«Гэта з бульбай у краіне бывае дэфіцыт, а дэфіцыту ўнутраных ворагаў яшчэ ні разу не было»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» расказвае пра тое, як краіна з кіраўніком-калгаснікам раз за разам прайграе ў прадуктовай вайне. І ўвесь час у гэтым было вінаватае што заўгодна і хто заўгодна. Толькі не тыя, хто штораз прайграе ў «бітве за ўраджай». Але цяпер знойдуцца новыя вінаватыя.

Карыкатура з dzen.ru
Вайна збожжавая пачалася ў нас. Сёй-той афіцыйна абвясціў ураджаю вайну. Так і сказаў: «У бой, мужыкі». Ну, як ён кажа кожны год. Таму што, калі ўраджай не здаецца — яго знішчаюць. А беларускі ўраджай ніколі не здаецца.
Летась ад ураджаю запатрабавалі кантрыбуцый на 11 мільёнаў тон збожжа. Сабралі 8,6 мільёна тон. І гэта калі лічыць разам з рапсам. Хоць рапс лічыць наогул нельга. Таму што рапс адносіцца да мірнага сямейства крыжакветкавых. Таму браць рапс у палон Жэнеўская канвенцыя не дазваляе. А калі лічыць без рапсу, то збожжа летась сабралі 7,7 мільёна тон.
Пазалетась ад ураджаю таксама патрабавалі 11 мільёнаў тон збожжа. Сабралі 7,7 мільёнаў. І гэта ўжо разам з рапсам. І ў 2022-м патрабавалі, і ў 2023-м. А колькі сабралі я табе нават саромеюся сказаць.
Бліжэй за ўсё да поўнай і безумоўнай перамогі над ураджаем былі ў 2020 годзе. Тады сабралі 10,3 мільёна тон. Прычым, што характэрна, сумленнага збожжа. Але да поўнай і безумоўнай перамогі ўсё роўна не дацягнулі.
Таму што бітва за ўраджай заўсёды пачынаецца з таго, што ад ўраджаю патрабуюць 11 мільёнаў тон збожжа кантрыбуцый. Потым здараюцца непераадольныя ўмовы надвор'я. Спякота ці холад, дождж або засуха. Часам вецер, або, для разнастайнасці, скажам, град.
І тут высвятляецца, што ніякія 11 мільёнаў ніхто ніколі збіраць не збіраўся. А збіраўся сабраць прыкладна так сем-восем. Потым Мінсельгасхарч аб'яўляе аб сваёй поўнай і безумоўнай перамозе і паўзе залізваць нанесеныя ураджаем маральныя траўмы. А потым прыходзіць Белстат і ўсё псуе. Таму што высвятляецца, што абяцаныя сем-восем таксама не сабралі.
Таму сёлета ад ураджаю зноў запатрабавалі поўнай і безумоўнай капітуляцыі і 11 мільёнаў тон збожжа ў прыдачу.
Таму што калі не атрымалася летась і пазалетась і наогул ніколі, то сёлета трэба зноў паспрабаваць. Жалезная, я лічу, логіка.
Хоць умовы надвор'я сёлета сапраўды не асабліва спрыяльныя. З-за гэтых умоў надвор'я вытворчасць ежы ў чэрвені ў нас ужо ўпала амаль на 8 працэнтаў.
Таму сёй-той сказаў, каб пра неспрыяльныя прыродныя ўмовы яму нават не заікаліся. І што перамозе над ураджаем перашкаджаюць не прыродныя ўмовы, а ўнутраныя ворагі. Ну, таму што з прыроднымі ўмовамі змагацца не атрымліваецца, а ўнутраных ворагаў заўсёды можна знайсці. І калі нельга перамагчы ўраджай, то можна перамагчы хоць бы ўнутраных ворагаў.
Таму што, чаго іншага, а ўнутраных ворагаў у сяго-таго хапае. Доўга шукаць не трэба. Выйшаў на вуліцу, ткнуў пальцам у любога выпадковага чалавека і абавязкова высветліцца, што якую-небудзь стабільнасць ён дакладна падрывае. Калі не палітычную, дык хаця б харчовую.
Гэта з бульбай або ураджаем у краіне бывае дэфіцыт, а дэфіцыту ўнутраных ворагаў яшчэ ні разу не было з тых часоў, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу.