У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» літоўскую арганізацыю. Хронікі рэпрэсій 28 кастрычніка

У Беларусі «экстрэмісцкай арганізацыяй» прызналі літоўскую «Gero kaimyno agentūra, VšĮ». На беларускую назва арганізацыі перакладаецца як «Агенцтва добрасуседства, дзяржаўная ўстанова». Адпаведнае рашэнне было прынятае Вярхоўным судом Беларусі 24 кастрычніка.

1_1097_1.png

Паводле інфармацыі «Вясны», прызнанне «Gero kaimyno agentūra, VšĮ» «экстрэмісцкай арганізацыяй» звязана з пераследам людзей па справе «дваровых чатаў» — яна мае дачыненне да «экстрэмісцкага фармавання» «Ордэн», куды ўваходзіць шэраг дваровых чатаў.

«Gero kaimyno agentūra, VšĮ» была афіцыйна зарэгістраваная, таму яе прызнавалі «экстрэмісцкай арганізацыяй» праз Вярхоўны суд.

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У яго трапілі сайты «partisanresults.cоm», «belarus2020.оrg», а таксама старонка ў TikTok «volyabela».

Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю на завочны прысуд саўладальніку Wargaming Мікалаю Кацалапаву

Прысуд пакінуты без зменаў, а апеляцыйная скарга без задавальнення.

Нагадаем, Мікалая Кацалапава завочна асудзілі да 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама прызначылі штраф у памеры 50 тысяч базавых велічыняў (2 мільёны 100 тысяч рублёў).

Раней прапагандысты паведамлялі, што Кацалапаў нібыта зрабіў «дзясяткі пераводаў у крыптавалюце» на «сотні тысяч даляраў» у розныя «экстрэмісцкія» ініцыятывы. У студзені 2023 яго ўнеслі ў спіс «тэрарыстаў».

Студэнта БДЭУ адлічылі за тое, што ён стаяў спінай да сцяга на лінейцы

Трэцякурсніка БДЭУ Кірыла ў верасні выключылі з ВНУ. Паводле яго слоў — з-за таго, што ён стаяў спіной да дзяржсцяга, піша «Люстэрка»

Дамову на навучанне з ім скасавалі за парушэнне правілаў унутранага распарадку БДЭУ, «якое выказалася ў здзяйсненні дзеянняў, за якія заканадаўствам прадугледжана адміністрацыйная або крымінальная адказнасць».

Па словах Кірылы, яго выключылі з-за відэа з лінейкі на 1 верасня, дзе ён стаяў паміж дзвюма дзяўчатамі і рухаўся пад гімн Беларусі. Ролік нібы дайшоў да Мінадукацыі, і там убачылі «непавагу да дзяржсімвалаў», бо тройца стаяла спінай да сцяга. Раней у хлопца былі акадэмзапазычанасці і спагнанне, а відэа стала падставай для другога спагнання і адлічэння.

Экс-студэнт паведаміў, што звязаўся з адвакатам, той сказаў, што выключэнне было неправамерным, бо ў відэа няма «непавагі да дзяржсімвалаў». Кірыл звярнуўся ў Мінадукацыі — там адказалі, што ўсё правамерна.

Выкладчыцы Гомельскага медуніверсітэта прысудзілі калонію па шасці палітычных артыкулах

Галіне Латугоўскай 47 гадоў. Яна гамяльчанка. Пасля сканчэння ўніверсітэта працавала выкладчыцай.

Апошнія гады Галіна працавала на кафедры агульнай і біяарганічнай хіміі Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Таксама трэніравала людзей да паступлення на факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі.

Галіну асудзілі ў 2025 годзе ў Гомельскім абласным судзе па шасці артыкулах: «уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання» (ч. 3 арт. 361‑1 КК), «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 1 і ч. 2 арт. 367 КК), «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369‑1 КК).

Латугоўскай пагражала да сямі гадоў калоніі. Вядома, што прысуд звязаны з пазбаўленнем волі, цяпер яна за кратамі, піша «Наша Ніва».