«Расія сапраўды адчула боль» — эксперты пра санкцыі Трампа

Экспертная супольнасць працягвае ацэньваць страты Расіі з-за санкцый ЗША супраць Луклойла і Раснафты. Некаторыя нават пішуць, што гэта можа прывесці да «наменклатурнага перавароту» ў Крамлі. А камандаванне арміі РФ працягвае хлусіць Пуціну пра поспехі на фронце. Ідуць 1342-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

347903d9_7d56_493b_b7f3_a47e5f239a9b_w1200_r1.jpg

Агулам цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксаваны 124 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 27 кастрычніка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 34 штурмавыя дзеянні расіян у раёнах Радзінскага, Мірнаграду, Чырвонага Ліману, Лісоўкі, Удачнага, Новаэканамічнага, Зверава, Котліна, Маладзецкага і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы атакавалі 18 разоў паблізу Ваўчанска, Каменкі, Строеўкі і ў кірунку Балогаўкі і Двурэчанскага.

На Канстанцінаўскім і Александраўскім кірунках зафіксавана па 14 атак расіян на кожным.

На Купянскім і Славянскім кірунках адбылося па дзевяць баявых сутыкненняў на кожным. 

* * *

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і начальнік Генеральнага штаба Расіі генерал арміі Валерый Герасімаў працягваюць перабольшваць свае перамогі на полі бою, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Герасімаў заявіў — вельмі верагодна ілжыва — што расійскія войскі акружылі да 5500 украінскіх вайскоўцаў на Пакроўскім кірунку і заблакавалі групу з 31 украінскага батальёна ў раёне Пакроўска і Мірнаграда (на ўсход ад Пакроўска). Герасімаў таксама заявіў, што расійская Заходняя групоўка войскаў акружыла Купянск, захапіла больш за 70 працэнтаў Ваўчанска, і цалкам — Дронаўку і Плешчыеўку.

ISW не знайшоў доказаў, якія пацвярджаюць заявы Герасімава. Інстытут ацэньвае, што расійскія войскі кантралююць прыкладна 23% Ваўчанска, і адзначае, што плошча Дронаўкі складае менш за шэсць квадратных кіламетраў, а Плешчыеўкі — менш за чатыры квадратныя кіламетры.

Расійскія ваенныя блогеры заявілі, што Герасімаў хлусіць, і што расійскія войскі не акружалі ўкраінскія сілы ў Купянску і Пакроўску. Адзін з мілблогераў заявіў, што паміж расійскімі групоўкамі, якія дзейнічаюць на захад і поўнач ад Пакроўска, існуе шматкіламетровы калідор. Мілблогеры ўказалі на пранікальнасць фронту, а ўкраінскія сілы часта захоўваюць пазіцыі ў населеных пунктах, якія, па сцвярджэннях расійскіх крыніц, захапілі расійскія войскі.

ISW адзначае, што геалакацыйныя кадры ад 26 кастрычніка паказваюць, што ўкраінскія сілы займаюць пазіцыі на ўсход ад Пясчанага (паўднёвы ўсход ад Купянска), — раёна, у якім, па заявах расійскіх крыніц, расійскія сілы захоўвалі пазіцыі.

Геалакацыйныя кадры ад 25 кастрычніка паказваюць, што ўкраінскія сілы займаюць пазіцыі на ўсход ад Капанак (на ўсход ад Баравой), раёна, пра які расійскія крыніцы заяўлялі, што там знаходзіцца армія РФ.

Геалакацыйныя кадры ад 26 кастрычніка паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся ўздоўж трасы Ліман — Дружалюбаўка O0526 на поўнач ад Ставак (на поўнач ад Лімана).

Геалакацыйныя кадры ад 25 і 26 кастрычніка сведчаць, што расійскія войскі прасунуліся ў паўночнай частцы Дронаўкі (на паўночны захад ад Сіверска) і на паўднёвы ўсход ад Сіверска.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 26 кастрычніка, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на паўночны захад ад Русінага Яру (на поўдзень ад Дружкоўкі) падчас нядаўняй узмоцненай механізаванай атакі.

