З-за санкцый Трампа Расія патэнцыйна недаатрымае каля 100 мільярдаў долараў
Пры ўмове належнага выканання санкцыйных абмежаванняў, Расія можа страціць 60–70% свайго экспарту і ў Індыю, і ў Кітай, альбо як мінімум $5 млрд штомесячна. Пры гэтым цяпер Расія зарабляе каля 10 млрд нафтадолараў у месяц. А ў ЗША размаўляюць пра іншыя санкцыі ў дачыненні да РФ. Ідуць 1341-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Агулам за мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 181 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 26 кастрычніка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 76 штурмаў расіян паблізу Шахава, Уладзіміраўкі, Панкоўкі, Маяку, Сухога Яру, Зверава, Радзінскага, Мірнаграду, Новаэканамічнага, Чырвонага Ліману, Новапаўлаўкі, Лісоўкі, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Філіі, Дачнага.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 22 атакі ў раёнах Александра-Шультынага, Плешчыеўкі, Шчарбінаўкі, Русінага Яру.
На Аляксандраўскім кірунку расійцы атакавалі 21 раз паблізу Сасноўкі, Аляксееўкі, Новавасільеўскага, Стэпавага, Паддубнага, Вербава, Вішнёвага, Новагрыгораўкі, Паўлаўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку армія РФ правяла 12 атак каля Грэкаўкі, Сярэдняга, Навасёлаўкі, Зарэчнага, Торскага і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 11 разоў атакаваў у раёне Валчанска, Краснага Першага, Строеўкі і іншых.
* * *
На фронце цяпер прыкметнае абвастрэнне сітуацыі на трох кірунках, але байцы Нацгвардыі працягваюць стаяць на пазіцыях і ажыццяўляць штурмавыя дзеянні, заявіў у эфіры тэлемарафона кіраўнік НГУ Аляксандр Піўненка.
«Мы знаходзімся ў вострай фазе: Купянскі, Пакроўскі, Ліманскі кірункі. Але скажу за ваеннаслужачых Нацыянальнай гвардыі — мы стаім на пазіцыях, выконваем штурмавыя дзеянні» — заявіў Піўненка.
Паводле яго, асобныя атрады цяпер працуюць на Пакроўскім і Купянскім кірунках, прычым на апошнім маюць поспехі. Таксама вядома, што пад Мірнаградам украінскія войскі стабілізавалі сітуацыю і адкінулі расіян, якія ўжо перайшлі ў абарону.
* * *
Падраздзяленні 82-й асобнай дэсантна-штурмавой Букавінскай брыгады Дэсантна-штурмавых войскаў Узброеных Сіл Украіны вызвалілі населены пункт Сухецкае ў Пакроўскім раёне Данецкай вобласці, паведаміў Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны.
* * *
У выніку атакі расійскіх беспілотнікаў у Кіеве тры чалавекі загінулі, яшчэ 29 пацярпелі, сярод іх сем дзяцей. Абломкі дронаў упалі на шматпавярховыя жылыя дамы, пашкодзіўшы кватэры і канструкцыі. Працягваюцца работы па разборы завалаў.
У суботу ўвечары расіяне атакавалі адно з прадпрыемстваў Чарнігава – на тэрыторыі загарэўся аўтамабіль. Пацярпелых няма.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што не плануе сустракацца з кіраўніком РФ Уладзімірам Пуціным, пакуль не палічыць, што будзе дасягнута пагадненне аб спыненні вайны ва Украіне, паведаміў ён журналістам у Досе, піша Reuters.
«Вы павінны ведаць, што мы заключым пагадненне, я не збіраюся траціць свой час дарма», — сказаў Трамп.
Нагадаем, раней Трамп заявіў, што перадумаў сустракацца з Пуціным у Будапешце ў найбліжэйшай будучыні. Сам Пуцін, каментуючы заяву Трампа, сказаў пра яе «перанос».
* * *
Адміністрацыя Трампа падрыхтавала дадатковыя санкцыі супраць РФ на выпадак, калі кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін працягне адкладаць спыненне вайны ва Украіне. Але для пачатку ў ЗША чакаюць крокі ад Еўропы, піша Reuters.
