькоўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 13 атак каля Шчарбінаўкі, Александра-Шультына, Плешчыеўкі, Русінага Яру, Палтаўкі.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 9 разоў у раёнах Новаміхайлаўкі, Дробышава, Мірнае, Зялёнага Гаю і Шандрыгалава.
* * *
Сілы абароны Украіны правялі паспяховыя контрнаступальныя дзеянні ў Данецкай вобласці, адкінуўшы расійскія войскі паблізу чатырох населеных пунктаў. У той жа час армія РФ працягвае ціск і прасоўванне, паведамляе аналітычны праект DeepState.
Украінскім абаронцам удалося адціснуць расійскія войскі ў раёнах Новага Шахава, Залатога Калодзежу, Кучарава Яру і Новапаўлаўкі на Пакроўскім кірунку. У той жа час DeepState канстатуе, што сітуацыя на гэтых участках застаецца складанай. Расійскія войскі, нягледзячы на страты, працягваюць штурмавыя дзеянні і змаглі прасунуцца непасрэдна ў Кучаравым Яры і паблізу Шахава.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў рэгулярным звароце паведаміў, што ўкраінскія вайскоўцы праводзяць контрнаступальныя дзеянні ў раёнах Дабраполля Данецкай вобласці і паблізу Арэхава на Запарожскім кірунку.
«Украінскія падраздзяленні працягваюць контрнаступальныя нашы дзеянні ў раёнах Дабраполля, таксама ў іншых раёнах, у прыватнасці на Запарожскім кірунку — паблізу Арэхава, там ёсць прасоўванне нашых войскаў, і на сёння — больш чым на тры кіламетры. Дзякуй воінам 24-га асобнага штурмавога батальёна "Айдар", 33-га штурмавога палка і іншым нашым падраздзяленням, якія былі задзейнічаныя», — сказаў ён.
12 кастрычніка стала вядома, што ўкраінскія штурмавыя падраздзяленні правялі паспяховую контрнаступальную аперацыю на Запарожскім кірунку, вызваліўшы Малыя Шчарбакі, Шчарбакі і частку Стэпавага.
* * *
У ноч на 13 кастрычніка Расія атакавала Украіну 82 ўдарнымі БпЛА. Супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 69 БпЛА, аднак атака працягваецца, паведамляюць Паветраныя сілы Украіны.
Маштабны пажар у складскіх памяшканнях віруе ў Адэскай вобласці ў выніку расійскага ўдару беспілотнікамі. У выніку трапленняў на плошчы больш за 5 000 м² гараць склады з тэкстыльнай прадукцыяй (тканіны, адзенне, упаковачны матэрыял) і швейным абсталяваннем, пацярпеў адзін чалавек.
У ноч на 13 кастрычніка ў часова акупаваным украінскім горадзе Феадосія, што ў Крыме, прагрымелі выбухі. Беспілотнікі атакавалі мясцовую нафтабазу, у выніку чаго на аб'екце ўзнік маштабны пажар, полымя ад якога было відаць за некалькі кіламетраў.
Мясцовыя жыхары паведамлялі пра перабоі з электразабеспячэннем у Сімферопалі і ў Феадосіі. Па даных тэлеграм-канала «Крымскі вецер», магло быць трапленне ў Сімферопальскую (Таўрычаскую) ЦЭС.
* * *
Самым танным сродкам знішчаць расійскія «Шахеды» ёсць дроны-перахопнікі, аднак праблемай з'яўляецца фінансаванне іх вырабу, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю Fox News.
Ён адзначыў, што і Еўропа, і ЗША прызнаюць эфектыўнасць гэтага спосабу барацьбы з расійскімі дронамі-камікадзэ. Паводле яго слоў, цяпер працэнт паспяховага знішчэння — 68% і надалей будзе расці.
Зяленскі сказаў, што некалькі кампаній ва Украіне ўжо пачалі масавую вытворчасць такіх дронаў але галоўным пытаннем з'яўляецца фінансаванне.
Адзін дрон-перахопнік каштуе адносна няшмат — прыкладна ад 3 да 5 тысяч долараў. Для перахопу «Шахеда» неабходна два-тры такія дроны — пры гэтым расійскі беспілотнік каштуе 120-150 тысяч долараў. «Але праблема ў тым, што патрэбныя тысячы перахопнікаў штодня, і сёння ў нас не хапае грошай, каб прыватныя вытворцы нарасцілі вытворчасць», — адзначыў украінскі лідар.