Геалакацыйныя кадры ад 25 кастрычніка паказваюць, што расійскія войскі наносяць удар па ўкраінскіх войсках у паўночнай частцы Шчарбінаўкі, што ISW ацэньвае як місію пранікнення, якая не прасунула пярэдні край зоны баявых дзеянняў.

Геалакацыйныя кадры ад 26 кастрычніка сведчаць, што ўкраінскія сілы нядаўна прасунуліся на паўночны ўсход ад Новага Шахава (на ўсход ад Дабраполля). Расійскі мілблогер заявіў 26 кастрычніка, што ўкраінскія сілы прасунуліся на выступе Дабраполля з захаду.

* * *

Вайскоўцы 425 асобнага штурмавога палка Украіны вызвалілі вёску Ягораўка на Александроўскім кірунку ад расійскіх войскаў. Адпаведнае відэа апублікаваў СтратКам Узброеных сіл Украіны. Як адзначаецца, удалося знішчыць дзясяткі расіян у самой вёсцы і на подступах да яе. У цяперашні час расійскія салдаты ў Ягораўцы адсутнічаюць.

* * *

Расійскія войскі нанеслі ўдары дронамі па аб'ектах транспартнай інфраструктуры на Чарнігаўшчыне, часова адмененае прыгараднае чыгуначнае злучэнне Сноўск — Бахмач.

Увечары 26 кастрычніка расійскія ваенныя здзейснілі як мінімум пяць атак з дапамогай дронаў у Запарожскім раёне. У выніку больш за 1700 гаспадарак засталіся без электразабеспячэння, паведаміў кіраўнік Запарожскай АВА Іван Фёдараў. Па яго даных, ахвяр ці пацярпелых няма.

Па даных расійскіх паблікаў і СМІ, з-за атакі дронаў у Маскве і Маскоўскай вобласці раздаваліся выбухі. Пасля поўначы 27 кастрычніка «Расавіяцыя» паведаміла пра спыненне працы маскоўскіх аэрапортаў «Дамадзедава» і «Жукоўскі».

У Мінабароны Расіі заявілі, нібыта іх СПА мінулай ноччу перахапіла і знішчыла 193 «ўкраінскія беспілотнікі«, 34 з якіх нібыта «ляцелі на Маскву».

* * *

574058778_1175891818057228_3178499650955683799_n.jpg

* * *

Міністр фінансаў ЗША Скот Бесент заявіў, што спецпрадстаўнік Уладзіміра Пуціна Кірыл Дзмітрыеў з'яўляецца расійскім прапагандыстам, які памылкова ацэньвае наступствы санкцый ЗША для расійскай эканомікі. Пра гэта ён заявіў у эфіры CBS News.

Вядучая Маргарэт Брэнан у размове сказала, што ЗША ўвялі санкцыі супраць вядучых нафтагазавых кампаній РФ, тады як Дзмітрыеў сцвярджае, што яны «ніяк не паўплываюць на эканоміку РФ».

«Маргарэт, вы сапраўды маеце намер цытаваць тое, што кажа расійскі прапагандыст? Што ён яшчэ скажа — што гэта жудасна і прымусіць Пуціна сесці за стол перамоваў?» — спытаў Бесент.

«Лічу, што РФ адчуе ўдар адразу. Магу заявіць, што Індыя ўжо цалкам спыніла закупкі расійскай нафты, тады як многія кітайскія нафтаперапрацоўчыя заводы спыніліся», — сказаў кіраўнік Мінфіну ЗША.

Бесент дадаў, што рост расійскай эканомікі ваеннага часу практычна нулявы, пры гэтым інфляцыя перавышае 20%. Ён акцэнтаваў увагу, што дзеянні ЗША накіраваны на тое, каб прымусіць Пуціна сесці за стол перамоваў. Па яго перакананні, санкцыі ЗША істотна скароцяць даходы эканомікі РФ.

