Як пабудаваць планы, якім не наканавана спраўдзіцца
Такое ўражанне, што дажджамі ў Беларусі змыла не толькі вуліцы ў Мінску, але і ўсе цікавыя навіны. Тое, што адбывалася на гэтым тыдні — гэта будаўніцтва планаў, далёкіх ад увасаблення ў жыццё. Зрэшты, калі-некалі можна ж і памарыць, ці не так?

Фота: Pravda Komsomolskaya/Globallookpress
У чарговы раз Лукашэнка запатрабаваў знайсці ў Беларусі нафту, газ, вуглевадароды і наогул розныя мінеральныя запасы. Ён заклікаў больш актыўна весці разведку новых радовішчаў: «Гэта не толькі нафта і газ. Гэта і іншыя нашы запасы мінеральныя». На яго думку, план геолагавыведчых прац, які падрыхтаваў урад, надзвычай зацягнуты — да 2030 года. «Я дакладна ведаю, што тут у нас ёсць рэзервы. Таму трэба не разгойдвацца, як казаў вядомы персанаж, а свідраваць і свідраваць» — заявіў Лукашэнка.
Нагадаем, што знайсці ў Беларусі нафту і газ Лукашэнка патрабуе цягам многіх гадоў. Аднак, нягледзячы на яго пастаянныя патрабаванні, цуду ў краіне пакуль не здарылася, і яму давялося выслухаць тлумачэнні больш кампетэнтных асоб аб працэсах геолагавыведкі. А працэсы гэтыя ў нашым рэгіёне такія, што можна знайсці тую ж самую нафту, але здабываць яе будзе нерэнтабельна. Таму: у Беларусі ёсць нафта — з гэтым ніхто не спрачаецца. Але вось буйных яе радовішчаў — няма, як ты не фантазіруй.
І Лукашэнку давялося гэта праглынуць.
Практычна тое ж самае здарылася і з паслом Беларусі ў КНР Аляксандрам Чарвяковым, які ў інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню распавёў, чаму Кітай не так актыўна, як хацелася б, купляе беларускую прадукцыю. Паводле слоў пасла, «Кітай — вельмі складаны рынак з высокай канкурэнцыяй, і тут трэба выходзіць з таварамі сусветнай якасці». Кітайцы любяць нашу прадукцыю, але мы недапрацоўваем у частцы ўпакоўкі і наогул у частцы інфраструктуры, таму што «для таго, каб аб'ём быў, нам неабходная адпаведная інфраструктура продажаў і падтрымкі экспарту на тэрыторыі Кітая. Таму што кітайскі спажывец хоча сёння і цяпер. Чакаць, што тавар прыйдзе праз месяц, — гэта не пра Кітай», — адзначыў Чарвякоў.
Гэта значыць, Чарвякоў пацвярджае тое, пра што мы паўтаралі пастаянна — у сучасных умовах галоўнае не толькі вырабіць, але і прадаць тавар. І калі з вытворчасцю ў нас больш-менш нармальна — яшчэ выязджаем на савецкіх традыцыях якасці, — то з продажам вялікія пытанні.
Дарэчы, пра вытворчасць. Беларускія аграрыі на гэтым тыдні намалацілі першы мільён тон збожжа новага ўраджаю. Паводле інфармацыі Мінсельгасхарча, атрымана 1,009 млн т збожжа па сярэдняй ураджайнасцю 40,9 ц/ га, што на 6% больш, чым летась.
На 23 ліпеня збожжавыя і зернебабовыя культуры без кукурузы, грэчкі і проса ўбраны з 12,4% плошчаў. Летась першы мільён тон быў намалочаны 12 ліпеня.
Дарэчы, калі супаставіць першы мільён тон збожжа і 12,4% апрацаваных плошчаў, стане зразумела, што, нягледзячы на 6% больш сярэдняй ураджайнасці, мы зноў не выйдзем на ўзровень 10 млн.тон зерневых. Калі 1 млн тон — гэта 12,4% плошчаў, то на 100% плошчаў мы атрымаем прыкладна 8 млн тон зерня. Таму, каб выйсці на 10 млн тон, зноў да збожжавых прыйдзецца дадаваць рапс, які, увогуле, крыжакветкавы.
Глядзіце таксама

Працягваецца эпапея з адпраўкай у Беларусь 150 тысяч пакістанцаў. Нагадаем, што Беларусь, якая адчувае «востры недахоп кваліфікаванай і паўкваліфікаванай працоўнай сілы», прапанавала працаўладкаваць да 150 тысяч пакістанцаў. Аднак тут жа паўсталі пэўныя сумневы ў тым, што гэтыя пакістанцы застануцца ў Беларусі, а не ірвануць на захад па вядомай у свеце схеме «мігранцкага крызісу».
Для таго каб гэтага не адбылося, Бюро па эміграцыі і замежнай занятасці Пакістана прапануе пакістанцам падпісваць абавязацельства пра тое, што адпраўленыя ў Беларусь выканаюць працоўны кантракт і не будуць удзельнічаць у нелегальнай міграцыі.
«А калі не, то што?» — спытаеце вы. Калі пакістанец парушыць гэта абавязацельства? То тады парушальнікаў будуць уносіць у «чорны спіс» для замежнага працаўладкавання!
Думаю, калі грамадзянін Пакістана трапіць праз Беларусь у Еўропу, яму будзе глыбока пляваць і на пакістанскае бюро занятасці, і на іх «чорны спіс».
Зрэшты, нязбытныя планы — гэта нашае ўсё. Памятаеце, напрыклад, як у Расіі масава гарэлі беларускія аўтобусы МАЗ? Асабліва ў Санкт-Пецярбургу? Намеснік гендырэктара МАЗ Аляксандр Ігнацюк зусім не засмучаны гэтым фактам, і лічыць, што расійцы купяць палову выпушчаных прадпрыемствам аўтобусаў.
«Што тычыцца пасажырскай тэхнікі, напрыклад, шмат хто ведае, што мы ў гэтым годзе ўвялі ў эксплуатацыю новы цэх аўтобуснага завода, і ў нас у гэтым годзе задача — вырабіць 2300 адзінак пасажырскай тэхнікі, больш за палову з яе пойдзе ў Расійскую Федэрацыю, ну ці каля паловы», — заявіў ён у інтэрв'ю СТВ.
Другая палова, паводле яго, будзе рэалізаваная на беларускім рынку.
Гэта значыць, паводле Ігнацюка, Расія павінна набыць 1150 аўтобусаў МАЗ за 4 месяцы, якія засталіся да канца гэтага года.
А ведаеце, колькі аўтобусаў МАЗ Расія купіла за мінулыя паўгода?
Паводле інфармацыі расійскага агенцтва «АСМ-Холдынг», у першым паўгоддзі МАЗ рэалізаваў у Расіі 132 аўтобусы. Гэта значыць, прыкладна ў 10 разоў менш, чым Ігнацюк разлічвае ўпіхнуць РФ у другім паўгоддзі.
Ці атрымаецца ў яго, як лічыце?