* * *

* * *
У Расіі фіксуецца зніжэнне колькасці добраахвотнікаў на вайну супраць Украіны. Гэта сведчыць пра страту эфектыўнасці метаду Крамля па актывізацыі набору ў армію праз высокія фінансавыя стымулы, лічаць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Эксперты звяртаюць увагу на інфармацыю незалежнага рускамоўнага выдання Idel.Реалии. Паводле яе, работнікі расійскіх ваенкаматаў адзначаюць, што колькасць людзей, якія падпісваюць кантракты з Мінабароны РФ, не расце нават у рэгіёнах, дзе прапануюць самыя высокія выплаты. Па словах крыніц, «усе, хто хацеў зарабіць на вайне, ужо запісаліся».
Паводле Idel Реалии, сёння самую высокую аднаразовую выплату за падпісанне кантракту — 3,2 млн рублёў (прыкладна 39300 долараў) — прапануе Ханты-Мансійская аўтаномная акруга. У сярэднім рэгіянальныя выплаты па Расіі павялічваюцца кожныя тры-чатыры месяцы на 500 тысяч рублёў (каля 6100 долараў).
Аднак рашэнне ўладаў Свярдлоўскай вобласці ў сакавіку 2025 года падняць аднаразовую выплату да 3,1 млн рублёў (каля 38100 долараў) не прывяло да наплыву жадаючых падпісаць кантракт.
Работнікі ваенкаматаў у двух непазначаных сібірскіх рэгіёнах паведамілі, што апошнім часам кантракты падпісваюць пераважна людзі «крайне сталага ўзросту» або з хранічнымі хваробамі. Праблемы з наборам назіраюцца ўжо некалькі месяцаў, а патэнцыйныя рэкруты цікавяцца толькі памерам грашовых выплат і льготамі для вайскоўцаў. Гэта сведчыць, што рэкруты кіруюцца выключна матэрыяльнымі фактарамі.
ISW яшчэ ў лютым 2025 года пісаў, што далейшае павышэнне фінансавых стымулаў наўрад ці істотна павялічыць колькасць навабранцаў, бо значная частка расіян, якіх можна зацікавіць грашыма ў межах магчымасцей дзяржавы, ужо добраахвотна ўступіла ў армію.
«ISW працягвае лічыць, што зніжэнне паказчыкаў рэкрутынгу да ўзроўню, калі Расія не зможа кампенсаваць свае высокія страты, можа паставіць Уладзіміра Пуціна перад выбарам — альбо аб'явіць прымусовую мабілізацыю рэзервістаў, на што ён да гэтага часу не адважваўся, альбо сесці за стол перамоў, каб завяршыць вайну», — гаворыцца ў справаздачы.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што гатовы адправіць Украіне крылатыя ракеты Tomahawk, калі вайна з Расіяй не будзе ўрэгулявана. Гэтую пагрозу ён разглядае як інструмент ціску на Крэмль і плануе абмеркаваць яе непасрэдна з Уладзімірам Пуціным.
Падчас палёту на Блізкі Усход Трамп пракаментаваў сваю палітыку ў дачыненні да вайны ва Украіне, супрацьпаставіўшы яе падыходу папярэдняй адміністрацыі. «Байдэн даў ім (Украіне) 350 мільярдаў долараў. Мы не далі ім нічога. Але мы далі ім павагу і некаторыя іншыя рэчы, шчыра кажучы», — заявіў ён.
Трамп пацвердзіў, што абмяркоўваў з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім патрэбы ўкраінскай арміі. Па словах Трампа, ЗША могуць даслаць Украіне ракеты Tomahawk, «калі гэтая вайна не будзе ўрэгуляваная».
Ён ахарактарызаваў Tomahawk як «неверагодную, вельмі магутную зброю» і падкрэсліў, што «Tomahawk — гэта новая стадыя агрэсіі», і таму ЗША павінны ведаць, як менавіта Украіна плануе іх выкарыстоўваць.
Трамп не выключыў, што перад канчатковым рашэннем ён можа абмеркаваць гэтае пытанне з Пуціным: «Я магу пагаварыць з ім (Пуціным). Я магу сказаць: "Паслухай, калі гэтая вайна не будзе ўрэгулявана, я адпраўлю ім (Украіне) Tomahawk". Я магу так сказаць... Шчыра кажучы, Расіі гэта не трэба».
* * *
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін імкнецца прадэманстраваць большую ваенную моц, чым мае на самой справе, і тым самым вымярае рэакцыю NATO і еўрапейскіх краін, заявіў віцэ-прэзідэнт Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, лорд Дон Туіг у інтэрв'ю РБК-Украіна.
Каментуючы пытанне пра серыю інцыдэнтаў з беспілотнікамі і правакацый у краінах NATO, лорд Дон Туіг адзначыў, што Еўропа пачала адчуваць рост пагрозы з боку Расіі, але гэта, паводле яго слоў, «не на першым плане».