Па словах амерыканскага чыноўніка і яшчэ адной крыніцы, некаторыя з дадатковых санкцый, падрыхтаваных ЗША, накіраваны супраць банкаўскага сектара Расіі і інфраструктуры, якая выкарыстоўваецца для паставак нафты на рынак.
На мінулым тыдні ўкраінскія афіцыйныя асобы звярнуліся да ЗША з прапановай аб новых санкцыях. Сярод канкрэтных вылучаных ідэй былі меры па адключэнні ўсіх расійскіх банкаў ад доларавай сістэмы з амерыканскімі аналагамі. Але пакуль незразумела, наколькі сур'ёзна разглядаюцца канкрэтныя просьбы Украіны.
Тым часам сенат ЗША таксама робіць крокі. Некаторыя заканадаўцы аднавілі спробы дамагчыся разгляду замарожанага двухпартыйнага законапраекта аб санкцыях.
Як сцвярджае крыніца, знаёмая з унутранай палітыкай адміністрацыі, Трамп гатовы падтрымаць пакет. Аднак крыніца папярэдзіла, што ў гэтым месяцы такое ўхваленне малаверагодна.
Цяпер ЗША чакаюць ціску на РФ з боку Еўропы. З іншага боку, «Трамп, верагодна, возьме паўзу на некалькі тыдняў, каб ацаніць рэакцыю Расіі на абвешчанае ў сераду ўвядзенне санкцый», — піша агенцтва, маючы на ўвазе санкцыі супраць Лукойла і Раснафты.
Акрамя гэтага ЗША падтрымліваюць выкарыстанне Еўрасаюзам замарожаных актываў РФ для закупкі амерыканскай зброі для Украіны. Вашынгтон таксама пачаў унутраныя перамовы аб выкарыстанні расійскіх актываў, якія знаходзяцца ў ЗША, для падтрымкі ваенных намаганняў Украіны.
* * *
З-за санкцый супраць Раснафты і Лукойла Расія патэнцыйна недаатрымае каля 100 мільярдаў долараў, лічыць упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк.
Ён канстатаваў, што санкцыі супраць Раснафты і Лукойла ўвялі Вялікабрытанія і ЗША. У той жа час Еўрасаюз увёў абмежаванні толькі супраць першага прадпрыемства. «Гэта патэнцыйна азначае каля $100 млрд у год недаатрыманых даходаў. Мы чакаем, што пры ўмове належнага выканання адпаведных санкцыйных абмежаванняў, Расія страціць не менш за 60–70% свайго экспарту і ў Індыю, і ў Кітай», — сказаў Уласюк.
Паводле яго, гэта будзе азначаць як мінімум $5 млрд штомесячных страт даходу. «Гэта балюча, гэта шмат. Для параўнання, цяпер Расія зарабляе каля $10 млрд у месяц», — удакладніў чыноўнік, дадаўшы, што страты складуць амаль палову нафтадоларавых даходаў.
Уласюк падкрэсліў, што Украіна хоча большага, акрамя санкцый супраць Раснафты і Лукойла, і ўжо «ёсць ідэі». Ён выказаў надзею, што амерыканцы не спыняцца на нафтавай сферы, а «зазірнуць» і ў фінансавую.
* * *
Вытворчасць украінскіх дронаў-перахопнікаў OCTOPUS будзе адбывацца ў Вялікабрытаніі, а прымяняць іх будуць ужо ва Украіне. Пра гэта заявіў сакратар СНБА Украіны Рустэм Умераў у эфіры Мы-Украіна.
Брытанскі бок вырабіць для Кіева тэставую партыю дронаў-перахопнікаў OCTOPUS у 1000 адзінак, але затым вытворчасць маштабуюць да неабходнай колькасці.
«Софтвер (ад англ. software — праграмнае забеспячэнне) наш і хардвер (ад англ. hardware — апаратнае забеспячэнне) наш. Вялікабрытанія разам з намі працавала над гэтым праектам, і цяпер мы будзем вырабляць гэтыя першыя партыі на базе іх дзяржаўных цэнтраў. Пасля вырабу і тэсціравання будзе баявое прымяненне ўжо ва Украіне», — сказаў сакратар СНБА.
OCTOPUS стане першым украінскім баявым дронам, які серыйна будзе вырабляцца ў краіне NATO.