* * *

Эканамічныя праблемы, выкліканыя вайной супраць Украіны, якія выклікаюць незадаволенасць насельніцтва, узмацнілі страхі кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна адносна магчымага дзяржаўнага перавароту, піша The Telegraph.

ЕС і ЗША ўводзяць новыя санкцыі, бізнес паралізаваны высокімі працэнтнымі стаўкамі, дзяржаўны доўг расце, адначасова міністр эканамічнага развіцця Максім Рашэтнікаў папярэджвае, што эканоміка знаходзіцца «на мяжы рэцэсіі». Па прагнозе расійскага Мінфіна, дэфіцыт бюджэту Расіі ў 2025 годзе можа дасягнуць 2,6% ВУП ці 5,7 трлн рублёў, што ў пяць разоў перавышае планавы ўзровень 0,5%. Запасы Фонду нацыянальнага дабрабыту скараціліся ўдвая: з амаль 10 трлн рублёў да 4,2 трлн рублёў. Для пакрыцця дэфіцыту ўлада вымушана павышаць падаткі. З пачатку вайны інфляцыя перавысіла 40% нават па даных Расстата.

Сітуацыю пагаршае залежнасць ад Кітая, якая расце, і заходнія санкцыі. Кітай і Індыя, галоўныя пакупнікі расійскай нафты, скарацілі імпарт, што пагражае Крамлю падзеннем валютных даходаў.

«Упершыню за 3,5 гады Расія сапраўды адчула боль», — кажа Цімаці Эш, навуковы супрацоўнік аналітычнага цэнтра Chatham House. Па яго ацэнцы, у Крамлі «наспявае паніка». Асяроддзе Пуціна шукае выхад праз дыскрэдытацыю апазіцыі, каб «паказаць, што Захад спрабуе раскалоць Расію», — адзначае Анджэла Стэнт, ганаровая дырэктарка Цэнтра еўразійскіх, расійскіх і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Джорджтаўнскага ўніверсітэта.

Пуцін раней ужо сутыкаўся са спробамі пераваротаў. У чэрвені 2023 года заснавальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын узначаліў бунт і адправіў танкі на Маскву з-за даўняга канфлікту з Мінабароны. Нягледзячы на правал, бунт засведчыў нестабільнасць рэжыму Пуціна, лічаць эксперты.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагадзіўся з тым, што адзіны прымальны для Украіны кампраміс — гэта спыненне баявых дзеянняў па той лініі фронту, якая існуе цяпер, лічыць прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Зяленскі ў тэлефоннай размове з вядучай «ТСН Тыдзень» Алай Мазур у адказ на пытанне, ці сапраўды адбыўся пералом у пазіцыі Трампа, і ці зразумеў прэзідэнт ЗША непрымальнасць здачы Украінай сваёй тэрыторыі, сказаў, што Трамп пакуль пагадзіўся з украінскім бачаннем кампрамісу.

«Трамп сапраўды пагадзіўся, што ўкраінскі кампраміс — гэта спыненне агню па лініі фронту», — адзначыў Зяленскі.

Прэзідэнт Украіны адзначыў, што Трамп не проста так увёў санкцыі супраць Расіі. На пазіцыю амерыканскага прэзідэнта паўплывала не толькі жаданне ўрэгуляваць вайну ва Украіне, але і ўдар па дзіцячым садзе ў Харкаве, не здольнасць Пуціна дасягнуць поспехаў на фронце і дэструктыўныя заявы Крамля.

Зрэшты, Трамп, мяркуючы па ўсім, усё яшчэ трымае для Пуціна «перамоўнае акно». У расійскага дыктатара ўсё яшчэ ёсць шанец пагадзіцца на мірныя перамовы.