«Я лічу, што Пуцін праз гэтыя ўварванні імкнецца паказаць, што мае такую здольнасць і праверыць, які адказ атрымае ад NATO і заходніх краін Еўропы. Гэта кшталту як "я выйграю гэтую вайну, глядзіце, што я раблю. Я разбураю, забіваю людзей, разбураю Кіеў і да таго падобнае. Глядзіце, я магу ўварвацца ў вашу краіну, рабіць гэта над вашай краінай» — сказаў лорд Туіг.
Віцэ-прэзідэнт ПАСЕ лічыць, што расійскі дыктатар спрабуе стварыць уражанне магутнасці, якой насамрэч няма.
«Ён стварае ўражанне, што мае сілу. Я не ўпэўнены, што расійская армія сапраўды мае такую сілу. Я не думаю, што яна мае такую сілу, але ён спрабуе гэта прадэманстраваць. Ноч за ноччу на нашых тэлевізарах мы бачым яшчэ адну атаку на Кіеў. Затым на наступную раніцу — уварванне ў Эстонію, уварванне ў Фінляндыю (гаворка ідзе пра парушэнне паветранай або марской прасторы) і гэтак далей. Я думаю, што ён стварае ўражанне, што мае вялікую ваенную моц, а на самой справе не мае, і ён гэта ведае», — лічыць Дон Туіг.
* * *
З'яўленне «зялёных чалавечкаў» на мяжы РФ і Эстоніі з'яўляецца падрыхтоўкай Крамлём інфармацыйна-псіхалагічнага плацдарму для верагоднай будучай вайны з NATO, лічаць эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Увечары ў пятніцу, 10 кастрычніка, урад Эстоніі часова перакрыў участак дарогі паблізу дзяржаўнай мяжы паміж Расіяй і Эстоніяй пасля таго, як эстонскія памежнікі заўважылі ў гэтым раёне групу вайскоўцаў РФ без апазнавальных знакаў. Кіраўнік Паўднёвай прэфектуры Эстонскай паліцыі і пагранічнай службы Меэліс Саарэпуу 11 кастрычніка паведаміў, што па характары формы вайскоўцаў, выяўленыя асобы не былі расійскімі памежнікамі. У Федэральнай пагранічнай службе РФ інцыдэнт назвалі «штатнымі мерапрыемствамі».
12 кастрычніка міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Тсахкна заявіў, што расійскія войскі дзейнічаюць «крыху больш рашуча і прыкметна, чым раней», але ён назваў перабольшаннем паведамленні, што сітуацыя на мяжы становіцца ўсё больш напружанай.
У ISW нагадваюць, што паведамленні пра групу расійскіх вайскоўцаў паблізу тэрыторыі Эстоніі з'явіліся на фоне парушэння ваеннымі самалётамі РФ паветранай прасторы Эстоніі 7 і 19 верасня. Акрамя таго, Расія нядаўна ўзмацніла свае схаваныя і адкрытыя атакі супраць Еўропы.
На думку аналітыкаў, РФ уступіла ў так званую «Фазу нуль» — этап фармавання інфармацыйна-псіхалагічных умоў як падрыхтоўчай стадыі перад пачаткам верагоднай адкрытай вайны з краінамі NATO ў будучыні.
«Гэтая падзея з'яўляецца першым выпадкам, калі ISW назірае "зялёных чалавечкаў", што дзейнічаюць паблізу дзяржавы NATO ў рамках кампаніі "Фаза нуль"», — адзначае ISW.
Phase Zero («Фаза нуль») —этап фарміравання інфармацыйна-псіхалагічных умоў) — паняцце ў ваеннай стратэгіі ЗША і NATO, якое апісвае падрыхтоўчую стадыю перад пачаткам адкрытых баявых дзеянняў. Гаворка ідзе пра перыяд, калі праціўнік яшчэ не ваюе фізічна, але ўжо стварае неабходныя ўмовы для будучай аперацыі — найперш праз інфармацыйны, палітычны, эканамічны і псіхалагічны ўплыў.
На гэтым этапе «падрыхтоўкі асяроддзя» дзяржава або кааліцыя:
- распаўсюджвае наратывы ў СМІ для апраўдання будучых дзеянняў;
- уплывае на грамадскую думку ў мэтавых краінах;
- праводзіць кібератакі, дэзінфармацыйныя кампаніі, эканамічны і псіхалагічны ціск;
- дэстабілізуе палітычныя сістэмы або аслабляе давер да ўлады;
- стварае ўмовы, пры якіх адкрытыя ваенныя дзеянні будуць выглядаць «непазбежнымі» або «апраўданымі».
Расія актыўна выкарыстоўвала Phase Zero перад уварваннем ва Украіну ў 2014 і 2022 гадах праз прапаганду, фэйкі пра «прыгнёт рускамоўных», кібератакі і палітычную дэстабілізацыю.